Tribuna/Футбол/Блоги/Ваўка ногі кормяць/Рускія разбамбілі стадыён у Чарнігаве – усяго 100 км ад нас, багата хто з белфутбола гуляў там, у Барысаве і Віцебску падобныя арэны

Рускія разбамбілі стадыён у Чарнігаве – усяго 100 км ад нас, багата хто з белфутбола гуляў там, у Барысаве і Віцебску падобныя арэны

Автор — Скай Волк
16 апреля 2022, 00:02
Рускія разбамбілі стадыён у Чарнігаве – усяго 100 км ад нас, багата хто з белфутбола гуляў там, у Барысаве і Віцебску падобныя арэны

Чарнігаў, які знаходзіцца літаральна за сто кіламетраў ад Гомеля, мае куды больш сувязі з Беларуссю, чым вы можаце думаць. Раней гамяльчане рэгулярна ганялі туды на рынак – ці проста адпачыць там на выходных. Мне падабаўся гэты ціхі і спакойны горад, у якім беражліва ставіліся да сваёй гісторыі – і дзякуючы гэтаму захавалі шмат помнікаў архітэктуры.

У 2022 годзе Чарнігаў разбураны на 70%.

Горад яшчэ трэба будзе аднаўляць пасля нападу расійскіх войскаў – у тым ліку стадыён імя Гагарына, які быў разбураны падчас абстрэлаў. Разбураны стадыён – дробязь у параўнанні з разбуранымі дамамі, школамі, лякарнямі ды радзільнымі дамамі. Але для мяне адгукаецца не менш, бо заўсёды ўспрымаеш блізка да сэрца тыя месцы, якія наведваў сам. Я бываў у Чарнігаве на футболе, і мне вельмі падабаўся гэты ўтульны, лямпавы і алдскульны стадыёнчык.

Тут усяго дзве трыбуны, таму ён нечым нагадвае барысаўскі «Гарадскі» – з той толькі розніцай, што ў Барысаве ёсць дах над галавой. Праўда, адзіная працоўная трыбуна ў Чарнігаве куды буйнейшая – вось яе можна параўноўваць з трыбунай у Віцебску. Другая прызнаная аварыйнай і ва УПЛ на яе не запускаюць. Затое запускалі ў першай лізе – і там «Дзясна» збірала па 10 тысячаў чалавек на самых важных матчах.

Дортмундская «Барусія» ўжо выказала жаданне дапамагчы з аднаўленнем стадыёна – і гэта вельмі крута. Магчыма, у клубе добра памятаюць Андрэя Ярмоленку, самага вядомага выхаванца чарнігаўскага футбола. Капітан зборнай Украіны правёў у Дортмундзе нядрэнны сезон – магло быць яшчэ лепш, калі б не траўмы.

Да 2018 года менавіта Ярмоленка быў галоўным амбасадорам чарнігаўскага футбола, пра які не так ужо шмат ведалі за межамі Украіны. Хаця ў Беларусі ўсё ж ведалі. Напрыклад, «Дзясну» ужо 10 гадоў трэніруе Аляксандр Рабаконь – заўзятары мінскага «Дынама» і зараз памятаюць трэнера, які працаваў у Мінску ў 2005-2006 гадах. Цяпер ён у тэрабароне.

Многія футбалісты з Чарнігава пераязджалі ў Беларусь. Напрыклад, у 90-х у «Тарпеда-Кадзіна» гулялі брамнік Андрэй Гуз і паўабаронца Аляксандр Ліхабіцкі, якія прыйшлі з «Дзясны». Вы можаце пра такіх і не помніць, але напэўна ўзгадаеце Дзмітрыя Хлёбаса і Багдана Мышэнку, якія нядаўна няблага паказалі сябе ў чэмпіянаце Беларусі і таксама гулялі ў «Дзясне». А заўзятары «Крумкачоў» да гэтага часу не забываюцца брамніка Андрэя Федарэнку, які нарадзіўся ў Чарнігаве.

