Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Без тармазоў у будучыні і без выразнага лідара зараз. Этап Формулы Е ў Манака быў цікавым не толькі гонкай

Без тармазоў у будучыні і без выразнага лідара зараз. Этап Формулы Е ў Манака быў цікавым не толькі гонкай

Калі зусім чэсна, то гонка электраформулы ў Княстве не была ўзорна-паказальнай з гледзішча напружанасці і шчыльнай барацьбы. Хаця хапіла і нечаканасцей, адной з якіх стала перамога Стофеля Вандорна. А яшчэ чэмпіянат свету паказаў сваю будучыню.

Без тармазоў у будучыні і без выразнага лідара зараз. Этап Формулы Е ў Манака быў цікавым не толькі гонкай

Фота: Formula E

Калі зусім чэсна, то гонка электраформулы ў Княстве не была ўзорна-паказальнай з гледзішча напружанасці і шчыльнай барацьбы. Хаця хапіла і нечаканасцей, адной з якіх стала перамога Стофеля Вандорна. А яшчэ чэмпіянат свету паказаў сваю будучыню.

Кожны ў свеце разумее, што будучыня Украіны – гэта росквіт, незалежнасць і свабода. Але яе рэчаіснасць – гэта страшная вайна, якую развязаў расійскі дыктатар. У вайне гэтай перамагчы ён не можа, але забіваць украінцаў і руйнаваць іх гарады і іх жыццё ў яго пакуль што атрымліваецца.

Наколькі доўга ён будзе гэта рабіць, залежыць ад таго, як хутка Украіна атрымае ваенную дапамогу ад сваіх партнёраў. Кожнаму з іх ужо зразумела, што ў планах дыктатара яны наступныя, і ратуюць іх зараз толькі ўкраінцы – вайскоўцы і простыя грамадзяне, нават бяззбройныя. Гэта яны спынілі варожую навалу і паступова вызваляюць сваю зямлю. І гэта яны абароняць саму чалавечую цывілізацыю ад падзення ў сярэднявечча.

Разам з украінцамі за іх і сваю свабоду зараз змагаюцца і беларусы. Наша краіна таксама пад фашысцкай акупацыяй, і перамога Украіны абавязкова выратуе і нас. Мы таксама пакутуем, хоць і непараўнальна з украінцамі. Але мы спачуваем нашым суседзям і сябрам і зычым ім хутчэйшага вызвалення іх радзімы. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Сусветная гоначная супольнасць таксама дапамагае Украіне. І дэманструе будучыню, якая чакае чалавецтва пасля перамогі ўкраінскага народа. Адна з частак гэтай будучыні – электрамабілі, і чэмпіянат Формулы Е на мінулым тыдні паказаў, як будуць выглядаць яе машыны ўжо трэцяга пакалення, якія з’явяцца ў наступным годзе.

Пакуль што яны існуюць толькі ў выглядзе камп’ютэрных малюнкаў і аднаго макета для выстаў, які і быў паказаны на адмысловым мерапрыемстве. Бачна, што корпус стаў больш дэльтападобным, змянілася пярэднее антыкрыло, зніклі заднія спойлеры па баках. Хаця ўвогуле зразумела, што перад намі менавіта што электрычная формула.

Затое тэхнічнай інфармацыі багата. Новыя машыны будуць кампактней і лягчэй, а яшчэ значна магутней. Задні рухавік будзе выдаваць пікавыя 350 кВт (476 к.с.). Пры гэтым яшчэ адзін матор, на 250 кВт (340 к.с.), будзе ўсталяваны на пярэдняй восі, але гэта не зробіць электрычную формулу першай у гісторыі поўнапрываднай. Справа ў тым, што працаваць ён будзе толькі як генератар, назапашваючы энергію на рэкуператыўных тармажэннях. Якія, натуральна, таксама стануць на 40% эфектыўней.

Тым не менш і пры дапамозе толькі задняга матора новыя электраформулы змогуць разганяцца да 320 км/г. А зарадка магутнасцю ажно 600 кВт дазволіць вельмі хутка папаўняць энергію, што будзе дарэчы, бо ў Формулу Е вернуцца піт-стопы. А вось задніх гідраўлічных тармазоў на новых машынах не будзе – эфектыўнасць рэкуперацыі дазволіла ад іх адмовіцца.

Што ж да дызайну электраформул трэцяга пакалення, то хай кожны ацэньвае яго сам. Галоўнае, каб гонкі на іх былі цікавымі, відовішчнымі і непрадказальнымі, як на цяперашніх балідах, на якіх удзельнікі Формулы Е выступаюць у гэтым годзе. Хоць пабачыць іх у справе праз год у тым жа Манака (дарэчы, канфігурацыя трасы цяпер выкарыстоўвалася роўна такая ж, што і на Гран Пры Манака Формулы 1), куды чэмпіянат завітаў у мінулую суботу, будзе цікавым.

Цікавым быў і сам шосты этап, хаця напал барацьбы біў не такім вострым, як у Рыме, напрыклад. Там, як можна пабачыць, перайшоўшы па спасылцы, двойчы перамог Мітчэл Эванс. І ў Манака новазеландзец з каманды Jaguar TCS Racing наважваўся працягнуць сваю паспяховую серыю. За справу ён узяўся быў удала, выйграўшы поўл, дый частка дыстанцыі да заезду на першую актывацыю рэжыму атакі праходзіла для яго ў цэлым нядрэнна, бо лідарства на старце ён захаваў.

Вось яго напарніку Сэму Бёрду не пашанцавала – ён сышоў з дыстанцыі ў самым пачатку праз праблемы з машынай. Сышоў і Паскаль Верляйн з TAG Heuer Porsche Formula E Team, які стартаваў другім і доўга ціснуў на Эванса, не адпускаючы яго далёка. Але з немцам гэтая непрыемнасць здарылася бліжэй да фінішу, на шаснаццатым кругу.

А да гэтага Паскаль нават лідарам паспеў пабыць, праскочыўшы наперад, калі той самы першы раз рэжым атакі актываваў Эванс. Яго ў той момант абагнаў і пілот DS Techeetah Жан-Эрык Вернь. Француза ў сваю чаргу прапусціў Стофель Вандорн з Mercedes-EQ, які стартаваў трэцім і нейкі час назіраў за Верляйнам і Эвансам ззаду, але па дадатковую магутнасць адправіўся адным з першых.

Верляйн жа сам заехаў на актывацыю рэжыму атакі праз пару кругоў пасля Эванса, і ў выніку прапусціў яго з Вернем, але вельмі хутка, хоць павышаная магутнасць у той момант была ў іх абодвух, абагнаў новазеландца на выхадзе са знакамітага манакскага тунэля, дзе на наступным кругу апярэдзіў і Верня, у якога яго чатыры хвіліны рэжыму атакі да таго моманту ўжо даўно скончыліся. Ну а ўжо на наступным кругу Верляйн якраз і сышоў з дыстанцыі. Па іроніі лёсу, спыніўся немец якраз на выездзе з таго самага тунэля.

Праз гэта быў абвешчаны рэжым віртуальнага аўтамабіля бяспекі, што было зусім не на руку Верню, які акурат перад гэтым у другі раз актываваў рэжым атакі – наперадзе былі Вандорн і Эванс (бельгіец незадоўга да сходу Верляйна паспеў апярэдзіць новазеландца), а дадатковая магутнасць марнавалася ў пустую, ды яшчэ і канкурэнт з ROKiT Venturi Racing Лукас дзі Грасі ззаду насядаў.

Таму атакі на рэстарце не атрымалася – Вандорн з Эвансам здолелі ад’ехаць на бяспечную для іх дыстанцыю. Аб барацьбе паміж імі двума гаворкі таксама не ішло – Стофель адразу пасля рэстарту адарваўся болей чым на тры секунды. Гэта дапамагло яму без страт пазіцыі актываваць рэжым атакі ў другі раз, але частка яго была з’едзеная аўтамабілем бяспекі, які выехаў на трасу праз аварыю ў першым павароце, дзе трасу не падзялілі напарнік Верляйна па камандзе Андрэ Лотэрэр і гоншчык Mahindra Racing Олівер Роўланд.

На шчасце Стофеля, маршалы ў Манака працуюць аператыўна не толькі ў Формуле 1, і рэстарт быў дадзены вельмі хутка. Таму з дадатковай магутнасцю ён без праблем адразу адарваўся ад пераследнікаў і не саступіў лідарства да самага фінішу, атрымаўшы перамогу. Эванс фінішаваў другім, Вернь заняў трэцяе месца.

Поспех Вандорна вывеў яго на першую пазіцыю ў чэмпіянаце, дзе ў яго 81 ачко. Толькі ізноў жа, адрывы ў групе лідараў мінімальныя. Вернь, які апусціўся на другую пазіцыю, мае 75 ачкоў. Эванс падняўся на трэці радок, і ў яго 72 балы, што ўсяго на адно болей, чым у Envision Racing Робіна Фрайнса, які ў Манака фінішаваў чацвёртым, абагнаўшы пад канец гонкі дзі Грасі і напарніка Верня Антоніу Фелікса да Кошту. У заліку каманд працягвае лідзіраваць Mercedes, у якога 120 ачкоў. DS Techeetah паднялася на другую пазіцыю і мае 105 балаў, на адзінаццаць апярэджваючы Jaguar, які ў сваю чаргу выйшаў на трэцюю.

Наступным пунктам прыпынку Формулы Е ў гэтым сезоне стане Берлін. Сталіца Германіі па традыцыі прыме два этапы, якія пройдуць 14 і 15 мая.

Другие посты блога

Все посты