Загрузить фотографиюОчиститьИскать

    Іспанская мушка

    Футбольнага ажыятажу ў краіне няма, хоць БАТЭ перамог «Баварыю» ўсяго тыдзень таму. Вось і на Іспанію квіткі прадаюцца марудна, быццам няма надзеі на чарговы подзвіг. Алег Гаруновіч лічыць, што айчынны спорт не ўмее карыстацца сваімі дасягненнямі. Сцвярджае, што беларусы — не спартовая нацыя, і каб пераканацца ў гэтым, прапануе пагартаць праграму тэлеперадач.

    Цікава, які антураж чакае беларускую каманду ў матчы супраць Іспаніі
    Цікава, які антураж чакае беларускую каманду ў матчы супраць Іспаніі
    StadiumЦікава, які антураж чакае беларускую каманду ў матчы супраць Іспаніі Наста Жыльцова

    Футбольнага ажыятажу ў краіне няма, хоць БАТЭ перамог «Баварыю» ўсяго тыдзень таму. Вось і на Іспанію квіткі прадаюцца марудна, быццам няма надзеі на чарговы подзвіг. Алег Гаруновіч лічыць, што айчынны спорт не ўмее карыстацца сваімі дасягненнямі. Сцвярджае, што беларусы — не спартовая нацыя, і каб пераканацца ў гэтым, прапануе пагартаць праграму тэлеперадач.

    Сітуацыя з фан-сектарам «Б-12» наглядна дэманструе размах айчыннага футбола. Пара тысяч адданых заўзятараў вырашыла байкатаваць матч супраць Іспаніі. Гэта, вядома, вельмі прыкра, але не павінна быць вялікай праблемай або прадметам бурнага абмеркавання. Бо нацыянальная зборная — гэта ж крута (чыноўнікі ад федэрацыі ў гэта вераць). Каб паглядзець на яе, стаіць чарга. Прычым запаўняецца не толькі стадыён, але і фан-зона ля яго — для тых, хто не трапіў на арэну, бо не хапіла квіткоў. Аднак гэта ў ідэале. Насамрэч, каб хоць неяк прыкрыць у 9-мільённай краіне пустэчы на трыбунах 30-тысячніка, федэрацыя змушаная весці перамовы з адносна нешматлікімі фанатамі.

    Некаторыя кажуць: была б у футбольнай зборнай свая «Менск-Арэна», людзі б туды павалілі. У хакейнай «нацыяналкі» «Менск-Арэна» ёсць. Але людзі туды не валяць. Мемарыял Салея і блізка не сабраў аншлагу. Між тым нашы футбалісты гулялі ў Босніі, Грузіі. Не бяруся сцвярджаць, але наўрад ці там збудаваныя стадыёны прэміюм-класу. Аднак на іх аншлагі былі. Прычым нашу зборную да топавых не аднясеш. Заўзятары прыходзілі паглядзець не на Кульчага з Карніленкам, а падтрымаць сваіх. Добрая арэна яшчэ не гарантуе бітка. Каб яго сабраць, патрэбныя або маркетынгавыя намаганні (хакейнае «Дынама» таму прыклад), або народная любоў. З апошнім у нас праблема.

    Калі складаць партрэт сярэднестатыстычнага жыхара нашай краіны, ён (ці яна) не ходзіць на стадыён і не бегае трушком.

    Дарагія квіткі, жорсткая міліцыя, дапатопны стадыён — вядома, гэта адпужвае частку аўдыторыі. Але, здаецца, рэч не толькі ў гэтым. Трэба прызнаць відавочны факт: мы, беларусы, не любім спорт. Калі складаць партрэт сярэднестатыстычнага жыхара нашай краіны, ён (ці яна) не ходзіць на стадыён і не бегае трушком. І трэба адзначыць вось яшчэ што: у Беларусі нічога не робіцца для таго, каб сітуацыю змяніць.

    Ці адчуваеце вы цяпер футбольны бум? БАТЭ перагуляў «Ліль», грохнуў «Баварыю». Гэта перавярнула нашае стаўленне да беларускага футбола? Можа, хтосьці захацеў схадзіць на стадыён? У прэсе назіраецца ажыятаж? Для Беларусі такія поспехі — тэма на два дні паразмаўляць і забыць. Мы, і БАТЭ ў тым ліку, не ўмеем атрымліваць дывідэнды з такіх перамог.

