Tribuna/Адзінаборствы/Блогі/Беларусы выдалі найгоршы ЧС па муайтай (хоць і раней было дрэнна). Напярэдадні ж экс-трэнер зборнай расказваў, як без нас прасеў узровень турніру

Беларусы выдалі найгоршы ЧС па муайтай (хоць і раней было дрэнна). Напярэдадні ж экс-трэнер зборнай расказваў, як без нас прасеў узровень турніру

Да таго праваліліся ў боксе.

Аўтар — bytribuna com
11 траўня 2023, 11:59
Беларусы выдалі найгоршы ЧС па муайтай (хоць і раней было дрэнна). Напярэдадні ж экс-трэнер зборнай расказваў, як без нас прасеў узровень турніру

5 траўня ў Бангкоку стартаваў 30-ы чэмпіянат свету па тайскім боксе. Пытанне ўдзелу беларусаў і расіян у планетарным турніры вырашылі паўгода таму, калі ў снежні Міжнародная асацыяцыя тайскага бокса (IFMA), прыкрыўшыся заявай кіраўніка МАК Томаса Баха, што спорт па-за палітыкай, дазволіла спартсменам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у сваіх спаборніцтвах у 2023 годзе.

Гэтае рашэнне мала каго здзівіла. Па-першае, кіраўнік IFMA Сакчай Тапсуван прыязна ставіцца да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Па-другое, у жніўні 2022-га асацыяцыя ўжо дапусціла беларусаў і расіян на юнацкі ЧС. Тады справа ледзь не дайшла да дазволу выкарыстоўваць дзяржаўныя сцягі і гімны агрэсараў. Зборная Украіны ў знак пратэсту адмовілася выступаць на турніры.

Аналагічным чынам сітуацыя развівалася і на травеньскім дарослым ЧС. Вось толькі ўкраінскі бок накіраваў у IFMA ліст, у якім заявіў пра байкот усіх спаборніцтваў пад эгідай асацыяцыі, пакуль там будуць выступаць прадстаўнікі Беларусі і Расіі.

За месяц да старту ЧС беларускія функцыянеры пачалі актыўна выказвацца пра турнір. У прыватнасці, старшыня Беларускай федэрацыі кікбоксінга і тайландскага бокса Юрый Караеў (гэта лукашэнкаўскі сілавік, які быў так званым кіраўніком МУС падчас выбараў-2020) расказваў, што атрымаў афіцыйнае запрашэнне на спаборніцтвы, «але ёсць звесткі, дзе нам будуць намякаць, каб мы добраахвотна адмовіліся [ад удзелу]».

Неўзабаве выступіў былы галоўны трэнер зборнай Беларусі Міхаіл Сцяпанаў. На яго думку, "без удзелу расіян і беларусаў [сусветныя] чэмпіянаты сталі вельмі сціплымі". Ды і наогул "увесь патэнцыял быў у нашай краіне, у Беларусі, у якой усё і пачыналася, і кікбоксінг, і тайскі бокс".

Гэты пафас выглядае асабліва камічна пасля старту спаборніцтваў.

На сам ЧС зборныя Беларусі і Расіі адправіліся ў нейтральным статусе - замест нацыянальнасці ў іх значыцца IFMA2. У беларускую дэлегацыю ўвайшлі дзесяць спартоўцаў (сем мужчын і тры жанчыны) і па адным трэнеру, лекару, суддзі і менеджары для жаночай і мужчынскай каманд. Асобна варта адзначыць рэферы з Беларусі Кацярыну Рэут, якая паралельна займае пасаду дзяржаўнага трэнера і ўваходзіць у прэзідыум беларускай федэрацыі кікбоксінга і муайтай. Пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 на той момант начальніца каманды па ўсходніх адзінаборствах у Мінспорту ўдзельнічала ў ціску на спартсменаў. У прыватнасці, Рэут у гутарках з атлетамі называла падпісанне звароту супраць гвалту і за новыя выбары "здрадай Караеву і федэрацыі". Праз дзеянні чыноўніцы кар'еру ў зборнай Беларусі завяршыў трохразовы чэмпіён свету і шматразовы пераможца Кубка свету па кікбоксінгу Сяргей Скіба.

