Tribuna/Футбол/Блоги/Хорошие тексты/50 фактаў, чаму МУС памыляецца

50 фактаў, чаму МУС памыляецца

Арганізатары кампаніі па папулярызацыі нацыянальнай сімволікі Беларусі сабралі 50 фактаў у храналагічнай паслядоўнасці, пачынаючы з XV стагоддзя і да сённяшніх дзён, якія бясспрэчна даказваюць гісторыка-культурную і нацыянальную вартасць бел-чырвона-белага сцяга для Рэспублікі Беларусь.

27 ноября 2015, 16:05
6

Арганізатары кампаніі па папулярызацыі нацыянальнай сімволікі Беларусі сабралі 50 фактаў у храналагічнай паслядоўнасці, пачынаючы з XV стагоддзя і да сённяшніх дзён, якія бясспрэчна даказваюць гісторыка-культурную і нацыянальную вартасць бел-чырвона-белага сцяга для Рэспублікі Беларусь.

Гэтыя факты сталі асноваю і зместам абгрунтавання, якое было падрыхтавана актывістамі кампаніі разам з гісторыкамі і навукоўцамі для Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і накіравана туды разам са зваротам дадаць бел-чырвона-белы сцяг у спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

1. 1410 год. Беларускія даследчыкі браты Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з аль-кітабаў звесткі пра татарскую конніцу, якая брала ўдзел у Грунвальдскай бітве пад бел-чырвона-белым сцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Менавіта з прычыны прыналежнасці бел-чырвона-белага палотнішча да выбітнага вялікага князя дзеячы нацыянальна-вызваленчага руху пачалі актыўна прапагандаваць яго як гістарычны сцяг беларусаў.

2. 1444 год. Чырвоны крыж на белым палотнішчы — баявы сцяг войска ВКЛ у XV стагоддзі. Паводле гравюры «Бітва пад Варнай» з хронікі Марціна Бельскага.

Гравюра «Бітва пад Варнай», 1444 год

3. Каля 1520 года. Створана вялікае палатно «Бітва пад Воршай 8 верасня 1514 г.» Яго аўтар, мяркуюць гісторыкі, быў удзельнікам бітвы, а захоўваецца яно ў варшаўскім Нацыянальным музеі. На карціне з фатаграфічнай дасканаласцю ўзноўленыя дэталі перамогі над утрая большым маскоўскім войскам.

Карціна «Бітва пад Воршай 8 верасня 1514 г.», 1520 год

Вялікалітоўская кавалерыя карысталася сцягам Святога Юрыя — чырвоны крыж на белым палотнішчы, які, хутчэй за ўсё, стаў прататыпам бел-чырвона-белага сцяга.

Сцяг Святога Юрыя

4. XVI стагоддзе. У Вялікім Княстве Літоўскім вялікае пашырэнне атрымаў шляхецкі герб «Котвіч»: «у срэбным полі чырвоны пас» — выява бел-чырвона-белага сцяга.

5. 1605 год. Пасля Люблінскай уніі 1569 года рабіліся спробы стварыць аб’яднаны сцяг для Рэчы Паспалітай — аб’яднаных Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. У 1605 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт III Ваза пачаў выкарыстоўваць трохпалосны чырвона-бела-чырвоны сцяг, а крыху пазней з’явіўся бел-чырвона-бела-чырвоны сцяг.

6. 1630 год. Ёсць згадкі пра бел-чырвона-белыя сцягі на карціне Пітэра Снаерса прысвечанай бітве 1605 года пад Кірхгольмам.

Карціна Пітэра Снаерса прысвечаная бітве 1605-га года пад Кірхгольмам, 1630 год

7. XVI—XVIII стагоддзі. Беларускія татары выстаўлялі войска пад уласнай харугвай бел-чырвона-белага колеру з выявай па цэнтры паўмесяца і зоркі.

8. 1776—1783 гады. Ротны сцяг беларускай гусарскай харугвы.

9. 1781 год. Герб Віцебску.

10. 1812 год. У Дзяржаўным музеі Літвы ў Вільні захоўваецца значок 19-га палка ўланаў: Ашмянскі, Троцкі, Ковенскі, Гарадзенскі, Лідскі, Наваградскі, Слонімскі, Ваўкавыскі паветы.

