Tribuna/Прочие/Блоги/«Порою блажь великая»/Расійскі футбол ізноў будзе траўмiраваць псіхіку беларусаў – вось вам сапраўдная палітыка ў спорце

Расійскі футбол ізноў будзе траўмiраваць псіхіку беларусаў – вось вам сапраўдная палітыка ў спорце

Імперыя не адпускае, і беларускія спартоўцы гатовыя ў ёй растварыцца.

14 июля 2022, 14:27
9
Расійскі футбол ізноў будзе траўмiраваць псіхіку беларусаў – вось вам сапраўдная палітыка ў спорце

Імперыя не адпускае, і беларускія спартоўцы гатовыя ў ёй растварыцца.

Чорт, ну як за іх заўзець? Як адшукаць хоць штосьці светлае? Толькі паспрабуеш гэта зрабіць (адшукаць тое самае светлае), як навіны нагадаюць, што ў Беларусі спорт дакладна не для аб’яднання. Калі цягнік каціцца ў пекла, не абавязкова заскокваць у яго на поўнай хадзе, нават калі ў вокнах мільгаюць знаёмыя твары.

Справа зараз не ў тым, што добрая такая частка беларускіх спартоўцаў плюнула на суайчыннікаў. Тая частка, якая вырашыла, што жыць у беззаконні ды пры таталітарызме – прыкольна, і за гэта – хто моўчкі, хто ўслых і з публічным задавальненнем – падпісалася. Гэта немагчыма прыняць, гэта немагчыма рацыяналізаваць, але хаця б можна паспрабаваць патлумачыць словамі: ну ок, менавіта так яны бачаць ідэальную Беларусь. Краінай, адкуль уцякаюць, дзе кожны, хто мае ўласнае меркаванне, – экстрэміст. Бачаць не суверэннай дзяржавай, а тэрыторыяй, на якой не працуе права, а ўзровень жыцця паціху імкнецца ўніз. Зямлёй, што пагражае суседзям і адкуль на іх ладзяцца крывавыя здрадніцкія напады.

У калоніі кормяць, там чыста, бо ўсе драяць, і яшчэ даюць перадачкі і нават доўгатэрміновыя спатканні, але каб лічыць такі ўклад жыцця ўзорным – ну як такое можа прыйсці ў галаву? Але ж можа.

І вось пасля таго, як значная частка беларускіх спартоўцаў плюнула на суайчыннікаў і атрымала наўзамен сваю ідэальную Беларусь, яны пачынаюць дэманстраваць (пакуль досыць акуратна, але гэта можна адчуць), што ў прынцыпе яна ім не вельмі-та і патрэбна. Што невялічкую калонію яны гатовыя змяніць на аграмадны канцлагер.

Такое ўражанне складаецца, калі чуеш чыноўнікаў ад белспорту, сярод якіх хапае былых спартоўцаў.

Як яны радуюцца магчымасці спаборнічаць з расіянамі (1, 2, але гэта далёка не ўсё)! Зразумела, што асаблівага выбару няма – міжнародны бан штурхае адшчапенцаў адзін да аднаго. Але ж колькі імпэту ў гэтым бясслаўным збліжэнні. І колькі жадання з беларускага боку залезці як мага глыбей у глотку ўдава.

Ну канешне – які ўзровень канкурэнцыі, якія спартыўныя базы, а якія прызавыя! І калі для такіх магчымасцей спатрэбіцца стаць не Рэспублікай Беларусь, а Беларускай аўтаномнай акругай у складзе Расійскай федэрацыі, ці многа хто ў нашым спорце гэтаму запярэчыць? Можа, Алімбекава са Смольскім? А можа, Недасекаў?

Вось бы на што не раіў ставіць.

Выхаваныя на рускай мове, у парадыгме, што мы ці то браты, ці то адзін народ, а можа, рускія са знакам «качэства» і рускія без гэнага знаку, якія праз нейкую недарэчнасць апынуліся ў розных краінах, – гэта рэаліі не толькі белспорту, а ўвогуле ўсёй Беларусі. За спінай Багдановіча і Рутэнкі, якія кіруюць адпаведна хакеем і тэнісам, папросту можна замяніць партрэт «джэнтльмена» з вусамі на партрэт «таварыша» з поўным чамаданам, а ЧЗ-сцяг перафарбаваць у расійскі трыкалор – і хіба вы адчуеце нейкі дысананс? А яны самі адчуюць?

Мяне гэта чапляе выключна таму, што доўгі час розныя нашыя зборныя ўспрымаў як сапраўдную беларускую армію. То-бок армія са зброяй – яна была для мяне несапраўднай, архаічнай, а спартыўная армія ў маіх ідэалістычных уяўленнях рэальна праслаўляла краіну, у якой мы ўсе разам жылі. Няхай не надта часта, але тая армія здабывала перамогі над чужынцамі ў спартыўных сутычках, і тое было прыемна. Так, мы мелі розныя густы ў дачыненні да гімна і сцяга, але ж жылі разам, імкнуліся не даваць у крыўду адзін аднаго, узаемна радаваліся поспехам.

