Все новости

Былы каментатар БТРК Пуціла пра Цвячкоўскага: «Слізкі, але працуе. Ды ці цікава працаваць зараз у Беларусі, калі няма спорту, міжнародных падзей вялікіх?»

30 октября 2022, 10:55

Былы каментатар БТРК Аляксандр Пуціла ў інтэрв’ю YouTube-каналу «Честнок» ацаніў адну з хваляў беларускіх каментатараў і распавёў пра канфлікт з Аляксандрам Цвячкоўскім.

– А вось тая новая хваля, якая была: Мікалай Хадасевіч, Аляксандр Цвячкоўскі, Аляксандр Дзмітрыеў. Падаваліся яны вам моцнымі каментатарамі? Бо дакладна Цвячкоўскі яшчэ працуе.

– Дакладна разбіраюцца ў тэме, пра якую кажуць. Адзінае, што людзі набіраюць сабе рэпартажы з розных відаў спорту, вядуць і хакей, і футбол, і цяжкую атлетыку, і барацьбу і г.д. То бок гэта выключна зарабленне ганарару. Але не павінна такого быць. Я лічу, калі ты сапраўды футбольный або хакейны каментатар, то павінен менавіта ў гэтым быць. Калі нейкія былі праблемы з каментатарам барацьбы ці штосьці, я кажу Навіцкаму: «Уладзімір Мікалаевіч, вы будзеце каментаваць не ўласцівы вам від спорту?» – «Ну а што, Саша. Сяду пакаментую».

– Як рамеснікі?

– Так-так-так, гэта больш рамеснікі. Людзям, можа, не трэба рыхтавацца надта. Можа, зараз яны рыхтуюцца, не ведаю, бо ёсць база нейкая, ёсць інтэлект. Я зараз не гляджу «Беларусь 5», але рэпартажы там часта адчуваюцца павярхоўнымі, проста гавараць і ўсё. Чаму я ішоў у спорт? Для мяне рэпартаж – гэта свята, гэта сапраўды душа. «Говорит и показывает Прага!» или «Говорит и показывает Нью-Йорк, «Мэдисон-сквер-гарден»!». Канешне, гэта ўсё заводзіла і ўначы спаць не хацелася, калі глядзеў гэтыя рэпартажы.

Падабаўся, канешне, і Сяргей Новікаў, асабліва, калі па-беларуску каментаваў, потым перайшоў на расейскую. «Вечар добры, шаноўныя аматары гандбола! Мы прапануем вашай увазе рэпартаж з лёгкаатлецкага манежа ва Уруччы (цяперашні Палац спорту «Уручча» – заў. Tribuna.com). Сёння менскі СКА гуляе са Сцяуа».

– У вас яшчэ быў канфлікт з Цвячкоўскім. 

– Ну так, напісаў яму. Ён, канешне, брудна адказаў, вельмі брудна. Ну, штосьці мне не спадабаўся ягоны каментар нейкі, рэпартаж. Ды ўвогуле чалавек вельмі слізкі такі. Як мне распавялі, у Берасце ён прыязжаў на рэпартаж, і мой калега Алесь Ляўчук кажа: «Такі вельмі халодны, такі грубы, занослівы такі». Але чалавек жыве, працуе, дзякуй богу. Толькі ці цікава працаваць зараз у Беларусі і ў спартовых рэпартажах беларускіх, калі няма спорту, няма міжнародных падзей вялікіх?

– А ўвогуле як ацэніце сябе як каментатара? Тую кар’еру, якая была.

– Я перш за ўсё, канешне, хацеў бы большага. І калі я акунуўся ў гэтую сцежку, зразумеў, што ўсё ж такі жаданне вялікае, і як на самой справе выходзіць, не атрымліваецца. Пісалі каментары там, памятаю, нейкія, маўляў, той каментатар, Пуціла, пад якога можна было заснуць. Прынамсі, мне мой голас падаецца глухаватым такім, і ён кладзецца, мне здаецца, у эфір. То бок ён такі не занадта няхай гучны, але... Прынамсі, апошнія мае рэпартажы былі з «Крумкачоў», Сяргей Южык запрасіў, і адчуваў, што ўсё ж такі трэба было больш, можа быць, надаваць увагі ведам спецыяльным футбольным і ўвогуле спартовым. То бок больш, відаць, аматар, чым прафесіянал у гэтым, шчыра кажучы, – адзначыў Пуціла.