Загрузить фотографиюОчиститьИскать

    Больш «жэсці»!

    Часам мне шкада супрацоўнікаў Goals.by, якія пішуць пра белфутбол. Патрабуеш ад іх чагосьці цікавага, але дзе гэтае цікавае ўзяць? У нас няма ні Мэcсі, ні Балатэллі. Ні «Манчэстэра», ні «Барсы». Дзея на полі ды антураж на трыбунах рэдкасць. Каб бачыць прыгажосць у нашым футболе, трэба быць чалавекам адухоўленым, уражлівым ледзьве не да істэрычнасці. Але журналісты стараюцца, з-за чаго ўзнікае парадокс, які сфармуляваў адзін з калег: пра беларускі футбол цікавей чытаць, чым яго глядзець.

    Шкада, што па-за межамі поля беларускія футбалісты не гавораць таго, што на полі
    Шкада, што па-за межамі поля беларускія футбалісты не гавораць таго, што на полі
    VeremkoШкада, што па-за межамі поля беларускія футбалісты не гавораць таго, што на полі Іван Уральскі

    Часам мне бывае шкада супрацоўнікаў Goals.by, якія пішуць пра беларускі футбол. Патрабуеш ад іх чагосьці цікавага, але дзе гэтае цікавае ўзяць? У нас няма ні Мэссі, ні Балатэллі. Ні «Манчэстэра», ні «Барсы». Дзея на полі ды антураж на трыбунах — рэдкасць. Каб бачыць прыгажосць у нашым футболе, трэба быць чалавекам адухоўленым, уражлівым ледзьве не да істэрычнасці. Але журналісты стараюцца, з-за чаго ўзнікае парадокс, які сфармуляваў адзін з маіх калег: пра беларускі футбол куды цікавей чытаць, чым яго глядзець.

    Каторы раз пераканаўся ў гэтым, калі за апошні час пабачыў дзве статусныя паводле нашых мерак гульні. Падчас так званага беларускага класіка ледзьве не заснуў яшчэ напрыканцы першага тайма. Другі тайм пераканаў, што трэба было засынаць. Коўч БАТЭ Віктар Ганчарэнка сказаў, што пасля перапынку яго каманда, маючы перавагу 1:0, «гуляла па ліку». Цікава, а калі ж тады барысаўцы гулялі для гледачоў? Бо гол яны забілі ў дададзены да першага тайма час і збольшага — нечакана. Хаця «Дынама» гуляла як мінімум не лепш.

    У Горадні было яшчэ весялей. «Нёман» спрачаўся з «Менскам» за пуцёўку ў фінал Кубка Беларусі. Гэта, між іншым, усяго адзін крок да еўракубкаў, дзе нашыя клубы мараць зарабляць «вялізныя грошы», як гэта робіць БАТЭ. Дык вось, у паўфінале я адкрыў для сябе новую разнавіднасць футбола. Яна вельмі простая. На полі прысутнічаюць 22 чалавекі, але бегаюць толькі два з іх — адзін гулец ад кожнай каманды. У аднаго — мяч, другі спрабуе яго забраць. Калі ідзе перадача ці мяч страчваецца, уключаецца іншая пара футбалістаў. Астатнія мусяць спыніцца! Гэтую гармонію ніхто не парушае — быццам пад страхам чырвонай карткі.

    Мяркуючы са статыстыкі наведвальнасці чэмпіянату, якая год ад году пагаршаецца, людзі даўно вынеслі прысуд усяму беларускаму футболу.

    Падтрымліваць каманды, якія так гуляюць, могуць толькі вар’яты, якіх пакуль не вылічылі і не адшукалі медыкі. Мой прыяцель-гарадзенец, падаецца, — адзін з такіх. Ён стойка «тапіў» за «Нёман», бо гэта яго «родная каманда, і не важна, як яна гуляе». Але рэакцыя большасці гледачоў мяне супакоіла (бо думаў: можа, гэта я вар’ят?) – яны свісталі, гудзелі, сыходзілі са стадыёна. Упэўнены, шмат хто як мінімум да канца сезона зарокся бываць на такім шоу. Гэта быў прысуд абедзвюм камандам, прысуд футболу ў асобна ўзятым горадзе. Хаця чаму «ў асобна ўзятым горадзе»? Мяркуючы са статыстыкі наведвальнасці чэмпіянату, якая год ад году пагаршаецца, людзі даўно вынеслі прысуд усяму беларускаму футболу.

    Як выправіць сітуацыю? Можна доўга разважаць пра маркетынг, інвестыцыі, якасць работы спартшколаў, пра патрэбу ў таленавітых менеджарах. Гэта ўсё правільна, але не хутка. А што рабіць цяпер, каб хоць неяк прыцягнуць увагу людзей да футбола, каб яны ўвогуле не забыліся пра свой чэмпіянат? Я прапаноўваю зрабіць стаўку на скандалы і эпатаж. І не таму, што працую журналістам. Скандалы патрэбныя беларускім спартоўцам куды больш, чым прэсе.

    Па-першае, гэта самы просты і адзін з самых эфектыўных спосабаў барацьбы за аўдыторыю. Нашы футбалісты не загуляюць раптам, як бразільцы ці іспанцы, — гэта факт. За што іх тады любіць? Няхай хаця б гаварылі штосьці вясёлае. «Фан» у наш шэры час дарагога варты. У Беларусі яго мала. Цяпер жа мы маем пасляматчавую банальшчыну (асабліва ў гэтым сезоне), галоўная мэта якой — не сказаць, што думаеш, і, барані Божа, нікога не пакрыўдзіць. Карацей, еўрапейцы зайздросцяць нашай футбольнай паліткарэктнасці, а мы зайздросцім іх уменню «рабіць футбол».

    Па-другое, складаецца ўражанне, што айчынным гульцам патрэбны дадатковы выклік, каб пазбавіцца сваёй «талерантнасці» – на футбольным полі яна бадай праяўляецца ў беларусаў лепш за ўсё, прычым зусім недарэчы. Гэта сярэднестатыстычны жыхар краіны за тры, пяць, дзесяць тысяч даляраў на месяц можа пагадзіцца скакаць басанож па распаленай патэльні, а нашы футбалісты за такія грошы толькі ходзяць пешшу і час ад часу ўдала трапляюць па мячы. Дык няхай такім выклікам для каманд будуць славесныя пікіроўкі! З іх дапамогай можна завесці не толькі супернікаў, але і сябе.

    Прыдумайце штосьці яшчэ. Ці скажыце праўду адзін пра аднаго. Не сумнявайцеся, апаненты ў любым выпадку раззлуюцца.

    Таму заклікаю футбалістаў: паабяцайце адгрузіць «Гомелю» авоську галоў! Заявіце, што ў «Шахцёра» няма шанцаў трапіць у медалі! Нагадайце, што «Дынама» – даўно ўжо не флагман айчыннага футбола! Выкажыце меркаванне, што БАТЭ не заслугоўвае чэмпіёнства! Прыдумайце штосьці яшчэ. Ці скажыце праўду адзін пра аднаго. Не сумнявайцеся, апаненты ў любым выпадку раззлуюцца. І ў вас не застанецца права гуляць у паўнагі. Таксама знікнуць скаргі, што на полі не хапала эмоцый. Усё будзе!

    Некаторыя нашы футбалісты даволі добра валодаюць словам. Абаронца Ігар Шытаў, калі яшчэ выступаў за БАТЭ, шчыра сказаў, што ад кіеўскага «Дынама» засталося толькі імя. Шыкоўная фраза, якая распаліла цікавасць да сярэдненькага матча Лігі Еўропы і ў Беларусі, і ва Украіне, і ў Расіі.

    Ці згадаем Філіпа Рудзіка. Да пераходу ў БАТЭ гэта быў для мяне ці не ўзорны футбаліст унутранага першынства. Сапраўды, гуляў ён сярэдне. Але за словам у кішэню не лез (неяк заявіў, што галоўнае ў футболе — картку ў банкамат засунуць. А што, не трапна?). І дзеяннем умеў актуалізаваць сваю персону — напрыклад, паказаць аголеную пятую кропку фанатам супернікаў. Не самы лепшы ўчынак, вядома, але ж пра гэта шмат гаварылі, як не гавораць ні пра адзін футбольны матч. Сёння Філіп пераважна маўчыць, аднак лепш гуляць ад гэтага не пачаў.

    Зразумела, за свае словы трэба адказваць, але калі ўжо гуляць — дык гуляць, рубіцца — дык рубіцца. Карацей, хочацца сказаць: больш «жэсці», таварышы футбалісты! Паспрабуйце — а раптам вам спадабаецца? У якасці гульні мы наўрад ці згубім…

    Спецыяльна для 34mag.net.

    КОММЕНТАРИИ

    Комментарии модерируются. Пишите корректно и дружелюбно.