Все новости

Сямён Букін: «Гімнастыка – вельмі дарагі спорт. Звонку можа здавацца, што для яе трэба толькі шорты, маечка і шкарпэткі, але не, трэба шмат грошай»

19 октября 2022, 21:47

Экс-гімнаст і артыст Cirque du Soleil Сямён Букін у інтэрв’ю «Трыбуне» распавёў пра тое, колькі каштуе займацца спартыўнай гімнастыкай.

– Што гэта ўвогуле такое – гімнастычны клуб?

– Перш за ўсё, гэта база, дзе могуць трэніравацца дзеці, і ўмовы на ёй павінны быць вельмі добрыя: маты, гімнастычны кілім. Гімнастыка – вельмі дарагі від спорту. Звонку можа здавацца, што для яе трэба толькі шорты, маечка і шкарпэткі, але не, трэба вельмі шмат грошай на снарады, на накладкі на снарады, на тую ж магнэзію.

Па-другое, у клубе мусяць быць якасныя трэнеры, і па-трэцяе, належнае кіраўніцтва. А дзеці як хадзілі, так і будуць хадзіць на заняткі. Назіраў, што нават у не вельмі добрых клубах ёсць дзеці, але ўсё роўна вельмі важна даваць рэкламу клуба і весці прапаганду спорту. У нас могуць хіба што павесіць нязграбныя плакаты з надпісам “Займайцеся спортам”. А калі б па таму ж тэлебачанню круцілі нейкія кароткія кліпы, класныя нарэзкі гімнастыкі ці плавання, каб людзі глядзелі гэтую прыгажосць, яны былі б зацікаўленыя.

– Як адрозніваецца аматарскі клуб ад клубу, які працуе на прафесійную гімнастыку?

– Зараз з аматарамі ў нас працуюць прыватныя клубы, а з прафесіяналамі – дзяржаўныя. Прафесійны спорт увогуле не павінен залежыць ад дзяржавы, але так здарылася, што ў нас прафесіяналамі называюць спартсменаў, якія даюць вынікі, а гэтая частка гімнастыкі зараз кіруецца дзяржавай. Аматарскі спорт зараз працуе на сябе, ад прыватнікаў ніхто не патрабуе вынікаў, яны проста зарабляюць грошы, а дзяржаўная гімнастыка грошы не зарабляе.

– Колькі трэба грошаў, каб адкрыць гімнастычны клуб?

– Дакладна не ведаю. Але адзін гімнастычны кілім каштуе 50 тысяч даляраў, і калі трэба яго прывезці ў Беларусь – такое якраз было перад Еўрапейскімі гульнямі – трэба заплаціць за мыта столькі ж. Снарады, іх у спартовай гімнастыцы шэсць, каштуюць недзе па 10 тысяч даляраў, плюс іх мусіць быць па дзве штукі. Яшчэ трэба купляць маты, магнэзію… Калі груба падлічыць, трэба недзе 300-400 тысяч даляраў, і гэта яшчэ без залы.

– На чым клуб можа зарабляць?

– Перш за ўсё, бацькі плацяць за заняткі, але калі ты маеш вынік на спаборніцтвах, ты, канешне, можаш не плаціць. Потым, калі клуб перамагае на спаборніцтвах, ён таксама зарабляе. І яшчэ ёсць такія крыніцы, як спонсары і інвестары, якім цікава дапамагаць клубу, менеджмент клуба павінен прыцягваць такіх інвестараў. У Швецыі, дзе я працаваў трэнерам, можна без інвестараў, там бацькі плоцяць шмат грошай за дзяцей, але ў Беларусі так нельга, бо няма такіх заробкаў.

– А як прыцягнуць гэтых інвестараў?

– Нейкімі льготамі ад дзяржавы. Інвестар не будзе укладваць грошы проста так, на энтузіазме бізнес не працуе.

– Як ты прапануеш матываваць клубы, каб яны працавалі на вынік?

– Матываваць трэба трэнераў, а не клубы. Калі трэнер будзе заматываваны, ён будзе даваць вынікі, а трэнеру патрэбныя ўмовы. Гэта не Савецкі Саюз, калі ні ў кога не было ні ўмоў, ні грошаў, і ўсе працавалі. Зараз гэта так не працуе, бо трэнер можа з’ехаць у любую краіну і зарабляць там, можа, і не самыя вялікія грошы, але адчуваць сябе чалавекам. Трэнер – галоўны чалавек у залі, стаўленне да яго павінна быць найвышэйшае, і заробак у трэнера мусіць быць такі, каб трэнер не плакаў, калі яго атрымлівае.

– Зараз у Беларусі шмат бацькоў гатовыя плаціць за заняткі дзяцей у прыватным клубе?

– Калі мы кажам пра сённяшнюю Беларусь, то ўсё, што я расказаў, немагчыма. Няма належных заробкаў, каб бацькі маглі плаціць, і з’язджаюць людзі, якія мелі высокія заробкі, тыя ж айцішнікі. Зараз [спартовае] кіраўніцтва можа толькі галавой матляць, яны не думаюць ні пра якія грошы.

Не кажу, што належная сістэма ў гімнастыцы створыцца за адзін дзень. Толькі тады, калі краіна будзе эканамічна адраджацца, можна будзе казаць пра нейкія змены ў спартовай сістэме, да гэтага павінны адбыцца перамены ў людзях і ў эканоміцы, павінна прыйсці свабода і эканамічны ўздым. Каму патрэбны спорт, калі ты не ведаеш, што будзеш есці заўтра і як аплоціш камуналку?

– Дзяржава мусіць неяк спрыяць стварэнню прыватных клубаў?

– Гэта магчыма рабіць і без дзяржавы, калі ў цябе хапае кантактаў і навыкаў, каб адкрыць клуб і кіраваць ім. У нас ёсць і прыклады такіх клубаў, там вельмі добра зарабляюць грошы, але вынік там нікому не патрэбны. Нам яшчэ і трэба вельмі разумны менеджмент, напэўна, трэба яго неяк навучаць, бо я не сустракаў у нашай гімнастыцы сапраўды разумных менеджераў. Зараз там людзі, якія лічаць, што не варта ўводзіць нешта наватарскае, калі ўсё і так працуе, але з такімі саўковымі метадамі мы нічога не атрымаем, – сказаў Букін.