11. 1824—1825 гады. Галаўны ўбор палкоўніка Беларускага гусарскага палка.

12. 1824—1825 гады. Ківер ніжніх чыноў Гарадзенскага лейб-гвардыі гусарскага палка.

13. 1840 год. Герб Віцебскай губерні (з фондаў Дэпартамэнту Геральдыі Расійскай імперыі).

14. 1850 год. Малюнак герба Лепеля (з фондаў Дэпартамэнту Геральдыі Расійскай імперыі).

15. 1863 год. У час паўстання 1863—1864 гадоў, калі Кастусь Каліноўскі вярнуўся да герба «Пагоня», ёсць падставы меркаваць, што ён адрадзіў да жыцця і бел-чырвона-белы сцяг: у Віленскім гістарычна-этнаграфічным музеі захоўваецца трыкутны сцяжок тых часоў, на якім у сярэдзіне, уздоўж белага поля, праведзена чырвоная паласа.

16. 1872 год. Бел-чырвона-белыя сцягі на карціне Яна Матэйкі «Стэфан Баторый пад Псковам».

Карціна Яна Матэйкі «Стэфан Баторый пад Псковам»

17. 1909—1912 гады. Бел-чырвона-белымі лентамі карыстаюцца сябры гурткоў дэмакратычнага беларускага студэнцтва ў Санкт-Пецярбургу (з успамінаў Я. Ф. Сушынскага).

18. 1916 год. Сцяг з бел-чырвона-белым палотнішчам мела арганізацыя «Сувязь незалежнай Беларусі», якой кіраваў Вацлаў Ластоўскі.

19. Люты 1917 год. Паводле шматлікіх сведчанняў, праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сцяга распрацаваў беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі не пазней за 1917 год .

Спробу гістарычнай рэканструкцыі працэсу стварэння сцяга Дуж-Душэўскім зрабіў блогер Skepsus :

Лютаўскім вечарам 1917-га Клаўдзій, перабіраючы старыя кнігі, намагаўся ў бясконцых спробах вынайсці нацыянальны сцяг, які павінен быў стаць сімвалам адроджанай Беларусі. З колерамі ўсё было зразумела (белы і чырвоны), але праблемаю заставаўся малюнак. Пошукам вырашэння задачы перашкаджала дыскусія, якую ў суседнім пакоі вялі сябры па руху абуджэння. Раптам адзін з іх з крыкам «Дзе два беларусы, там тры партыі» выскачыў з памяшкання як ашпараны. Гэта стала тым штуршком, які прывёў Клаўдзія да адкрыцця: дзве белыя паласы на трохпалосным сцягу. Ранкам бел-чырвона-белы сцяг быў зацверджаны як прыгожы, лаканічны і адпавядаючы законам геральдыкі. Аб сапраўднай тэарытычнай падаплёцы Дуж-Душэўскі разважліва змаўчаў.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі (злева), снежань 1919 года

20. 10-13 сакавіка 1917 года. Бел-чырвона-белы сцяг стаў галоўным элементам падчас свята «Дзень беларускага значка», калі бел-чырвона-белыя значкі, кукарды і сцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Мінску. Сцягі, пашытыя паводле эскіза Клаўдзія Дуж-Душэўскага былі разасланыя ў мясцовыя арганізацыі.

21. 5 жніўня 1917 года. На 1-й сесіі Беларускай цэнтральнай рады было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення.

22. Снежань 1917 года. У Мінску пад бел-чырвона-белымі сцягамі распачаў сваю працу Першы Усебеларускі кангрэс .

Паводле ўспамінаў Канстанціна Езавітава:

«Адкрыццё Першага Усебеларускага кангрэсу было дужа ўрачыстае. Пры дзвярах будынка стаяла варта Першага Мінскага беларускага палка, сцэна была ўпрыгожана нацыянальнымі сцягамі і гербам Пагоня».

