Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Магчыма фатальная памылка Леклера на магчыма апошнім Гран Пры Францыі

Магчыма фатальная памылка Леклера на магчыма апошнім Гран Пры Францыі

Трапляць у аварыю, лідзіруючы ў гонцы, заўсёды крыўдна. Крыўдна і балюча ўчора было і Шарлю Леклеру, які, верагодна, прайграў не толькі Гран Пры Францыі, але і тытул чэмпіёна Формулы 1 у 2022 годзе. Яго няўдача абярнулася святам для Red Bull і крыху для Mercedes.

Магчыма фатальная памылка Леклера на магчыма апошнім Гран Пры Францыі

Фота: formula1.com

Трапляць у аварыю, лідзіруючы ў гонцы, заўсёды крыўдна. Крыўдна і балюча ўчора было і Шарлю Леклеру, які, верагодна, прайграў не толькі Гран Пры Францыі, але і тытул чэмпіёна Формулы 1 у 2022 годзе. Яго няўдача абярнулася святам для Red Bull і крыху для Mercedes.

Вайна ва Украіне цягнецца ўжо роўна паўгода, і толькі яна сёння можа быць галоўнай тэмай, таму што ўплывае на ўвесь свет. Гэты свет сам дапусціў такую сітуацыю, разбэсціўшы расійскага дыктатара сваёй прадажнасцю і карумпаванасцю, а плаціць за гэта даводзіцца нашым суседзям.

Гэта яны, а не немцы і вугорцы гінуць зараз пад бомбамі і ракетамі за тое, што выбралі свабоду і незалежнасць. І гэта яны робяць усё, каб вайна да немцаў з вугорцамі не дакацілася, што нямецкім і вугорскім палітыкам добра было б зразумець. Амбіцыі закамплексаванага дыктатара не абмяжоўваюцца толькі аднаўленнем саўковай імперыі – ён збіраецца пераўтварыць у гэта ўвесь свет.

Пры яго дапамозе яго тутэйшы калгасны паслугач ужо зрабіў часткай гэтай імперыі Беларусь, папросту яе прадаўшы. І беларусы, якія зараз б’юцца за Украіну, набліжаюць вызваленне і нашай радзімы. Старонка не перавернутая, 2020 год не забыты. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Разбэшчванне расійскага дыктатара рабілася і з дапамогай Формулы 1, чый былы ўладальнік Бэрні Эклстоўн паспрабаваў абараніць свайго сябра. Пазней ён, праўда, паспяшаўся патлумачыць, што зусім не меў на ўвазе, што падтрымлівае дзеянні Расіі ва Украіне. Маўляў, я сам вайну бачыў, і не магу быць за яе. Аднак першы Гран Пры Расіі адбыўся ўжо пасля анексіі Крыма, што з песні не выкінеш.

Цяпер расійскага этапу ў Вялікіх Прызах больш няма, пад пытаннем і шэраг іншых: Манака, Францыі, Бельгіі. Прычыны, праўда, іншыя – грошы, права зарабляць якія ў Формуле 1 ёсць толькі ў Формулы 1. Арганізатары паўсюль б’юцца за свае гонкі, а Спа-Франкаршам дык увогуле ў адзін голас заклікаюць захаваць і пілоты, і босы каманд. Ну і ў падтрымку французскага этапу выступаюць як мінімум французскія ж пілоты. Прычына далучыцца да іх ёсць цяпер і ў манэгаска Шарля Леклера.

Раней у гэтым сезоне ён страціў магчымую перамогу на магчыма апошнім хатнім Гран Пры праз непаслядоўныя дзеянні каманды. У Іспаніі і Азербайджане яго падвяла тэхніка разам з яго напарнікам па Ferrari Карласам Сайнсам, якому не пашанцавала ў Аўстрыі. Ну а за ўчарашні правал вінаваціць Шарлю апроч сябе больш няма каго.