А цяпер назіраем, як беларускі спорт без асаблівага абурэння становіцца часткай расійскага. І наша спартыўная армія ўжо стаіць не за сябе і не за нас, а за Расію супраць усяго свету, каб дапамагчы той давесці сваю нязломнасць. Так і глядзі, рэальна зладзім Алімпіяду на дваіх – пад назвай Спартакіяда народаў СССР.

Аднак праблема не толькі ў тым, што беларускі спорт сам рады растварыцца ў Расіі. Ён яшчэ дапамагае растварыць у Расіі Беларусь, хаця і да таго працэс ішоў досыць шпарка – ад часу, як «джэнтльмен» з вусамі прайграў выбары і пагадзіўся аддаць усё «таварышу» з поўным чамаданам, толькі каб захаваць уладу.

Рашэнне паказваць чэмпіянат Расіі па так званым беларускім тэлебачанні – такі ж самы інструмент каланізацыі, як і прапаганда ў выкананні Салаўёва, Скабеевай і іншых «тэлезорак» РФ. Хіба што каланізацыі больш мяккай і прыхаванай. Мы ўжо прахадзілі праз гэта. І з уласнага досведу магу сказаць, што расійскі футбол псіхічна траўмiруе. Прычым справа тут нават не ў якасці гульні.

Думаю, аматары футбола, якія ў асэнсаваным узросце ўхапілі 90-я, вам пацвердзяць: акрамя чэмпіянату Беларусі, які паказвалі незразумела ў якой якасці, дзесьці першы тайм, дзесьці другі, а дзесьці зусім нічога, мы яшчэ глядзелі і Stimorol – чэмпіянат Расіі па футболе, і «Футбольное обозрение» з Уладзімірам Пературыным, і «На футболе» з Віктарам Гусевым.

Мы сачылі за шматлікім і яркім «беларускім дэсантам»; і за феерычным «Спартаком», а разам з ім за «Ураланам», і «Крыламі Саветаў», і «Растсельмашам», і «Жамчужынай». Ведалі іх склады, турнірныя перыпетыі, а пасля самым натуральным чынам выявілі сябе сярод тых, хто заўзее за зборную Расіі на буйных турнірах і за расійскія клубы ў еўракубках – ну як жа, там «свае».

Тады не рэдкасцю было пачуць нешта такое: «Чэмпіянат Беларусі? (пагардлівая грымаса) Я сачу толькі за чэмпіянатам Расіі». Ціханаў з Цітовым (насамрэч усяго толькі добрыя сераднякі на еўрапейскім узроўні) калі і былі ў Беларусі менш папулярнымі за Бялькевіча з Хацкевічам, то не намнога. З выканаўцамі нацыянальнага першынства і параўноўваць не варта.

Людзей, якія падтрымліваюць Расію ў футболе, хапае і па сёння. Але ж ці толькі ў футболе? І вось заходзім на другі круг. Суседзям бракуе заўзятараў, асабліва на фоне таго, што адбываецца ва Украіне.

На цяперашнія мазгі цяжка зразумець, у чым адметнасць расійскага футбольнага турніру. Калі ў Беларусі яшчэ паказвалі Лігу чэмпіёнаў, то пары з удзелам расійскіх каманд выбіраліся не так і часта на асноўны вечаровы слот, што з’яўляецца добрым індыкатарам. Калі адштурхоўвацца выключна ад узроўню, то чэмпіянат Расіі не так ужо і далёка сышоў ад турніраў ва Украіне, Польшчы або якой Турэччыне. Але нам і ў галаву не прыходзіць купляць пры на іх – ды і хто нам зараз прадасць.

Калі англійская прэм’ер-ліга, за якой раней маглі сачыць беларусы па так званым беларускім ТБ, з’яўляецца ледзьве не ўзорным спаборніцтвам, у якім сканцэнтраваныя выканаўцы выбітнага ўзроўню, прэм’ер-ліга Расіі далёка не заўсёды цікавіць нават саміх расіян. «Беларускі дэсант» – што па колькасці, што па якасці – там сур’ёзна прасеў. Хаця якасці РПЛ можа хапіць, каб адцягнуць увагу беларусаў ад чэмпіянату Беларусі і яшчэ болей нас запхнуць у расійскі кантэкст.

Калі наступным разам на так званым беларускім ТБ будуць казаць пра спорт па-за палітыкай, то няхай самі сабе прыгадаюць чэмпіянат Расіі па футболе ў сетцы вяшчання. Вось гэта і ёсць палітыка. Шкада толькі, што не нашая.

Імперыя не адпускае беларусаў. Палітыка не адпускае беларусаў. Нават тых, хто хаваецца ад складаных пытанняў у спорце.

Другие посты блога

Все посты