Цэлы пакет старых папераў, датаваных пачаткам ХХ стагоддзя, удалося ўратаваць падчас рэканструкцыі Купалаўскага тэатра ў 2013-м годзе. Сярод унікальных знаходак — выява бел-чырвона-белага сцяга на шэрым кардоне. Адмыслоўцы не выключаюць, што такія карткі выкарыстоўвалі ў часе галасавання дэлегаты Першага Усебеларускага кангрэсу ў снежні 1917-га.

Выява бел-чырвона-белага сцяга на шэрым кардоне. 1917 год

23. 25-27 студзеня 1918 года. Бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся падчас Беларускай нацыянальнай канферэнцыі.

24. 19 лютага 1918 года. Упершыню беларускі сцяг узняўся над будынкам губернатарскага палаца ў Мінску пасля выгнання бальшавікоў.

25. 5 жніўня 1918 года. З’яўляецца дакумент, якім Сакратарыят БНР зацвярджае бел-чырвона-белы сцяг.

Шыльда вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі

26. 11 жніўня 1918 года. У газеце «Вольная Беларусь» з’яўляецца першае апісанне сцяга. У артыкулеВацлава Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму Беларусу» ў раздзеле VII «Сімвалы Беларусі» ён піша:

«Якія нацыянальныя колеры? Нацыянальны беларускі колер — бела-чырвоны. 3 гэтых колераў састаўлен і беларускі флаг, які складаецца з трох уздоўж палосак — белай, чырвонай і зноў белай».

27. 1918 год. Друкуюцца паштоўкі з дзяржаўнымі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паштоўка часоў БНР, 1918 год

28. 1919-1925 гады. У снежні 1918 года ў Мінск ізноў вярнулася савецкая ўлада, а ўрад БНР перабраўся ў 1919 годзе ў Вільню, дзе і працягваў функцыянаваць да 1925 года. Сцяг Рады БНР 1920-1925 гадоў уяўляў сабой бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг, дапоўнены дзвюма вузкімі, верагодна чорнымі (жалобнымі), палоскамі, якія падзяляюць белы і чырвоны колеры.

Жалобны бел-чырвона-белы сцяг

У архіве А. Басава захаваўся чорна-белы фотаздымак тых гадоў. Эміграцыя, нават калі ў дадзеным выпадку і адносная (няма дзяржавы, але ў раёне Вільні пражывала вельмі шмат беларусаў),— гэта заўсёды трагедыя для тых, хто любіць сваю Радзіму, і знак жалобы з’яўляецца такім натуральным у гэтай сітуацыі.

Беларуская эміграцыя ў Вільні

29. 1920 год. Бел-чырвона-белым сцягам, як беларускім і дзяржаўным, карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстання і вайсковыя фарміраванні Булак-Балаховіча.

30. 1920 год. Сцяг Беларускага адмысловага батальёна ў складзе войска Літвы (1920). Пасля далучэння Літвы да СССР сцяг канфіскаваў Народны камісарыят унутраных спраў.

31. 1920-1922 гады. Факт існавання беларускага бел-чырвона-белага сцяга перашкодзіў праекту Л. Гросвальдса, які прапаноўваў падобны сцяг на ролю дзяржаўнага сцяга незалежнай Латвіі.

32. 1926 год. У перыяд з 1924 па 1927 год БССР фактычна не мела свайго дзяржаўнага сцяга. Паводле ўспамінаў удзельнікаў канферэнцыі па рэформе беларускай мовы 1926 года, памяшканне будынка ў Мінску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бел-чырвона-белае сонца з пяццю бел-чырвона-белымі прамянямі.

33. 1927 год. Бел-чырвона-белы сцяг актыўна выкарыстоўваўся нацыянальна-вызваленчым рухам у акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі. На здымку з’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Вільні.

З’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Вільні, 1927 год

34. 1927-1930 гады. Выкарыстоўваўся сцяг і непалітычнымі арганізацыямі, такімі як, напрыклад, Таварыства беларускай школы. На фотаздымках гурткі ТБШ у Гродне і Міры.

Сябры Гарадзенскага гуртка ТБШ, 1927 год

Гурток Таварыства беларускай школы ў Міры, 1930 год

35. 1927 год. Абмяркоўваецца праект герба БССР, які ў агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бел-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцый, аднак Прэзідыўм ЦВК у выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай.

