Все новости

«Калі прыходзіць Васілюк — гэта з’ява»

12 мая 2012, 20:08
14

Уладзімір Люкевіч не чакаў, што ў Брэсце будзе столькі аматараў футбола Паўтары тысячы чалавек, чатыры лігі і каля ста каманд. Брэст перажывае футбольны бум у рэжыме нон-стоп. Усё дзякуючы клубу «Аматар», які аб’ядноўвае прыхільнікаў футбола. Яго ідэйны кіраўнік і заснавальнік Уладзімір Люкевіч распавядае, як усё пачыналася. Як клуб стаў лепшым у Еўропе і як адбылася гутарка з Мішэлем Плаціні. Як людзі рэагуюць на прыезд Рамана Васілюка, пра жонку, якая ведае чэмпіёнскі склад Аргенціны, і пра тое, як атрымоўваецца сумяшчаць выкладанне культуралогіі з футболам. — Колькі ўжо год існуе клуб «Аматар»? — Больш за 20. «Аматар» быў заснаваны летам 1991. Калі я вучыўся ў Менску ва ўніверсітэце, пры «Дынама» праходзіў аматaрскі турнір па міні-футболе, і я часцяком гуляў там разам з сябрамі. Пасля размеркавання, калі вярнуўся дадому, каб пагуляць у футбол, мы сталі збірацца на вуліцы, а потым выспела ідэя правесці які-небудзь чэмпіянат сярод аматараў. І пачалося. Шмат хто хацеў бы працягваць гуляць у футбол у свой вольны час, але на больш-менш высокім узроўні рабіць гэта складана: праца, сям’я, узровень фізічнай формы. I вось у людзей з’яўляецца новая магчымасць. — А чаму міні-футбол? — Мінімальная колькасць людзей у камандах. Вельмі лёгка знайсці ахвотнікаў пагуляць «пяць на пяць». Да таго ж такой невялічкай камандай можна лёгка з’ездзіць на які-небудзь турнір у тую ж Польшчу ці Украіну. — Пры стварэнні клуба складанасцей было шмат? — А без іх у жыцці нічога няма! Перш за ўсё, нечаканасцю стала тое, што вельмі шмат людзей падтрымалі ініцыятыву. Але гэта стала патрабаваць спартыўных пляцовак, новых міжасобасных адносінаў, нейкіх іншых рэчаў, каб можна было пачаць праводзіць розныя турніры. — А фінансы? — Грошай не хапала раней, не хапае сёння, не будзе хапаць іх і потым. Зараз са школьных пляцовак мы перамясціліся на стадыён «Будаўнік». Натуральныя палі не вытрымліваюць тысячаў ног штотыднёва. Спаборніцтвы пачынаюцца кожную нядзелю а дзясятай гадзіне і заканчваюцца каля 17-й. А зараз, калі з’явілася чацвёртая ліга, прыходзіцца гуляць і па суботах — не хапае часу. — Гэта ж колькі каманд і чалавек? — Мы маем чатыры лігі па 16 каманд. Гэта што тычыцца спаборніцтваў, якія пачынаюцца ўвосень і заканчваюцца ўвесну. Таксама аднавілі ў гэтым годзе правядзенне «Джэнтльмэн ліг». Там гуляюць людзі, старэйшыя за 35 гадоў, якім цяжка вытрымліваць хуткасці больш маладых спартоўцаў. Таксама праводзім турнір у залах. Ён адкрыты. Да нас прыязджаюць каманды з Украіны, Польшчы, а таксама з гарадоў і мястэчак нашай вобласці. Недзе 48 каманд пад дахам збіраем. Карацей, перашлі на круглагадовы варыянт правядзення спаборніцтваў. — Міліцыя не перашкаджае? — Усё праводзіцца ў супрацоўніцтве з аддзелам фізічнай культуры, спорта і турызму Брэсцкага гарвыканкама. Так што гэта афіцыйныя спаборніцтвы. Ёсць людзі, якія сочаць за парадкам. А тыя негатыўныя моманты, якія здараюцца, ліквідуюцца хутка. Да і не часта яны бываюць. — Наўрад ці думалі, калі стваралі клуб, што