    Пасля «Баварыі» трэнер барысаўцаў Ганчарэнка даў ажно некалькі інтэрв’ю расійскім СМІ, хаця да прэсы мае дачыненне даволі рэдка. Беларускім — ніводнага. Нягледзячы на тое, што адпаведныя замовы ў прэс-службу клуба паступалі. Дык адкуль тут узяцца буму? Зразумела, пакрасавацца перад суседзямі, у якіх, магчыма, неўзабаве давядзецца працаваць, вельмі прыемна і нават трэба. Але няўжо суседзі будуць рабіць аншлагі на «Дынама», якіх так прагне Анатоль Капскі? Можа, хлопчыкі з Уладзівастока, пачытаўшы Ганчарэнку, ламануцца ў нашы спартшколы?

    Каб пераканацца ў нашай міфічнай спартовасці, дастаткова пагартаць ТБ-праграму на тыдзень. У ёй мы знойдзем усяго адну перадачу, прысвечаную футболу, адну — хакею. Айчынная спартовая тэлежурналістыка дэградуе нават хутчэй, чым іншыя плыні. На СТВ і АНТ можна смела зачыняць спартовыя рэдакцыі. Гледачы нічога не згубяць. Цякучка кадраў, згорнутыя арыгінальныя праекты, старая карцінка, якая выкарыстоўваецца месяцамі ў выпусках навін — звыклы расклад. Хаця можна прыгадаць часы, калі сітуацыя была іншая. Цяпер ад спорту на СТВ і АНТ канчаткова не адмовяцца толькі таму, што гэта must have. Наверсе могуць не зразумець. Перыядычна гучаць размовы аб стварэнні спартовага канала пры Белтэлерадыёкампаніі (толькі там ёсць паўнавартасная спартовая рэдакцыя і моцныя кадры), але да гэтага пакуль далёка.

    Увогуле, за айчынным ТБ назіраецца дзіўны эфект. Чым часцей там кажуць пра тое, што мы добра жывем, тым мы жывем горш. Чым актыўней нас запрашаюць на выбары, тым менш людзей на выбарчых участках. Са спартовай нацыяй — такая ж барада.

    Маладыя шыкоўныя дзяўчаты скачуць у ложкі да старых прадзюсараў, каб толькі трапіць на экраны. А наш футбол больш цнатлівы.

    Дарэчы, у беларускага футбола з тэлебачаннем цікавыя адносіны. Маладыя шыкоўныя дзяўчаты скачуць у ложкі да старых прадзюсараў, каб толькі трапіць на экраны. А наш футбол больш цнатлівы. І больш недаступны (напэўна, таму, што вельмі папулярны). Калі тэлевізійнікі просяць клубы прызначыць матч першынства краіны на пэўны час, каб паказаць яго ў прамым эфіры, гэта рэдка заканчваецца без прыгод і дыскусій. Часцяком клубы спасылаюцца на нейкія нязручнасці і ўпіраюцца да апошняга. Федэрацыя ім не перашкаджае. Агульнае «імкненне» прасунуць свой спорт бліжэй да аўдыторыі — відавочнае.

    Мяркую, калі тыповы айчынны футбольны кіраўнік будзе казаць па шчырасці, то прызнаецца: заўзятары на трыбунах яму збольшага да лямпачкі. Галоўнае, каб прадпрыемствы-спонсары грошы адшпільвалі. Толькі дзякуючы ім існуюць амаль усе беларускія клубы. А што можна займець з простых заўзятараў? Квіток за Br 10 тыс.? Штосьці атрымаць цяпер — адзіны інтарэс клубаў. Пра аўдыторыю для спонсараў, пра карцінку для ТБ, пра перспектыву мала хто дбае. Хаця футбольныя менеджэры часцяком ныюць, што ім хочацца бачыць больш гледачоў на трыбунах. Праўда, яшчэ ніхто не ставіў перад сабой пэўных мэтаў у гэтай сувязі. Напрыклад, за тры гады зрабіць так, каб на кожным хатнім матчы каманды быў аншлаг (балазе, арэны ў нас невялікія). Каб людзі прыходзілі на стадыён сем’ямі. Або штосьці іншае ў такім духу. Вялікія справы пачынаюцца з малых учынкаў.

    Выбар Goals.by: расповяд пра беларускіх рэстлераў на 34mag.net

    КОММЕНТАРИИ

    Комментарии модерируются. Пишите корректно и дружелюбно.