36. 1932 год. Вымпел Дняпроўска-Дзвінскага параходства, які з’явіўся, імаверна, у 1932 годзе, уяўляў сабою трыкутнае палотнішча з чырвоным ромбам, астатнія часткі палотнішча былі белымі. У наступныя гады назва параходства змянілася на Верхне-Дняпроўскае, а затым на Беларускае рачное.

Вымпел Дняпроўска-Дзвінскага параходства, 1932 год

37. 31 жніўня 1934 года. Пра ўласнае аўтарства беларускага нацыянальнага сцяга ва ўспамінах пішаКлаўдзій Дуж-Душэўскі (пераклад з літоўскай):

«Цікава адзначыць, што беларусы лічылі сваім дзяржаўным сцягам такі ж сцяг, як і літоўцы, г. зн. белы вершнік на чырвоным фоне, але нацыянальнага сцяга тады яшчэ не было і мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, адзін з якіх быў прыняты, а менавіта белая, чырвоная і белая палосы. З гэтага часу гэты сцяг і з’яўляецца беларускім нацыянальным сцягам». 

Успаміны Клаўдзія Дуж-Душэўскі (пераклад з літоўскай), 1934 год

38. 1941-1944 гады. У Другую сусветную вайну бел-чырвона-белы сцяг разам з іншымі нацыянальнымі сімваламі вярнуў да ўжытку калабарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада).

Мінскі гарадскі тэатр, 1943 год

Як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14 чэрвеня 1944), гэтае выкарыстанне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі.

У Мінску пад час Другой сусветнай вайны

Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гаўляйтэрам Беларусі Вільгельма Кубэ і надрукаванае ў газеце «Раніца» (27 чэрвеня 1942), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сцягам побач з нямецкай сімволікай «пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці» апынулася, паводле вынікаў пазнейшых даследаванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі.

Сёння праціўнікі бел-чырвона-белага сцяга часта ўжываюць гэты факт для дыскрэдытацыі сваіх апанентаў, абвінавачваючы іх у фашызме. Пры гэтым звычайна замоўчваецца, што аналагічным чынам нямецкія вайсковыя фармаванні выкарыстоўвалі цяперашнія сцягі Бельгіі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Нідэрландаў, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі і некаторых інш. краінаў Еўропы і Азіі.

39. Чэрвень 1944 года. Парад Беларускай краёвай абароны ў Мінску ля цяперашняга Дому ўраду.

40. 27 чэрвеня 1944 года. Адбыўся Другі Усебеларускі Кангрэс. Уражанні Яўхіма Кіпеля з кнігі «Эпізоды»:

«Дзень 27 чэрвеня 1944 года ўспамінаецца мне ўрачыстым, па-сапраўднаму святочным: у Мінску пачалі хадзіць трамваі, упрыгожаныя нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, на вуліцах шмат руху, усюды ва ўстановах людзі з правінцыі, багата моладзі — бальшыня ва ўніформах СБМ».

Другі Усебеларускі Кангрэс праходзіў у Мінскім гарадскім тэатры. Уваход быў упрыгожаны «Пагоняй» і бел-чырвона-белымі сцягамі, а будынак ахоўвалі ад магчымых правакацый — як з боку немцаў, так і з боку савецкіх падпольшчыкаў-тэрарыстаў — жаўнеры Беларускай Краёвай Абароны.

Другі Усебеларускі Кангрэс у Мінскім гарадскім тэатры, 1944 год

41. 50-80-я гады XX стагоддзя. У савецкі час у БССР бел-чырвона-белы сцяг трапляе пад забарону, але актыўна выкарыстоўваецца беларускай дыяспарай за мяжою.

Беларускае святкаванне ў Таронта,1971 год

42. 24 жніўня 1991 года. Дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сцяг у Вярхоўны Савет БССР.

Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сцяг у Вярхоўны Савет БССР, 1991 год

На наступны дзень, 25 жніўня, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, якая была прынятая 27 ліпеня 1990-га года Вярхоўным Саветам БССР, быў нададзены статус канстытуцыйнага закона.

43. 19 верасня 1991 года. Вярхоўны Савет БССР прыняў законы «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», а таксама аб назве нашай краіны. У адпаведнасці з гэтымі законамі краіна стала называцца Рэспублікай Беларусь і была ўведзеная новая дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

Вытрымка з закона «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь», 1991 год

44. Верасень 1991 года. Адразу пасля прыняцця закона «Аб дзяржаўных сімвалах» на Доме ўраду з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг, які загадзя прынеслі дэпутаты з БНФ.

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» на Доме ўраду, 1991 год

45. 4 кастрычніка 1991 года. Была сфарміраваная спецыяльная Камісія пры Прэзідыўме Вярхоўнага Савета для распрацоўкі і зацвярджэння дзяржаўнай сімволікі, атрыбутыкі і адпаведных дакументаў да іх. У яе ўваходзіла больш за 20 чалавек: вядомыя гісторыкі, мастакі, дызайнеры, мастацтвазнаўцы. Узначаліў Камісію дэпутат Алег Трусаў.

У мастацкую групу ўвайшлі Яўген КулікМікола КупаваЛявон БартлаўЛеў Талбузін і Уладзімір Крукоўскі. Праца працягвалася амаль тры месяцы. У працы над эталонамі, маторам усёй акцыі быў мастак Яўген Кулік. Над гербам найбольш давялося працаваць Куліку і Крукоўскаму. Талбузін займаўся навершам сцяга, а потым, калі былі гатовы графічны і каляровы эталоны, пачаў ляпіць рэльеф (аб’ёмны эталон). Купава рабіў узоры дзяржаўных пячатак, Крукоўскаму давялося яшчэ зрабіць новы нагрудны знак дэпутата.

46. 1993 год. Выйшла кніга Вінцука Вячоркі з ілюстрацыямі Пятра Драчова для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Пра герб і сцяг». Кніга разышлася накладам больш за сто тысячаў. З таго часу не перавыдавалася.

Вокладка кнігі «Пра герб і сцяг», 1993 год

47. 20 ліпеня 1994 года. Пад бел-чырвона-белым сцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

48. 27 ліпеня 1994 года. Адзначаецца Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Піша Юры Малярэўскі:

«Дзень незалежнасці 27 ліпеня 1994 года быў адметны ад папярэдніх тым, што адчувалася сапраўднае свята. У кожнага яно было сваё, але было і нешта агульнае, што ў той дзень яднала ўсіх. Таму ў святочных калонах ішлі такія розныя і да болю знаёмыя людзі, адчуваўшыя сябе грамадзянамі адной дзяржавы. Паглядзіце на здымкі: тры бабулі, пагодкі Кастрычніка 17-га, святое духавенства, якое, як і належыць, было ў той дзень поруч са сваімі вернікамі (хоць і не зусім поруч, але ж непадалёку), шчаслівы Зянон Пазняк, разважлівы, задуменны Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін… Эх, як бы хацелася, каб тое хлапчанё, што ўмасцілася на бацькавым карку з бел-чырвона-белым сцяжком, за які яшчэ не вельмі даўно нам давалі (і зараз зноўку даюць) паспытаць “гумы з чаромхай”, пачувала сябе беларусам, годным чалавекам ды сапраўдным патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Каб і праз сто, і праз дзвесце гадоў, і праз цэлую вечнасць нашчадкі годна адзначалі светлае свята — Дзень незалежнасці (але не ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў!), прамаўляючы вечныя словы: Жыве Беларусь!».

Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Фота Юрыя Малярэўскага. 1994 год

49. 31 траўня 2013 года. Выйшла музычная складанка «Сімвалы веры і свабоды», якая прысвечаная бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня».

Вокладка складанкі «Сімвалы веры і свабоды». 2013 год

50. Кастрычнік 2013 года. Алег Трусаў і Аляўціна Вячорка перадалі ў рэдакцыю «Арт Сядзібы» арыгіналы негатываў, першыя фотаздымкі і дакументы, з якіх у 1991-м годзе друкаваліся і тыражыраваліся дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь, а таксама першыя акты аб прыняцці сцяга і герба.

Фотаздымкі макетаў, з якіх друкавалася дзяржаўная сімволіка, 1991 год

 

Другие посты блога

Все посты