Tribuna/Футбол/Блоги/Мова Спартова/Футбольныя клюбы Менску і беларуская мова: Менск

Футбольныя клюбы Менску і беларуская мова: Менск

«Менску» неабходна як мага хутчэй пашыраць выкарыстаньне беларускай мовы ў сваім спартовым жыцьці, бо гэта ня толькі натуральна для беларускай каманды, што прадстаўляе і носіць імя сталіцы Беларусі, але і па той простай прычыне, што ў сучасным беларускім футболе выкарыстаньне беларускай мовы — правіла добрага густу і гэта запатрабавана заўзятарамі, дзеля якіх у футбол і гуляюць.

Автор — Ігар Случак
14 июня 2017, 10:57
Футбольныя клюбы Менску і беларуская мова: Менск

Зусім дрэнна зь беларускай мовай выглядаюць справы ў трэцяга сталічнага клюбу — ФК «Менск» (у Сэзоне-2016 заняў 4 месца). Нягледзячы на тое, што «Менск» зьяўляецца адным з 4-х клюбаў Вышэйшай лігі, што маюць беларускамоўную эмблему, ён уваходзіць у тыя 5 клюбаў, што яшчэ выкарыстоўваюць пры напісаньні на форме прозьвішчаў сваіх гульцоў расейскую мову (11 з 16 клюбаў пішуць прозьвішчы сваіх гульцоў па-беларуску). Парадаксальна, але акрамя эмблемы клюб беларускую мову зусім не выкарыстоўвае. Ва ўзгаданым «Рэйтынгу беларускамоўнасьці футбольных клюбаў у сеціве» клюб патрапіў у разьдзел «Поўныя нулі» — беларуская мова ў сацсетках «Менску» не выкарыстоўваецца.

Цікава, што «Крумкачы», якія вельмі шырока ўжываюць беларускую мову, гуляюць на стадыёне «Менску», бо сваёй пляцоўкі ня маюць. Гэта паказвае, што неўжываньне беларускай мовы «Менскам» — яго ці не прынцыповая пазыцыя, карані якой цяжка зразумець. Улічваючы тое, што згаданы у аглядзе «Дынама-Менск» беларус-патрыёт Андрэй Клімовіч раней выступаў і за гэту каманду.

Калі ў 2014 годзе клюб паведамляў, што «на сёньняшні момант Асацыяцыя „Беларуская фэдэрацыя футболу“ пры арганізацыі й правядзеньні чэмпіянату па футболе выкарыстоўвае расейскую мову. І ў нашым клюбе працоўнай мовай зьяўляецца расейская», і з гэтым тады яшчэ хоць неяк можна было пагадзіцца, то зараз, улічваючы, што АБФФ перайшла на шырокае выкарыстаньне беларускай мовы як асноўнай мовы чэмпіянату, цяжка зразумець, чаму «Менск» працягвае яе ігнараваць.

 

У 2016 годзе клюб паведамляў, што «афішы да гульняў чэмпіянату краіны будуць друкавацца на беларускае мове», але насамрэч яны друкаваліся па-расейску.

 

Разам з тым, у гэтым годзе, як сьведчыць адказ клюбу, «плянуецца распрацоўка новага сайту клюбу, на якім будзе й беларускамоўная вэрсія».

 

Будзем спадзявацца, што адзначанае ў лісьце спраўдзіцца, беларускай мовы ў клюбу стане болей, а не паўторыцца сытуацыя з афішамі.

Так ці інакш, але «Менску» неабходна як мага хутчэй пашыраць выкарыстаньне беларускай мовы ў сваім спартовым жыцьці, бо гэта ня толькі натуральна для беларускай каманды, што прадстаўляе і носіць імя сталіцы Беларусі, але і па той простай прычыне, што ў сучасным беларускім футболе выкарыстаньне беларускай мовы — правіла добрага густу і гэта запатрабавана заўзятарамі, дзеля якіх у футбол і гуляюць.

Другие посты блога

2018 ЧАРНАВІК ТОП-150
28 января 2019, 18:40
#случакуслуцку
15 января 2018, 10:05
Все посты