Tribuna/Футбол/Блоги/Weekend on Working Streets/Юрый Малееў: “У Тарпеда заўсёды падбіраліся байцы. Гэтыя традыцыі закладзены і падмацаваныя не адным дзесяцігоддзем.”

Юрый Малееў: “У Тарпеда заўсёды падбіраліся байцы. Гэтыя традыцыі закладзены і падмацаваныя не адным дзесяцігоддзем.”

Напярэдадні матчу са «Славіяй» мы пагутарылі з былым капітанам мінскага Тарпеда, Юрыем Малеевым, крыўдная траўма якога ў фінале Кубка 1999/2000 г. па меркаванні многіх - змяніла вынік той гульні.

Автор — Аўтазаводзец
8 июля 2016, 19:13
1

Рыхтуючы напярэдадні матчу са “Славіяй” матэрыялы аб фінале 2000 г., мы практычна паўсюль чулі прозвішча футбаліста, які па меркаванні  многіх мог змяніць вынік той сустрэчы.

Гаворка, вядома, ідзе аб Юрыі Малееве, былым капітане мінскіх Чорна-Белых.

Мы вырашылі, што проста не можам не паразмаўляць з Юрыем Іванавічам і папрасілі яго ўзгадаць той фінал ды час выступу ў складзе аўтазаводцаў.

Юрый Малееў: Гэта быў сапраўды цікавы, напружаны матч. Адзін з лепшых па гульні матчаў Тарпеда. Для нас ён складаўся напачатку вельмі добра. У першым тайме мы “Славію”” перагулялі, перавага была на нашым баку. Сяргей Амельянчук, на колькі я памятаю, добры гол забіў, падключыўся з пазіцыі правага абаронцы ды забіў гол. У другім тайме у нас таксама гульня была пад кантролем. Але хвілінаў за 10 да канца нешта пайшло ня так. Буду казаць за сябе. У цэнтральнай зоне ў “Славіі” гуляў такі Карсакоў Дзмітрый, і ў нас з Віцем Кукарам была задача не даць яму разгарнуцца, а, па-магчымасці, і перагуляць яго. І хвілін за 10-15 да канца другога тайму пайшоў у падкат. Тады яшчэ на шыпах гуляў. Лета было, канец мая. Шыпамі заднімі ўляцеў у газон, калена застапарылася, нешта шчоўкнула… Тады і звезлі мяне на машыне з поля.

І пакуль я сядзеў за брамай, Васілюк і Стрыпейкіс, па мойму, забілі, наколькі памятаю. І напрыканцы мы так крыўдна прайгралі. Ні ў якім разе не хачу казаць, што мы прайгралі з-за таго, што так здарылася са мной, але рацыя ў гэтым ёсць. Бо выйшаў чалавек новы на замену (Лінёў – 76 хв. аўт.) і якраз напрыканцы мы неяк ці то падселі, ці то праселі, ці пачалі гуляць на захаванне ліку 1:0, вядома, хацелася атрымаць перамогу. І так атрымалася, што напрыканцы мы адпусцілі тую гульню.

Загаловак выдання “Прэсбол” 2000 г.

Падтрымоўвалі футбалісты адзін аднога пасля такой крыўднай паразы?

Юрый Малееў: Ведаеце, заўсёды пасля такіх сустрэчаў крыўдна і цяжка перажываецца. Але добра, што невялікі прамежак часу быў пасля гэтай паразы да наступнай гульні ў Магілёве. Прасцей, калі адразу маецца шанец, каб рэабілітавацца. Што тычыцца трэнера, тады ім быў Юрэвіч, не асабліва вымаўляў нам, толькі па справе, сабакаў не спускаў. Але на разборы гульні мы ўсе атрымалі за справу. Што да хлопцаў, то калектыў быў добры, сяброўскі, гумарны. Разам перажылі, хоць першыя 2 дні хадзілі як забітыя, але пераймацца доўга сабе не дазволілі, наступную гульню мы выйгралі і ў тонус вярнуліся.

Цікава, што Вы перайшлі ў Тарпеда са “Славіі”, якія эмоцыі Вы адчувалі, калі гулялі супраць сваёй былой каманды, з якой станавіліся чэмпіёнам?

Юрый Малееў: Разумееце, з чэмпіёнскага складу ў 2000-м годзе ўжо нікога не засталося. Тое былі ўжо 2 зусім розныя каманды. Новая плеяда прыйшла ўжо, дастаткова і расейскіх гульцоў было. Асабліва эмоцыяў не было, бо супернікам Тарпеда быў ужо зусім іншы калектыў.

Ці памятаеце Вы атмасферу, якая была на тым матчы, на стадыёне?

Юрый Малееў: Памятаю, гледачоў шмат было на стадыёне, магло быць і больш, вядома, але атмасферу яны стваралі футбольную. І заўзятары Тарпеда былі, і Славіі было дастаткова. Так. атмасфера была футбольная, калі можна так сказаць, вартая фінальнага матчу Кубка Беларусі. Канцоўка ўражанні толькі папсавала, а што тычыцца атмасферы, то яна была выдатная.

Шмат хто ўзгадвае пра легендарны тарпедаўскі дух, тады гэта сапраўды адчувалася?

Юрый Малееў: Ведаеце, у Тарпеда заўсёды падбіраліся людзі такія, байцы. У Тарпеда, незалежна ад таго адкуль людзі прыязджалі, дзіўным чынам адпавядалі традыцыям клуба. Так, традыцыі яны закладзены і не адным дзесяцігоддзем падмацаваныя. Як у Лондане ёсць арыстакраты, ёсць працоўныя з раёна. Вось і Тарпеда, мне падаецца, больш мінская народная каманда, якая якраз і прыцягвае гэтым духам. Там былі заўсёды байцы. Маглі і прайграць, але той, хто ў нас выйграваў, запамінаў тое на ўсё жыццё.

Другие посты блога

Все посты