Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Першы дубль Porsche. Этап Формулы Е ў Мехіка выявіў новых герояў чэмпіянату

Першы дубль Porsche. Этап Формулы Е ў Мехіка выявіў новых герояў чэмпіянату

Паскаль Верляйн нарэшце атрымаў першую перамогу ў Формуле Е. А Андрэ Лотэрэр разам з ім на Электрычным Прызе Мехіка прынёс камандзе Porsche першы дубль.

14 февраля 2022, 23:15
2
Першы дубль Porsche. Этап Формулы Е ў Мехіка выявіў новых герояў чэмпіянату

Фота: fiaformulae.com

Паскаль Верляйн нарэшце атрымаў першую перамогу ў Формуле Е. А Андрэ Лотэрэр разам з ім на Электрычным Прызе Мехіка прынёс камандзе Porsche першы дубль.

Пра мінулагодні візіт у Мексіку Верляйну адразу пасля захацелася як мага хутчэй забыцца. Дыскваліфікацыя за адміністрацыйнае парушэнне з боку каманды пасля гонкі, у якой ты фінішаваў першым – гэта дакладна не тое, пра што марыць гоншчык. І вось меней чым праз год, толькі ўжо не ў Пуэбле, а на Аўтадроме імя братоў Радрыгес у Мехіка, лёс аддаў Паскалю абавязак.

Свой шлях да вяршыні подыуму немец з завадской каманды TAG Heuer Porsche Formula E Team, як і мінулым летам у першай гонцы ў Пуэбле, пачаў з перамогі ў суботняй кваліфікацыі. Хоць гонка (гэтым разам адзіная – яна прайшла таксама ў суботу) лёгкім шпацыром для яго не стала.

Першую атаку на самым старце з боку пераможца папярэдняга этапу ў Ад-Дырые, пілота ROKiT Venturi Racing Эдоарда Мартары, Верляйн адбіў. Аднак на пачатку шостага круга швейцарскі гоншчык здзейсніў паспяховы абгон і выйшаў на першую пазіцыю. Цікава, што рэжым павышанай магутнасці на той момант быў актываваны і ў яго, і ў Паскаля.

Крыху ззаду актыўна паводзілі сябе і гоншчыкі DS Techeetah і былыя чэмпіёны Формулы Е Жан-Эрык Вернь і Антоніу Фелікс да Кошта. Француз на адзінаццатым кругу абагнаў Лотэрэра, а кругам пазней – і Верляйна, выйшаўшы на другую пазіцыю. Аднак наперадзе ўсіх чакала яшчэ і другая актывацыя рэжыму атакі.

Вось пасля яе і настаў зорны час пары пілотаў Porsche. Многія адзначылі, што ў гоначным рэжыме штутгартскія рухавікі працуюць больш эфектыўна, лепей эканомячы зарад у батарэях. У тым ліку пара лішніх яго працэнтаў і дазволіла Верляйну з Лотэрэрам, якія ішлі трэцім і чацвёртым адпаведна, смялей атакаваць канкурэнтаў.

Спачатку на дваццаць пятым кругу немцы разабраліся з Вернем, а праз два з Мартарай. Паскаль з Андрэ таксама былі блізка адзін ад аднаго, але да барацьбы паміж напарнікамі, магчыма, па загадзе з каманднага мосціка, справа не дайшла, і першую перамогу Porsche прынёс менавіта Верляйн. Лотэрэр жа задаволіўся роляй суаўтара дублю каманды.

А вось для Мартары фінальная фаза заезду склалася не вельмі ўдала. На трыццаць першым кругу ён прапусціў наперад гоншчыка Envision Racing Робіна Фрайнса і, амаль адразу, Верня. Тэмп Жана-Эрыка бліжэй да фінішу ўзрос, як і ў да Кошты, які на трыццаць пятым кругу таксама пакінуў Мартару ззаду. Хутка пасля гэтага гоншчыкі DS Techeetah абодва апярэдзілі і Фрайнса.

На апошніх кругах гэта ўдалася зрабіць і Мартары, але за да Коштай і Вернем яму, вядома, было ўжо не ўгнацца. Француз у выніку падняўся на ніжнюю ступень подыуму, а партугалец фінішаваў чацвёртым. Аднак у асабістым заліку чэмпіянату Эдоарда лідарства захаваў. Ён мае 43 ачкі, на пяць апярэджваючы дзейснага чэмпіёна і пераможца першага этапу новага сезона Ніка дэ Фрыса з каманды Mercedes-EQ, які на гэты раз скончыў гонку толькі шостым. Верляйн жа цяпер замыкае першую тройку, маючы 30 балаў, як і Лотэрэр, які размясціўся следам.

Venturi па-ранейшаму ўзначальваюць камандны залік – у іх 68 ачкоў, а іх адрыў ад Mercedes, які захаваў другую пазіцыю, павялічыўся ўдвая – то бок ажно да… двух балаў! Porsche адстае на восем, але цяпер займае трэцюю пазіцыю.

Чэмпіянат свету, якім з мінулага году з’яўляецца Формула Е, пасля мексіканскага этапу бярэ паўзу. Працягнецца ён двума этапамі ў Рыме, якія пройдуць 9 і 10 красавіка. У бліжэйшы ж уік-энд мы будзем сачыць за падзеямі першых этапаў другога сезона іншай электрычнай гоначнай серыі, але пазадарожнай – Extreme E, а таксама чэмпіянату свету па мотакросе.

Другие посты блога

Все посты