Самая дзіўная бітва ў гісторыі мінскага Тарпеда
Бітва за золата 1983, першы матч 1992, зона вылету пасля паразы 1996. Амаль легендарнае супрацьстаянне мінскіх Чорна-Белых і ФК «Ліда» (былы «Абутнік»).
Самая дзіўная футбольная бітва ў гісторыі мінскага Тарпеда.
6 траўня мінскае Тарпеда ў матчы 5 тура згуляе з футбольным клубам “Ліда”.
На першы погляд у суботу на лідскім стадыёне “Старт” адбудзецца чарговая сустрэча камандаў Першай лігі.
Але ўсё не так проста. Гледзячы з вышыні ўсяго беларускага футбола, матч Чорна-Белых і лідскай каманды мае амаль легендарнае адценне.
Сустрэчы з ФК “Ліда” – гэта напэўна самае дзіўнае супрацьстаянне ў 70-гадовай гісторыі нашага клуба.
Каманды мелі магчымасць згуляць першы раз ужо ў 1962 годзе, калі і быў заснаваны лідскі клуб. Але лёс падзяліў нас ў 2-х зонах чэмпіянату краіны.
Так працягвалася ўсе залатыя для аўтазаводцаў 60-ыя роўна да 1971 г. Менавіта тады адбыўся першы матч Тарпеда з ФК “Ліда”, які меў назву “Абутнік”.
Каманды рэгулярна сустракаліся ў чэмпіянаце БССР і момант X у гэтым супрацьстаянні настаў у 1983.
Склад Тарпеда Мінск, 1983 г.
У бітве за золата Чорна-Белыя з лідскай камандай сышліся ў фінальных матчах першынства Беларусі.
0:0 і 1:1 – так парадаксальна завяршыліся матчы, якія адбыліся 2 і 10 кастрычніка 83 г. і павінны былі вырашыць чэмпіёнскі тытул.
Склад ФК “Ліда”, 1983 г. Фота: fclida.by
У выніку – пераможцамі сталі нашы супернікі. “Абутнік” назбіраў 2 жоўтыя карткі супраць нашых 6 – лічбе, якая магла сімвалізаваць колькасць чэмпіёнстваў Тарпеда. Але…
Далей значнай падзеяй у гісторыі адносінаў паміж клубамі быў матч, які адбыўся 25 год таму – 25.04.1992.
Тарпеда з ФК “Ліда” упершыню сустрэліся ў чэмпіянаце ўжо незалежнай Рэспублікі Беларусі. Выезд у Ліду завяршыўся ўсё той жа несправядлівай нічыёй 0:0.
Журналіст Уладзімір Багданаў у пасляматчавым рэпартажы адзначыў шматабяцаючае Тарпеда, у якога не атрымалася перамагчы магчыма з-за абноўленай лініі паўабароны, дзе з-за траўмы адсутнічаў Андрэй Юр’евіч Пышнік, сённяшні галоўны трэнер аўтазаводцаў.
У 1996 мінскае Тарпеда фактычна апынулася ў зоне вылету пасля паразы ад “Абутніка” 3:0. І тут ізноў іронія лёсу… у тым сезоне “Вышку” пакінула лідская каманда.
Мінулы сезон у Першай лізе падараваў заўзятарам 2 сустрэчы Чорна-Белых з ФК “Ліда”. Яны абедзве завяршыліся перамогамі нашых супернікаў і пакінулі пачуццё несправядлівасці і незавершанасці.
Тарпеда і лідская каманда сказалі адна адной ужо вельмі шмат, але яшчэ больш гістарычных падзеяў нас чакае наперадзе.
Адна з іх адбудзецца 6 траўня на стадыёне “Старт” у Лідзе.
Пачатак 5 тура у 17:00.