Загрузить фотографиюОчиститьИскать

    «Спорт не павінен быць палітызаваным»

    Вядомы беларускі паэт, які так і не стаў прэзідэнтам, калісьці займаўся ў трэнера Аляксандра Мядзведзя. Але барцом Някляеў таксама не стаў. У інтэрв’ю Goals.by пісьменнік тлумачыць, чаму не можа падтрымліваць беларускіх спартоўцаў усім сэрцам. Разважае пра магчымы перанос хакейнага чэмпіяната свету-2014. А таксама ўзгадвае, як раней людзі са слязьмі глядзелі на свой сцяг.

    Уладзімір Някляеў завязаў са спорта з-за траўмы
    Уладзімір Някляеў завязаў са спорта з-за траўмы
    NeklyaevУладзімір Някляеў завязаў са спортам з-за траўмы telegraf.by

    Вядомы беларускі паэт, які так і не стаў прэзідэнтам, калісьці займаўся ў трэнера Аляксандра Мядзведзя. Але барцом Някляеў таксама не стаў. У інтэрв’ю Goals.by пісьменнік тлумачыць, чаму не можа падтрымліваць беларускіх спартоўцаў усім сэрцам. Разважае пра магчымы перанос хакейнага чэмпіяната свету-2014. А таксама ўзгадвае, як раней людзі са слязьмі глядзелі на свой сцяг.

    «Пасля спорта прыйшлося «ўключыць» галаву»

    — Хто такі Ўладзімір Някляеў?

    — Уначы — паэт, удзень — грамадскі дзеяч. Для таго, каб нешта пісаць, не звязанае з палітыкай, застаецца толькі ноч. Сплю апошнім часам мала. Гадзіны тры-чатыры.

    — Што пішаце?

    — Гледзячы якая ноч! Зараз, шчыра кажучы, больш вершы, а зімой пісаў прозу. Скончыў адну з аповесцей, якая тычыцца маёй маладосці. Таго часу, калі я яшчэ займаўся спортам.

    — І чым вы займаліся?

    — Вольнай барацьбой. Трэніраваўся ў Паўла Грыгор’ева, які працаваў з нашым знакамітым, легендарным барцом-вольнікам Аляксандрам Мядзведзем.

    — Чаму кінулі заняткі спортам?

    — Шчыра кажучы, усё ішло вельмі някепска — шмат выступаў на гарадскіх спаборніцтвах. Але ў хуткім часе атрымаў траўму, якая не дазволіла працягваць заняткі любым спортам. Тады прыйшлося «ўключыць» галаву.

    — Новы «зімовы» твор выйдзе ў складанцы ці кніжкай?

    Я быў стылягай, як і ўсе мае сябры. У нас былі каляровыя кашулі, з пальмамі, з малпамі, з бананамі.

    — Мяркую, што кніжкай. Ужо прыдумаў назву – «Аўтамат з газаванай вадой, з сіропам і без». Сёння людзям у тваім узросце цяжка ўявіць, што некалі Мінск быў увесь у аўтаматах, якія за капейкі частавалі газаванай вадой. Адзін з першых аўтаматаў з’явіўся на месцы, дзе Камсамольская вуліца ўпіраецца ў Нямігу. Там заўжды была такая чарга! Лета, сонейка, залацісты сіроп, пена ў шклянцы, звон і пчолы. Натоўп людзей: мужчыны, апранутыя ў саламяныя капялюшы, жанчыны, якім не столькі хацелася піць, як быць разам. І мне хацелася таго ж. Нашы тагачасныя кнігі, размовы ў Ленінскай бібліятэцы. Наш пратэст супраць шэрасці жыцця… Я быў стылягай, як і ўсе мае сябры. У нас былі каляровыя кашулі, з пальмамі, з малпамі, з бананамі. Нас лавілі камсамольскія патрулі, разразалі нам порткі. Гэта было на пачатку 60-х, у час хрушчоўскай адлігі. Непадалёк ад вуліцы Энгельса, на прыступках Тэатра юнага гледача, збіраліся людзі, чыталі крамольныя вершы. Упершыню там спаткаўся з людзьмі, з якімі пасля сябраваў амаль усё жыццё. Упершыню там прачытаў свае вершы. Пра гэта мая новая аповесць.

    — Калі казаць пра сённяшні час, шэры ён ці каляровы?

    — Шэрым цяперашні час цяжка назваць. Іншая справа, што сёння асноўныя колеры — чырвоны і зялёны. Мне падабаецца суседства чырвонага з белым. З эстэтычнага пункту гледжання такая афарбоўка сцяга мне падаецца лепшай. Тое, што маем, маем праз выпадак у гісторыі. Беларусы, калі атрымалі незалежнасць, яшчэ не адчувалі сябе нацыяй, народам. Таму мы не змаглі распарадзіцца незалежнасцю як след. Так бывае, але ўсё прамінае. Усё становіцца на сваё месца, жыццё доўжыцца, а гісторыя працягваецца. Сёння, хай і крывую, але мы маем сваю Беларусь. Не такую незалежную, як нам бы хацелася. Але незалежную. Гэта ўжо рэальнасць, а не міф. З гэтым пры нашых намаганнях мы зможам зрабіць нешта.

    — Але існуюць шматлікія абмежаванні. Вам, напрыклад, трэба з’яўляцца па месцы прапіскі да 22.00. Вам забаронена пакідаць межы краіны больш, чым на месяц. Вы павінны з’яўляцца па першаму патрабаванню на допыты…

    — Фармальна я дагэтуль у турме. А ведаеш, як страшна заўтра сапраўды ў ёй апынуцца? Прычым ні за што. У сваім юнацтве меў выпадковае дачыненне да групоўкі Кіма Хадзеява. Праз кнігі, якія былі забаронены. Хадзееў, бадай, адзіны беларускі класічны дысідэнт. У 1949 годзе, яшчэ пры жыцці Сталіна, на камсамольскім сходзе ва ўніверсітэце з трыбуны сказаў, што Сталін — крывавы людажэр. Гэта было настолькі нечакана, што яго судзілі, потым прызналі не зусім нармальным. Толькі ненармальны, як лічылася, мог сказаць такое ў адной з самых прасавецкіх рэспублік Саюза. Калі Кім Хадзеяў выйшаў з турмы, я сутыкнуўся спачатку з яго групоўкай, а потым — з Камітэтам дзяржбяспекі. Баяўся, бо жыў яшчэ страх 30-х гадоў. Калаціўся на першых допытах, але адчуваў сябе невінаватым. Сёння я таксама ні ў чым не вінаваты, і не 30-я гады цяпер, але зараз могуць сюды ўвайсці і сказаць: «Вы нешта не пра тое разважаеце згодна з такім артыкулам». Павядуць нас з табой пад белыя ручкі і пасадзяць у тую самую «амерыканку», у якой я ўжо меў шчасце пабываць.

    Ведаешь, турма, зняволенне — гэта адно. Але ёсць яшчэ жыццё без турмы, у якім трэба зарабляць на хлеб. Яны баяцца не турмы, а таго, што іх родным, блізкім заўтра не будзе, што есці, калі яны звяжуцца з Някляевым дзеля іншай будучыні. Страх сядзіць у генах беларусаў. То з Расіі прыйдуць… Вось таварыш Сувораў, прозвішчам якога названа вучэльня абаронцаў Айчыны, вуліца, музей. А што зрабіў Сувораў? Дзве траціны беларусаў перавесіў. Такога не было нават у часы апошняй вайны! То з Захаду прыйдуць. Людзі жывуць, абы выжыць. Так званая беларуская памяркоўнасць — гэта страх за тое, што не прадоўжыцца род. Каб выкарчаваць гэта, мала і трох пакаленняў. Але такі шлях прайшлі многія народы. Прайшлі яго самастойна. Мы такі шлях пакуль не адолелі.

    «Сядзі ціха! А мы будзем на каньках катацца, у хакей гуляць»

    — Санкцыі з боку Еўразвяза могуць прымусіць уладу да дыялогу?

    — Трэба душыць, ціснуць на рэжым. Каб ён не адчуваў сябе камфортна, каб ён рабіў памылкі, што і адбываецца. Сістэма нярвуецца, гэта факт. Еўропа і Злучаныя Штаты нічым нам не абавязаны, а то нехта кажа, што няма з іх боку падтрымкі. А што мы робім самі для сябе? А ці рабілі мы французскую рэвалюцыю ці прымалі ўдзел у грамадзянскай вайне ў ЗША? Там самі справіліся са сваімі праблемамі. Мы толькі на пачатку станаўлення дзяржаўнасці.

    — «Трэба душыць, ціснуць на рэжым», — кажаце вы. Але санкцыі апошнім часам тычацца і спорта. Гэта правільна?

    — Ты маеш на ўвазе магчымы перанос чэмпіяната свету па хакеі?

    — У тым ліку.

    Калі атрымаецца перанесці чэмпіянат, буду вітаць гэтую ініцыятыву. Не таму, што беларусы не заслугоўваюць турнір. Заслугоўваюць.

    — Калі атрымаецца перанесці чэмпіянат, буду вітаць гэтую ініцыятыву. Не таму, што беларусы не заслугоўваюць турнір. Заслугоўваюць. Справа ў тым, што пра Беларусь, шчыра кажучы, ужо не ведаюць нават у Літве, не тое, што ў свеце. Хакей — гэта спорт нумар два. Праз хакей пра краіну людзі дазнаюцца. Ёсць такая дзяржава, з якой некуды пераносіцца чэмпіянат свету! Чаму пераносіцца? А ў іх там дыктатура! Во чаму, а не таму, што ў іх лёду нямашака! Сродкі інфармацыі больш пішуць пра Беларусь апошнім часам. І гэта добра.

    — Вашы словы: «Мне б не хацелася, каб мае сябры сядзелі ў турме, а Лукашэнка забаўляўся на «Мінск-Арэне»…

    — Падчас любога свята, бывае, сядзіш у цэнтры Мінска, бачыш праспект, плошчу і думаеш: «Народ, дзяржава! Я ж хацеў! За гэта сядзеў…» А людзі навокал быццам адказваюць: «Сядзі ціха! А мы будзем на каньках катацца, у хакей гуляць». Як увогуле можна ісці на гэты чэмпіянат свету, калі ў турмах сядзяць ні ў чым не павінныя людзі? Не разумею.

    «Усе спартоўцы бягуць ля Гаспадара»

    — Санкцыі нядаўна распаўсюдзіліся на сяброў рэжыма. Так з'явілася небяспека, што мінскае «Дынама», калі будзе прымаць удзел у еўракубках, можа патрапіць пад раздачу. Бо належыць бізнэсоўцу Юрыю Чыжу. Гэта справядліва?

    — Справядліва. Няма чаго спартоўцам дурыць галаву людзям, кажучы: «Мы — асобна ад рэжыму. Мы проста ў хакей, у футбол гуляем, спяваем, скачам! А пры чым тут тое, што Лукашэнка некага турнуў?» Не, хлопцы, пры чым! Гуляеце, і людзі ходзяць на вас, плоцяць вам са сваёй кішэні, спансуюць спорт, уладу. Не трэба прыкрывацца, гаворачы: «Мы — бізнэс!» Які бізнэс? Ведаем, які! «Смотрящие» – так называюць «бізнэсоўцаў» у крымінальным свеце. Яны абслугоўваюць рэжым!

    Я падзяляю спартоўцаў на два віда. Так сталася адразу пасля знаёмства з барацьбой. Грыгор’еў заўсёды казаў: «Адныя — з галавой, другія — без яе». Дык вось, спартоўцу з галавой не ўсё адно, які сцяг ён абараняе і якую па сутнасці краіну прадстаўляе. Ці гэта краіна справядлівасці, дабра і дэмакратыі, ці краіна дыктатуры. Я помню, як спартоўцы, заўзятары глядзелі на бел-чырвона-белы сцяг са слязьмі захаплення напачатку 90-х. Было адчуванне сапраўднай свабоды. Спартоўцы распавядалі, што іх перапаўняла радасць не толькі за тое, чаго яны дасягнулі, але і за бездакорнасць. Сваю справу яны рабілі шчыра.

    — Біятланістка Дар’я Домрачава — шчырая?

    — Я чытаў яе словы аб тым, што яна змагаецца за чырвона-зялёны сцяг. Тут была такая справа, што трэба было нешта адказаць на правакацыйнае пытанне, каб ад яе адчапіліся, далі магчымасць далей бегчы па лыжні і страляць. Сказаць нешта іншае — зусім не тое, што ў зборнай па біятлоне няма патронаў. Гэта горш.

    — Другая справа, што Домрачава можа бегчы па лыжні разам з кіраўнікамі дзяржавы. Ці не выраз гэта грамадзянскай пазіцыі?

    У тым і штука, што ўсе спартоўцы бягуць ля Гаспадара. Не ўсе людзі здольны ахвяраваць чымсьці асабістым дзеля агульнага.

    — У тым і штука, што ўсе спартоўцы бягуць ля Гаспадара. Не ўсе людзі здольны ахвяраваць чымсьці асабістым дзеля агульнага. Большасць людзей у свеце — прыстасаванцы.

    — Малатабоец Вадзім Дзевятоўскі — прыстасаванец? Вадзім быў даверанай асобай прэзідэнта на выбарах, а пасля Плошчы-2010 сказаў: «Наўрад ці на плошчы Незалежнасці былі людзі, якія верылі ў тое, што яны рабілі. Хутчэй за ўсё, яны хацелі зрабіць «карцінку на экране».

    — Пры ягоным выбары ён нічога іншага сказаць не мог. Выказванне Дзевятоўскага, мякка кажучы, неразумнае. Тыя людзі, якія выйшлі на Плошчу, адзіныя з усіх ведалі, што рабілі. Перш, чым пайсці на Плошчу, яны дзесяць разоў узважылі, бо ведалі наступствы. Гэта лепшыя спартоўцы гэтай краіны, што б там ні казалі Лукашэнка, Дзевятоўскі ці ўсе яны разам. Людзі гулялі ў высакародны від спорту. Калі вялікая гульня, тады і жыццё вялікае.

    — Ці ёсць сярод спартоўцаў людзі, якімі вы захапляецеся?

    — Не, таму што на мяне моцна ўплываюць адносіны да Лукашэнкі, да рэжыму, які ён стварыў. Гэта значыць, і да ўсіх тых, хто так ці інакш гэты рэжым прадстаўляе. Спартоўцы, хочаш не хочаш, з ім. Часам думаеш, што гэта ён паставіў Домрачаву на лыжню, што гэта ён ёй лыжы націрае, ледзве не страляе за яе. Малайчына Вікторыя Азаранка, нічога не магу сказаць. Упершыню ў гісторыі тэніса беларуска — першая ракетка свету. Але ўсё адно. Быццам яе пабеды спрыяюць рэжыму і Лукашэнку персанальна. Таму не магу радавацца ўсёй душой.

    — Тэлефанаваў вам падчас перадвыбарнай гонкі, пытаўся, што будзе са спортам, калі вы станеце прэзідэнтам. Вы адказалі, што ўсё будзе добра. А калі падрабязней?

    — Спорт не павінен быць палітызаваным, вось што я хачу данесці. А ў нас гэта ідзе яшчэ з савецкіх часоў. Праз гэта ў нас нямашака сур’ёзных дасягненняў. А калі ёсць, то звычайна насуперак…

    КОММЕНТАРИИ

    Комментарии модерируются. Пишите корректно и дружелюбно.