справа будзе мець такі размах? — Маеце рацыю. Ніхто і не меркаваў, што ўсё будзе так. Ідэя трапіла ў добрую глебу і распаўсюдзілася. Зараз працуе сайт, выдаецца бюлетэнь. Таксама маем добрыя адносіны з мясцовай прэсай. Праз клуб мноства людзей пазнаёміліся паміж сабой. Нехта знайшоў працу, сяброў. А гэта — самае галоўнае. — З боку ўлады ціску не было? — «Аматар» даволі прадуктыўна супрацоўнічае з мясцовымі уладамі. Можна сказаць так: яны нам не вельмі перашкаджаюць. І менавіта такі варыянт: спорт, здаровы лад жыцця, які адцягвае моладзь ад наркотыкаў i розных іншых дэвіянтных паводзінаў, гарманічна стасуецца з тымі намаганнямі, якія робяць у гэтым накірунку ўрадавыя структуры. — А з футбольнай федэрацыяй якія адносіны? — Нармалёвыя, працоўныя. Мы сталі членамі асацыяцыі ў 2009 годзе. А праз год заваявалі прыз УЕФА як лепшы аматарскі клуб Еўропы. І ў гэтым вялікая заслуга федэрацыі. Была нечаканая i вельмі прыемная сустрэча з Плаціні, калі ён уручаў дыплом. З цяперашнім кіраўніцтвам АБФФ супрацоўнічаем таксама. Паглядзім, што будзе далей. У дакументах федэрацыі масавы футбол значыцца адным з галоўных пунктаў. — Гэта так, але, як мне вядома, з былым старшынёй АБФФ Генадзем Нявыгласам адносіны былі лепшыя… — Можа, больш актыўныя. Хаця сёння цяжка сказаць, што будзе далей. Не толькі мы, але і ўся краіна трапіла ў нялёгкае фінансавае становішча. І як федэрацыі размяркоўваць грашовыя патокі: зборная, еўракубкі, чэмпіянат краіны? Вы ж бачыце, што шмат якія каманды балансуюць на мяжы выжывання. Ніхто не жыруе і нават у вышэйшай лізе гавораць пра пэўныя цяжкасці. — Прызнанне лепшым клубам у Еўропе — гэта прыемна? — Спачатку было больш нечакана, але потым стала і прыемна. Гэта як здабыць перамогу ў Лізе чэмпіёнаў. Паўтарыць поспех будзе даволі цяжка. Як нам, так і якому-небудзь іншаму клубу з Беларусі. — А з Плаціні пагутарыць давялося? — Так, але гэта было не так доўга, як хацелася б. Уражанне засталося прыемнае. У яго, здаецца, таксама. Плаціні нават на прэс-канференцыі потым некалькі разоў паўтарыў, што пакуль існуе такі клуб, як «Аматар», і пакуль жыве аматарскі футбол, ёсць адчуванне, што футбол на высокім узроўні будзе працягваць сваё існаванне. І мне здаецца, ён вельмі добра бачыць асноўныя моманты, якія тычацца развіцця футбола. Будзе шырокая, масавая зацікаўленасць — футбол будзе жыць. Будуць з’яўляцца зоркі, накшталт Мэсі і Раналду. — Гаварылі пра «Аматар» ці іншыя пытанні таксама абмяркоўвалі? — Разумееце, перад сустрэчай хвілін 10-15 праводзіўся інструктаж: што казаць, як казаць і гэтак далей. Мне было дзіўна. Але тое, што хацеў запытаць у Мішэля, я запытаў пасля. Напісаў вялікі ліст да УЕФА. Ёсць некалькі ідэй пра масавы футбол. — Акрамя дыплому, што яшчэ атрымаў клуб ад прызнання з боку УЕФА? — Грошай нам не давалі, але пра клуб пачалі больш гаварыць, пра нас даведаліся больш людзей. Гэта прыцягнула новых аматараў у клубную структуру, што дазволіла зрабіць наступны крок у развіцці і выйсці на новы якасны ўзровень. Зараз мы блізкія да таго, каб займець уласнае поле. *** — Цяжка кіраваць усім? — У