Што да выступленняў беларусаў у Бангкоку, то ЧС-2023 ужо можна назваць самым няўдалым у гісторыі каманды. Больш за палову зборнай вылецела пасля двух стартавых стадый. Сяргей Чарнецкі (да 71 кг), Міхаіл Якімовіч (U-23, да 60 кг) і Паліна Ламінская (U-23, да 63,5 кг) саступілі ў першых баях. Другі выхад у рынг стаў апошнім для Паўла Грышановіча (да 75 кг), Яўгена Федарынчыка (U-23, да 67 кг) і Нарымана Мамедава (U-23, да 71 кг). У чвэрцьфіналах былі бітыя Данііл Ярмоленка (да 60 кг) і Айхан Сафараў (U-23, да 91 кг). У паўфіналах выступілі толькі Марыя Белуш (да 75 кг) і Валерыя Хвацік (U-23, да 51 кг) - абедзьве саступілі, але атрымалі бронзавыя медалі.

Папярэдні ЧС, на якім выступала зборная Беларусі, таксама быў няўдалым, але крыху менш правальным. У 2021-м спартовыя служкі хваліліся, што каманда прывезла з Бангкока 35 медалёў. Праўда, гучна не ўдакладняючы, што 27 узнагарод было заваявана на юнацкім і маладзёжным узроўні. Дарослыя спартсмены ўзялі толькі восем узнагарод, абышоўшыся без золата.

«У Беларусі зараз тайскі бокс знаходзіцца ў далёка не найлепшым стане. Змены пакаленняў няма, спартсмены старой загартоўкі - гэта як раз толькі Кулебін і Варэц. А астатняе - гэта нават нельга назваць тайскім боксам. Больш падобна да кікбоксінга. Таму адназначна можна сказаць, што ў Беларусі цяпер банальна няма нармальнай зборнай, якая б змагалася за высокія вынікі. І мне крыўдна, што беларусы не ўзялі ніводнага золата», – казаў пасля ЧС-2021 шматразовы чэмпіёнам свету і Еўропы па муайтай Віталь Гуркоў.

Да старту ЧС па тайскім боксе турніры аналагічнага ўзроўню прайшлі ў баксёраў. Яшчэ ў кастрычніку 2022-га Міжнародная федэрацыя бокса (IBA), якую ўзначальвае расіянін Умар Крамлёў, анулявала адхіленне байцоў з Расіі і Беларусі ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай. Больш за тое, спартсменам з гэтых краін дазволілі выступаць з дзяржаўнай сімволікай. У сакавіку на жаночы чэмпіянат свету па боксе ў Нью-Дэлі адправілася беларуская зборная ў складзе шасці дзяўчат. Бронзу ў вазе да 52 кг заваявала падпісантка за Лукашэнку Юлія Апанасовіч - прайграла ў паўфінале будучай чэмпіёнцы свету Ву Ю з Кітая. За трэцяе месца прадстаўніца Беларусі атрымала ад арганізатараў 25 тысяч долараў прызавых (за золата належала ў чатыры разы больш).

Мужчыны-баксёры пачалі вызначаць найлепшых у Ташкенце 30 красавіка. На ЧС у знак пратэсту супраць удзелу беларусаў і расіян апроч зборнай Украіны адмовіліся прыязджаць спартоўцы з Вялікабрытаніі.

У склад беларускай зборнай увайшлі восем баксёраў. Пяцёра вылецелі ўжо пасля першага бою. Кірылу Самадураву (да 67 кг) і Аляксандру Радзівонаву (да 71 кг) удалося дайсці да 1/8 фіналу. Адзіным беларусам у чвэрцьфінале стаў падпісант праўладнага ліста Аляксей Алфёраў (да 80 кг), але далей ён не прасунуўся.

Ташкенцкі ЧС хоць яшчэ і працягваецца, але яго ўжо можна назваць правальным - беларусы не прывязуць ніводнай узнагароды. Нагадаем, на мінулым ЧС - восенню 2021-га ў Бялградзе - баксёры з Беларусі ўзялі два медалі: Алфёраў заваяваў срэбра, а Яўген Кармільчык - бронзу.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты