Tribuna/Биатлон/Блоги/«Порою блажь великая»/На Алімпіяду ў Беларусі ўсім пофіг? Вось толькі не трэба сябе падманваць, хаця какашак у сацсетках хапае

На Алімпіяду ў Беларусі ўсім пофіг? Вось толькі не трэба сябе падманваць, хаця какашак у сацсетках хапае

Такая розная краіна.

10 февраля 2022, 08:38
3
На Алімпіяду ў Беларусі ўсім пофіг? Вось толькі не трэба сябе падманваць, хаця какашак у сацсетках хапае

Такая розная краіна.

Ух, як ім сорамна! Як ім няёмка! Гэта толькі ў інстаграме ўсмешкі, прыколы, смачная ежа, шопінг, а насамрэч яны перажываюць. Не могуць ні трэніравацца, ні выступаць – уласна, таму і вынікі на Алімпіядзе такія. Зачыніўшыся ў распранальні, яны плачуць, бо адчуваюць, як іх акутваюць флюіды пагарды, што сыходзяць ад мільёнаў беларусаў. Гордых беларусаў з накінутымі на плечы БЧБ-сцягамі.

Не вельмі разумею тых, хто шчыра верыць у гэта – у маральныя пакуты беларускіх спартоўцаў і ўплыў гэтых пакут на спартыўныя дасягненні. Навошта сябе падманваць і драматызаваць? Хаця драматызацыя – гэта цікава, яна абуджае эмоцыі, часам падзараджае, асабліва калі дапамагае верыць у тое, у што хочаш верыць.

Нават тыя са спартоўцаў, хто сапраўды перажываў за краіну і суайчыннікаў (а можа, і па сёння перажывае), ужо навучыліся хаваць свае пачуцці. І навучыліся з гэтымі пачуццямі жыць. Як навучыліся і сотні тысяч іншых беларусаў, якія ходзяць на працу і ў кавярні, але не ходзяць на акцыі пратэсту. Можа, хтосьці не заўважыў, але нават лакальных маршаў у Беларусі не было дзесьці як год – страшна. Ну і спартоўцам страшна (яны бачаць прыклады Казекі і Раманоўскай, бачаць, як павярнуліся лёсы Краўчанкі, Далідовіча і іншых). А калі не страшна, то сапраўды пофіг, і з гэтым ужо нічога не зробіш. Некаторых нават збіццём роднага брата не праняць. Цераз пакуты незнаёмых людзей пераступіць яшчэ прасцей.

У сацсетках сёння не бачна ні перажыванняў тых алімпійцаў, хто падпісаўся за Лукашэнку, ні тых, хто выступіў супраць яго. «Цэнтрысты» таксама маўчаць.

Спартоўцы маюць добрую магчымасць пераключацца. Зборы, трэніроўкі двойчы на дзень, спаборніцтвы, пераезды – гэта ўсё вымагае трымаць фокус на сабе. Ну і звычайнаму чалавеку цяжка да канца зразумець, што такое Алімпійскія гульні. Гэта не проста забаўка, а старт, які можа быць і адзіным у кар’еры. І ў гэтым старце можна сапраўды перамагчы або патрапіць на п’едэстал. Гэта рэальная чэсная магчымасць, да якой некаторыя ішлі ўсё жыццё, а не прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

Памылковыя высновы можна зрабіць, калі сядзіш у сваёй інфармацыйнай бурбалцы. Паглядзеў каментары пад «экстрэмісцкімі рэсурсамі», пагаварыў з людзьмі, якія трымаюцца тваіх поглядаў і якіх таксама да гэтага часу не адпусціла, – і не сумняваешся: усёй Беларусі пофіг на медаль Смольскага. Пофіг на слёзы Алімбекавай.

Але зробіш крок у бок – і карціна зменіцца. У інстаграме той жа Алімбекавай больш за 400 каментароў са словамі падтрымкі – і ніводнага слова асуджэння, ніводнай кпіны. Нават калі ў Сашы 3 працэнты, то і гэта досыць вялікая колькасць ад 9 мільёнаў, і яе хопіць, каб падтрымаць «сапраўдную партыётку». А што, калі працэнтаў не 3, а 25?

Сацыяльныя сеткі дазваляюць канструяваць уласную, вельмі камфортную рэальнасць. Каментары можна адключаць, а можна выдаляць. І блакаваць тых, хто піша тое, што не трэба, таксама вельмі лёгка. Таму прыхільнік любога пункту гледжання адшукае магчымасці падмацаваць сваю пазіцыю і давесці, што на яго баку дакладна большасць.