клубе дамінуе сістэма супрацоўніцтва, гэта не кіраванне. Няма начальнікаў і падначаленых. Збіраюцца зацікаўленыя людзі, якія любяць футбол. Да таго ж у «Аматары» ёсць Эдуард Белямук. Ягонае бачанне футбола і жыцця моладзі мне вельмі імпануе. — Самі гуляеце? — Так, але пераважна на ўзроўні old boys, бо каманды ў нас даволі высокага ўзроўню. Лепшыя 16 нават не згубіліся б у першых лігах нацыянальнага чэмпіяната. I прыклад «Меркурыя», які гуляе ў Кубку Беларусі і праходзіць там адзін-два раўнды, паказвае гэта. — Чытаў, што і прафесійныя футбалісты час ад часу ўдзельнічаюць у гульнях. — Мы не забараняем гэтага. Калі ідзе міжсeзонне, профі часцяком «тусуюцца» там, дзе збіраюцца аматары футбола. Некаторыя з задавальненнем гуляюць. Напрыклад, калі прыходзіць Рома Васілюк — гэта з’ява. У нас нават дзеці з бацькамі спецыяльна прыязджаюць, каб ён падпісаў мячы, кніжкі ці што іншае. Раман нават купіў на свае грошы футбольную форму для цэлай каманды! — А членства ў клубе платнае? — Вядома. Нам трэба арэндаваць залы, стадыён, плаціць суддзям, купляць прызы, мячы, выдаваць праграму, падтрымліваць сайт, абслугоўваць рахункі ў банку. Карацей, банальныя рэчы. Унёсак вар’іруецца, але ў сярэднім дасягае каля 200 умоўных адзінак на сeзон. Няшмат, калі ў камандзе 15 чалавек. *** — Вы займаецеся не толькі справамі «Аматара», але і выкладаеце ва ўніверсітэце. — Так. Культуралогія, спартыўная этыка, гісторыя культуры — дысцыпліны, на якіх спецыялізуюся. — А сярод студэнтаў ёсць гульцы клуба? — Безумоўна. І з кожным годам, здаецца, іх усё больш! — Яны на асабістам становішчы? — Ведаеце, я разглядаю студэнтаў як людзей, якія павінны цікавіцца праблемамі культуры, маралі. — А вы глядзелі фільм «Байцоўскі клуб»? — Хутчэй за ўсё, не. — Сэнс у тым, што людзі збіраліся ў нейкім месцы і біліся паміж сабой. Нельга было пра гэта нікому расказваць. Але калі яны сустракаліся ў звычайным жыцці, то падморгвалі ці ўсміхаліся адзін аднаму. У вас пры сустрэчах з футбалістамі бывае нешта падобнае? — Калі сустракаемся дзесьці ў горадзе, часам вельмі прыемна паразмаўляць. Здаецца, на вачах пачынае фарміравацца традыцыя: так складваецца, што ў некаторых камандах гуляюць і бацькі, і дзеці. На трыбунах збіраюцца цэлымі сем’ямі. — Вы — папулярная асоба ў горадзе? — Працую ва ўніверсітэце і выкладаю практычна на ўсіх факультэтах, таму, зразумела, твараў знаёмых вельмі шмат. Але мне гэта не перашкаджае. — Колькі разоў можаце павітацца, калі паедзеце ў брэсцкі ЦУМ за пакупкамі? — Гэта практычна нон-стоп :)! — Вы ж яшчэ і дысертацыю пісалі. — Так, кандыдатскую абараніў яшчэ ў 88-м годзе. А доктарская поўнасцю падрыхтавана і два разы рэкамендавана да абароны. Тэма: «Культуралагічныя i філасофскія падставы функцыянавання спорта ў 20-м стагоддзі». Атрымалася так, што ў нас няма савета, у якім яе можна абараніць. Так пакуль усё і завісла. А асаблівага жадання біцца галавой у сцяну няма. Калі з’явіцца магчымасць, буду абараняцца за мяжой. *** — Яшчэ вы працавалі дыктарам на стадыёне ў Брэсце. — Нельга так казаць :)! Проста час ад часу, калі Аляксандр Кавальчук, вялікі майстар сваёй справы, не можа прысутнічаць на гульні, то, бывае, падмяняю яго. — І як вам? — Сур’ёзнага з майго боку нічога няма, як і не было раней, калі прыйшлося пэўны час каментаваць на беларускім тэлебачанні гульні чэмпіяната краіны па футболе. З большага гэта — аматарства. — А вы — эмацыянальны каментатар? — Даўно не практыкаваўся, трэба паспрабаваць. Але ўсе найважнейшыя трансляцыi, якія адбываюца, пераважна гляджу па польскім тэлебачанні. Там зусім іншыя падыходы да каментатараў i самаго каментавання. — А нашы каментатары не падабаюцца? — Ну, гэта, можа, залішне жорсткае пытанне. Проста ў Польшчы, напрыклад, за паўгадзіны да гульні Лігі чэмпіёнаў каментатары збіраюцца ў студыі, абмяркоўваюць сітуацыю, разважаюць. У перапынку і пасля матчу робяць тое ж самае. Ды і сам каментатарскі ўзровень іншы. Падабаецца, калі запрашаюць у студыю ці да эфіру нейкага футбаліста. Гэта прыцягвае. Эмоцый шмат, і яны даюць пазітыўныя зарады. Нашыя, зразумела, робяць па-свойму. Але калі да рэпартажаў далучаюцца Аляксандр Разін альбо Людас Румбуціс, мне становіцца цікавей глядзець. — Дарэчы, пра Румбуціса. Гэта праўда, што калі ён працаваў у брэсцкім «Дынама», вы праводзілі нейкае даследаванне? — Было такое. Праводзіў сацыяметрычнае даследаванне. Спорт звязаны не толькі з тым, хто як бегае і скача. Гэта таксама адносіны ў калектыве, мікраклімат. Я размаўляў з кожным футбалістам і выведваў самае простае: хто лідэр, хто можа завесці каманду, а хто — не. Розніца паміж фармальным лідэрам і нефармальным ёсць. Памятаю, Людас паглядзеў на вынікі і схапіўся за галаву, але зрабіў пэўныя высновы :). Дарэчы, aпошняя акцыя брэсцкага «Дынама» ў Салігорску ў гэтым сэнсе вельмі паказальная. Калі футбалісты кінулі сваім фанатам футболкі з надпісам «Наша імя «Дынама», ініцыятыва зрабіць гэта пайшла ад Віктара Сокала. Вось гэта паказчык. Было вельмі цікава. — Вы ў жыцці размаўляеце на беларускай мове. Гэта не вельмі папулярна… — У нашай краіне беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай, і я магу ёй карыстацца як хачу. Гэта маё права выбару. Пакуль што ў нас яшчэ не забараняюць гэтагa. — Вы заняты ў клубе, ва ўніверсітэце. Колькі часу на адпачынак застаецца? — З псіхалогіі вядома, што пераключэнне з аднаго накірунку дзейнасці на другі — самы лепшы варыянт, каб не стамляцца. — А сям’я да такой актыўнасці як ставіцца? — У чым пашанцавала, дык гэта ў сям’і. Жонка можа і сёння пералічыць прозвішчы футбалістаў зборнай Аргенціны, якія сталі чэмпіёнамі свету ў 1978 годзе. Зразумела, выезды і іншыя рэчы, якія выцягваюць з дому, не заўсёды могуць быць прыемнымі, але ўспрымаецца гэта з паразуменнем. Так што, усё, спадзяюся, будзе добра! Можа быць.

«Спаборніцтвы пачынаюцца кожную нядзелю а дзясятай гадзіне і заканчваюцца каля 17-й. А зараз, калі з'явілася чацвёртая ліга, прыходзіцца гуляць і па суботах».

Паглядзім, што будзе далей. У дакументах федэрацыі масавы футбол значыцца адным з галоўных пунктаў.

Калі да рэпартажаў далучаюцца Аляксандр Разін альбо Людас Румбуціс, мне становіцца цікавей глядзець.

Показать еще 14