Урэшце, шмат хто, я думаю, здзівіцца, калі даведаецца, што за «Дзясну» у гэтым сезоне гуляе Арцём Аляксандравіч Хацкевіч – сын былога капітана і галоўнага трэнера зборнай Беларусі.

Украінцы нават праводзілі зімовыя зборы ў Мінску некалькі гадоў запар. У 2017-м я працаваў у «Крумкачах» – і адным з першых маіх матчаў у клубе быў якраз спарынг з «Дзясной». Тады запомніліся ветлівы Рабаконь і заўзятары «Дзясны», якія шчыра цікавіліся Андрэем Федарэнкам – брамнік без перабольшання быў улюбёнцам фанатаў.

У лістападзе 2017-га я ўпершыню зʼездзіў у Чарнігаў на футбол. Гэта быў чвэрцьфінал Кубка Украіны супраць кіеўскага «Дынама». Нягледзячы на холад і сапраўдную завіруху (поле замятала так, што яго не паспявалі чысціць), на трыбунах сабралася 11 тысячаў чалавек. А фанаты «Дзясны» і «Дынама» зладзілі сумесны марш да стадыёна – і разам з украінскімі сцягамі яны неслі нашыя, беларускія (адсечка 3:16).

І што мне вельмі падабалася ў «Дзясне», дык гэта тое, што яны да сваіх матчаў імкнуліся стварыць нейкае шоу – але не якія-небудзь стандартныя танцы дзяўчат, а нешта больш аўтэнтычнае, больш украінскае ды сваё. Напрыклад, перад тым кубкавым матчам на поле выйшлі вось такія волаты – з вітаннем ад Чарнігаўскага княства.

Другі раз у Чарнігаве на футболе я быў у траўні 2018-га – на наступны дзень пасля кіеўскага фіналу Лігі чэмпіёнаў. Мы з сябрам тады жартавалі: «Калі я казаў, што хачу апошні матч сезону паглядзець ва Украіне, я меў на ўвазе Кіеў, а не Чарнігаў». Але жарты жартамі, а ў Чарнігаве быў не менш важны і антуражны матч.

Уся справа ў тым, што «Дзясна» большую частку сваёй гісторыі правяла ў мінорных лігах СССР і Украіны. У 2017 годзе клуб заняў другое месца ў першай лізе, але футбольныя ўлады па надуманых прычынах не пусцілі «Дзясну» у прэмʼер-лігу (прывітанне, «Крумкачы»!). Галоўнай нагодай стаў нібыта дрэнны стан стадыёна імя Гагарына, хаця арэна дапушчанага замест «Дзясны» «Вераса» была нібыта з 2022 года пасля бамбёжак.

Таму ў 2018 годзе ў «Дзясны» быў адзін з найважнейшых матчаў у гісторыі. Футбольныя ўлады паабяцалі, што калі клуб па спартовым прынцыпе выйдзе ва УПЛ, ён сапраўды там згуляе. І чарнігаўская каманда вынесла 4:0 крапіўніцкую «Зірку» з Глебам Расадкіным у складзе.

Стадыён імя Гагарына мне запомніўся такім. 

І вось такім.

І яшчэ вось такім.

На трыбунах 11 тысячаў заўзятараў, у якіх наперадзе Прэмʼер-ліга, матчы супраць «Дынама» і «Шахцёра», чацвёртае месца і выхад у еўракубкі.

І вайна.

У 2022-м у дзень касманаўтыкі, які так любяць з пафасам адзначаць па той бок «парэбрыка», стадыён імя Юрыя Гагарына выглядаў так.

Фраза «як пасля бамбавання» ужо не метафара і не жарт. Прыкладна ў такім стане паўразрухі знаходзяцца дзясяткі беларускіх стадыёнаў, у тым ліку сталічныя «Тарпеда» і «Трактар». Вось толькі ў Чарнігаве пры дапамозе дортмундскай «Барусіі» адбудуюць арэну – і зменяць назву ў гонар таго ўкраінца, хто заслугоўвае гэта.

Але спачатку трэба перамагчы ў вайне.

Другие посты блога

Все посты