Неяк я пабачыў недарэчнасць у акаўнце так званага Нацыянальнага алімпійскага камітэта (насамрэч іх там шмат). На фотцы быў нейкі стомлены вусаты мужчына сталага веку, а пад фоткай – подпіс, што гэта, маўляў, прэзідэнт Беларусі нешта там зрабіў. Пры гэтым плюс-мінус увесь свет разумее, што гэты стомлены вусаты мужчына сталага веку апошнім часам ніякіх выбараў у Беларусі дакладна не выйграваў (мяркую, што і многія з яго прыхільнікаў гэта разумеюць). Указаў на відавочную памылку – а ўжо праз пару хвілін каментара не было, а фотка вісела на сваім месцы.

Але калі вярнуцца да беларускага біятлона, то мы маем справу з феноменам, які пакуль што слаба вывучаны. Па маіх адчуваннях, тут сфармавалася ўнікальная аўдыторыя, якой няма ні ў футбола Беларусі, ні ў хакея. Аснова гэтай аўдыторыі – жанчыны. Гэта і студэнткі, і жанчыны сярэдняга ўзросту, і цётачкі, і ўжо зусім дарослыя жанчынкі. Яны ствараюць свае паблікі. У дакавідныя часы – фанацелі, то-бок выбіраліся на этапы Кубка свету. Нельга выключаць, што палітычныя падзеі не раскалолі гэтую суполку.

Пасля нейкага медаля Алімбекавай на КС вырашыў з цікаўнасці паклікаць, каб пабачыць, хто ж віншуе біятланістку з поспехам. І можаце не верыць, але сярод прыхільніц было некалькі жанчын з прыкметамі БЧБ. Адна перажывала праз смерць Бандарэнкі, другая сфоткалася ў адзенні пратэстнага колеру, але гэта не перашкаджала ім радавацца за Алімбекаву – чалавека, які без аніякага прымусу падпісаўся за Лукашэнку.

Асабіста ў мяне няма сумневу, што нават калі рэжым Лукашэнкі прыйдзе да таго, што нязгодных трэба ізноў вазіць у Курапаты, Алімбекава не выйдзе з шэрагаў. Прынамсі, менавіта гэта мне перашкаджае радавацца поспехам біятланісткі. Яна падтрымлівае пазіцыю, якая пазбаўляе тысячы людзей свабоды, Радзімы, права не меркаванне, права на працу і гэтак далей. Тут ужо значна больш, чым проста розніца ў поглядах. Але ж за Алімбекаву радуюцца і тыя, хто ні за што прайшоў праз Акрэсціна, і ім дакладна ніхто не ў праве забараніць.

Аднак ніхто не можа і людзям забараніць помніць. А па маіх назіраннях многія вельмі добра помняць, хто і што са спартоўцаў падпісаў. Рэсурсы, дзе змяшчаліся подпісы, ужо недасяжныя (адзін – з меркавання бяспекі, другі – бо ў ім адпала патрэба), але людзі такі помняць і іншым пра гэта рэгулярна нагадваюць. Проста паглядзіце на колькасць эмодзі «какашак» пад алімпійскімі навінамі (1, 2) – вы самі ўсё зразумееце. А памяць у народа – яна ж вельмі добрая. І з разуменнем гэтага (а можа, і неразуменнем) спартоўцы крочаць у будучыню.

Так што сёння Беларусь – гэта сапраўды вельмі дзіўны свет. Тут сумяшчаюцца алімпійскай радасць за Смольскага і рэпрэсіі, перкананні, што ўсёй краіне без розніцы, і што ўся краіна святкуе. Тут больш за тысячу палітвязняў, галадоўка філосафа Мацкевіча, выракі на 11 гадоў супрацоўнікам «Белтэлекама» за зліў нейкай інфармацыі, якія распавялі сваякам пра тое, як іх збівалі, – і акцыі ў падтрымку алімпійцаў пад чырвона-зялёнымі сцягамі, у каторых сярод іншых удзельнічаюць людзі, якія дакладна супраць Лукашэнкі, але ад удзелу ў акцыі адмовіцца не змаглі, бо страшнавата, ды і ўвогуле НОК – гэта не так ужо і зашкварна.

Сённяшняя Беларусь – вельмі дзіўны свет, і не варта яго спрашчаць.

Другие посты блога

Все посты