Все новости

Экс-гімнаст Букін: «У нас ёсць толькі дзяржаўныя школы, дзе няма ні грошай, ні ўмоў. Трэба яшчэ і развіваць клубную сістэму»

19 октября 2022, 19:13

Экс-гімнаст і артыст Cirque du Soleil Сямён Букін у інтэрв’ю «Трыбуне» распавёў, як, па яго меркаванні, можна палепшыць спартыўную гімнастыку ў Беларусі.

– З чаго б ты пачаў будаваць новую спартовую гімнастыку ў Беларусі?

– Трэба змяніць падыход да мэнэджмента і да самой гімнастыкі, перайсці на клубную сістэму, то-бок развіваць прыватны спорт. І варта, каб гэтыя прыватныя клубы працавалі не на аматараў, як зараз, а на вынікі. Тады будзе і больш спаборніцтваў, і больш канкурэнцыі.

Паглядзіце на прыклад Германіі ці Францыі. У іх у гімнастыцы клубная сістэма, і там праводзяцца чэмпіянаты як у футболе, дзе сустракаюцца некалькі камандаў. У гэтыя клубы нават запрашаюць спартоўцаў з іншых краін, у іх ёсць спонсары, яны і клуб зарабляюць грошы, і турніраў вельмі шмат. Так узровень расце. А ў нас ёсць толькі дзяржаўныя школы, дзе няма ні грошай, ні ўмоў. Дзяржаўныя каманды – гэта добра, але, акрамя іх, трэба яшчэ і развіваць клубную сістэму, якая была б нацэленая на зарабленне грошай. Калі будуць зарабляцца грошы, будзе і вынік.

 – Дзяржаўны спорт не мае перспектыў?

– Зараз – дакладна не. Што да далейшых часоў, то калі ў спорце будуць вялікія грошы, як у Расіі, калі будуць дапамагаць спонсары, то і дзяржаўны спорт можа нешта прынесці. Калі ж у нас спорт будзе паўдзяржаўны ці цалкам прыватны, людзі ў ім будуць больш нацэленыя на зарабленне грошай, і гэта паспрыяе выніку.

Сістэма павінна працаваць так: мы вам даем мільён даляраў на працу, але вы нам даеце, напрыклад, праз пяць гадоў дзесяць майстраў спорту, калі не – скасоўваем супрацу. І пры гэтым будзе лепш, калі дзяржава ўвогуле адыдзе ад спорту і калі спорт стане самаакупаемы. Найлепшы прыклад – ЗША: там няма дзяржаўных гімнастычных залаў, але ж і добрыя вынікі (пачынаючы з 1976 года, зборная ЗША па спартовай гімнастыцы рэгулярна ўдзельнічае ў Алімпіядах і займае першае месца па спартовай гімнастыцы ў табліцы медалёў для дзейнічаючых зараз НАК – заўв.), – распавёў Букін.