Ніхто не перашкаджаў яму зрабіць піт-стоп следам за Максам Ферстапенам. Глядзіш, на свяжэйшых шынах, якія ў невыносную спёку былі вырашальным фактарам, і не было б такой дзіцячай і невымушанай памылкі на васямнаццатым кругу ў яго выкананні, а здабыты напярэдадні поўл атрымалася б канвертаваць у так неабходную зараз перамогу.

Аднак да каманды пытанні ёсць таксама, толькі ў выпадку з Сайнсам. Іспанцу гукнулася яго непрыемнасць у Шпільбергу, і ў Ле Кастэле сілавую ўстаноўку на яго балідзе прыйшлося поўнасцю памяняць, праз што стартаваў Карлас перадапошнім (яўна па дамове з Ferrari рухавік замянілі і Кэвіну Магнусэну ў Haas).

Зразумела, у гонцы ён бадзёра прарываўся, і на сорак першым кругу абагнаў напарніка Ферстапена па Red Bull Серхіа Перэса, выйшаўшы на трэцюю пазіцыю. Аднак стратэгі Ferrari палічылі, што камплекта шын Medium яму да фінішу не хопіць, і амаль адразу заклікалі яго ў боксы. На трасу Карлас вярнуўся дзявятым, і за кругі, што засталіся, паспеў прарвацца на пятую. Але пытанне пра магчыма страчаны подыум так і вісіць у паветры.

Перэс, зрэшты, на ім таксама не фінішаваў. Мексіканца на сканчэнні рэжыму віртуальнага аўтамабіля бяспекі, які дзейнічаў, пакуль маршалы прыбіралі балід Alfa Romeo Гуаньюя Чжоў, рухавік якой на апошніх кругах заглух, падлавіў пілот Mercedes Джордж Расэл. Як высветлілася пазней, у сістэме абвестак FIA здарыўся збой, праз што пілотам прыйшло два паведамленні аб сканчэнні рэжыму, што і збіла з панталыку Чэка, і ён пачаў тармазіць у непатрэбны момант.

Гэта, аднак, не абясцэньвае поспех Містэра Сталасць, які зноў правёў выдатную гонку, у якой стартаваў шостым. Яго паядынак з Перэсам да нейтралізацыі гонкі ўпрыгожыў яе. Напарнік Джорджа і сяміразовы чэмпіён Льюіс Хэмілтан пачынаў Гран Пры Францыі чацвёртым, але Перэса абагнаў на самым старце, а потым не дапусціў памылак і цалкам заслужыў сваё другое месца. Якое, улічваючы не надта натхняльную форму каманды, што прызнае і яе кіраўнік Тота Вольф, зараз як перамога.

Сапраўдную ж перамогу атрымаў Ферстапен. Дзейсны чэмпіён таксама не памыляўся, а да стратэгаў Red Bull пытанняў, здаецца, не ўзнікала ніколі, у адрозненні ад… не будзем паказваць пальцам! Макс хоць і стартаваў другім, але на Леклера ціснуў ад самага пачатку, а пасля яго сходу з дыстанцыі проста кантраляваў сітуацыю і ў выніку замацаваў сваё лідарства ў чэмпіянаце, дзе ў яго цяпер 233 ачкі супраць 170 у Леклера, які пакуль што застаецца другім. Аднак нават Перэс ужо блізка – у яго 163 балы. Red Bul лідзіруюць з 396 ачкамі, таксама значна апярэджваючы Ferrari, у якіх 314 балаў. Да Скудэрыі даволі блізка цяпер нават Mercedes, які застаецца на трэцяй пазіцыі і мае 270 ачкоў.

Ну а чэмпіянат яшчэ не скончаны, зараз толькі-толькі пачалася яго другая палова. Праўда, хутка і летняя паўза, але да яе яшчэ адбудзецца Гран Пры Вугоршчыны, і адбудзецца ён у бліжэйшыя выхадныя.

Другие посты блога

Все посты