Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Псіхалагічная перамога. На Гран Пры Нідэрландаў Франчэска Баньяя і Фабіа Куартарара памяняліся ролямі

Псіхалагічная перамога. На Гран Пры Нідэрландаў Франчэска Баньяя і Фабіа Куартарара памяняліся ролямі

Вы ж таксама на першых кругах гонкі MotoGP у Асэне чакалі, што вось зараз Пэка ізноў упадзе, а Эль Д’ябла атрымае чарговую перамогу ў дамінуючым стылі? Атрымалася ж наадварот, і на летні перапынак дзейсны чэмпіён лідар сезону пайшоў са змяшанымі пачуццямі.

Псіхалагічная перамога. На Гран Пры Нідэрландаў Франчэска Баньяя і Фабіа Куартарара памяняліся ролямі

Фота: motogp.com

Вы ж таксама на першых кругах гонкі MotoGP у Асэне чакалі, што вось зараз Пэка ізноў упадзе, а Эль Д’ябла атрымае чарговую перамогу ў дамінуючым стылі? Атрымалася ж наадварот, і на летні перапынак дзейсны чэмпіён лідар сезону пайшоў са змяшанымі пачуццямі.

Сумленныя беларусы гэты тыдзень пачалі з пачуццямі адназначнымі: злосцю ад бяссілля, нянавісцю да двух дыктатараў і сорамам перад украінцамі, якіх ізноў пачалі абстрэльваць з тэрыторыі Беларусі. Расійскі фашызм не спыняе сваёй агрэсіі супраць сваіх і нашых суседзяў і працягвае іх забіваць, выкарыстоўваючы для гэтага і нашу зямлю, якая знаходзіцца пад яго акупацыяй.

Ніякія словы зараз украінцам не дапамогуць, ім патрэбны дзеянні, але па цэламу шэрагу прычын беларусы ў іх зараз абмежаваныя. Гэта не апраўданне, бо мы самі дазволілі дыктатуры панаваць і аддалі ёй сваю краіну, адмовіліся ад свабоды і грамадзянскіх праў. Нашы намаганні па абароне агульначалавечых каштоўнасцей былі недастатковыя і прывялі да сапраўднай катастрофы і нас, і ўкраінцаў.

Таму зараз нам застаецца толькі папрасіць у ўкраінцаў прабачэння і падзякаваць ім за тое, што яны дагэтуль далёка не ўсе жадаюць беларусам смерці, хоць маюць на гэта поўнае маральнае права. Мы зычым ім перамогі, якая дасць нам шанец дарабіць тое, што мы не дарабілі ў 2020 годзе. Лепшыя нашы суайчыннікі працягнуць змагацца за свабоду Украіны і яе вызваленне ад ворага. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Справа ўсіх цывілізаваных дзяржаў зараз простая: дапамагаць Украіне ўсім, чым магчыма і рашуча ціснуць на агрэсара. Украінцы адстойваюць не толькі сваю свабоду, а права свету квітнець і развівацца. Рускі свет несумяшчальны нават з такімі простымі радасцямі, як гонкі, што, на шчасце, гоншчыкі якраз разумеюць. Таму ў тым жа чэмпіянаце MotoGP поспеху хочацца пажадаць ім усім, а асабіста…

Не, спачатку пра Баньяю! Гэты сезон для Франчэска складаецца зусім няпроста. Працяг кантракту з завадской Ducati мусіў быў бы надаць яму ўпэўненасці і спакою, а замест гэтага ён пачаў часта памыляцца і падаць у гонках. Датэрмінова ён скончыў два папярэдніх Гран Пры – Каталоніі і Германіі (першы, праўда, не па сваёй віне), і многія ўжо рыхтаваліся да таго, што і ў Нідэрландах гонка для яго працягнецца пару кругоў ад сілы.

Але ў Асэне Пэка перамог, і ўпэўнена, тады як Фабіа Куартарара, які пачынаў гонку другім, на старце адкаціўся на чацвёртую пазіцыю, а на пятым кругу ўсё сапсаваў сабе сам. Яго непадрыхтаваная атака на гоншчыка Aprilia Racing Алеша Эспаргара ў пятым павароце De Strubben прывяла да падзення і вылету ў гравій. Апынуўся там і іспанец, але свой RS-GP ён утрымаў на колах, працягнуў гонку, адкаціўшыся, праўда, на пятнаццатую пазіцыю.

Затое потым Алеш здолеў прарвацца на чацвёртую пазіцыю і стаў аўтарам лепшага, бадай, выступу на Гран Пры Нідэрландаў. Працягнуў быў гонку пасля інцыдэнту і візіту ў боксы і Куартарара, але праз некалькі кругоў у тым жа De Strubben француз злавіў моцны хайсайд, разбіў матацыкл і канчаткова сышоў з дыстанцыі. А пасля сканчэння гонкі яшчэ і атрымаў пакаранне за сутыкненне з Эспаргара, і на наступным Гран Пры Вялікабрытаніі ён мусіць праехаць па штрафной зоне.

Гонка ў Асэне стала няўдачнай для ўсёй каманды Monster Energy Yamaha MotoGP, бо не фінішаваў у ёй і другі яе гоншчык Франка Марбідэлі. Італьянец упаў праз некалькі кругоў пасля напарніка, праўда, не так эфектна – у павароце на малой хуткасці. Тым не менш, апошні перад летнім перапынкам этап занесці сабе ў актыў японцы не здолелі.

А вось Ducati здолелі, і не толькі Mooney VR46 Racing Team завадской камандай. У Асэне выдатна выступіў і гоншчык каманды Марка Безэкі, які стартаваў чацвёртым, а фінішаваў другім, прычым зусім блізка ад Баньяі. Не тое, праўда, каб ён ціснуў на свайго суайчынніка, хутчэй, той сам не надта ірваў жылы, але на фінішы іх раздзяліла ўсяго 0,444 секунды.

Канечне ж, увагі вартае і трэцяе месца напарніка і суайчынніка Алеша Эспаргара Маверыка Віньялеса. Аднак найперш уразіў Эспаргара, якому стабільнасць яшчэ можа дапамагчы навязаць барацьбу Куартарара, які ў чэмпіянаце мае 172 ачкі. Алеш застаўся яго галоўным пераследнікам і адстае ад яго на 21 бал. Гоншчык Prima Pramac Racing Жоан Зарко ў Асэне фінішаваў толькі трынаццатым, а ў чэмпіянаце застаўся трэцім са 114 ачкамі.

Aprilia Racing вярнула сабе лідарства ў камандным заліку і мае 213 ачкоў, на шаснаццаць апярэджваючы Monster Energy Yamaha MotoGP, якая апусцілася на другі радок. А на трэці намаганнямі найперш Баньяі (Джэк Мілер фінішаваў учора шостым) паднялася Ducati Lenovo Team, у якой з завадской Ямахай роўная колькасць ачкоў.

Чэмпіянат MotoGP пайшоў на адпачынак і працягнецца толькі 5-7 жніўня на трасе Сільверстоўн. Другая палова сезону можа атрымацца цікавейшай за першую, вынікі якой мы яшчэ прааналізуем асобна.

Другие посты блога

Все посты