Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Нясіце наступны сезон! У гэтым Макс Ферстапен пераможа амаль гэтак жа лёгка, як на Гран Пры Нідэрландаў

Нясіце наступны сезон! У гэтым Макс Ферстапен пераможа амаль гэтак жа лёгка, як на Гран Пры Нідэрландаў

Апісаць падзеі гонкі ў Зандварце цяжка, таму што з сапраўды важных узгадваецца хіба што чарговы правал Ferrari. Перамога ж Макса Ферстапена на хатнім для яго Гран Пры Нідэрландаў важнай стала хіба што для яго фанатаў і суайчыннікаў. Яго ж з камандай Red Bull супернікі ізноў атрымалі прычыну для не самых вясёлых разважанняў.

5 сентября 2022, 23:11
Нясіце наступны сезон! У гэтым Макс Ферстапен пераможа амаль гэтак жа лёгка, як на Гран Пры Нідэрландаў

Апісаць падзеі гонкі ў Зандварце цяжка, таму што з сапраўды важных узгадваецца хіба што чарговы правал Ferrari. Перамога ж Макса Ферстапена на хатнім для яго Гран Пры Нідэрландаў важнай стала хіба што для яго фанатаў і суайчыннікаў. Яго ж з камандай Red Bull супернікі ізноў атрымалі прычыну для не самых вясёлых разважанняў.

Зусім сумнымі разважаннямі зараз занятыя галовы камандзіраў расійска-фашыскіх акупантаў украінскай зямлі. Яна пад іх нагамі пачынае гарэць у прамым сэнсе, таму што абаронцы Украіны пачалі мэтанакіравана яе ад іх вызваляць. Спяшацца ў дадзеным выпадку не варта, бо трэба берагчы жыцці ўкраінскіх герояў. Дый беларускіх, якія таксама гінуць за свабоду Украіны і Беларусі.

У нашых народаў адзіны вораг, толькі беларускую зямлю праз здраду тутэйшага дыктатара ён акупіраваў даўно і цалкам. І украінцам, і нам ён адмаўляе ў праве на незалежнасць і дзяржаўнасць, і яго знішчэнне будзе абавязковай умовай нашага агульнага вызвалення. А для гэтага Украіне патрэбныя сілы яе герояў.

Кожны сумленны беларус зычыць глядзіць на іх з надзеяй і зычыць ім перамогі. Яна патрэбная і нам, бо толькі яна дазволіць нам дарабіць тое, што мы не пачалі два гады таму. І яна непазбежная, дзякуючы мужным абаронцам Украіны. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Украіну выратуюць яе героі самых розных нацыянальнасцей. А вось выратаваць гэты сезон Формулы 1 ужо не зможа нішто. Я ж казаў пасля Гран Пры Бельгіі, што гонка ў Зандварце не будзе моцна адрознівацца сюжэтам. Бо хоць Ferrari F1-75 і пасуюць больш трасы, якія патрабуюць высокай прыціскной сілы, належаць гэтыя баліды ўсё роўна камандзе з Маранэла.

Red Bull RB18 хуткія на прамых, якіх у Зандварце быццам бы няшмат. Але тут ужо адваротная сітуацыя – гэта машыны адной з лепшых каманд не толькі ў тэхналагічным плане. Хаця іх ствараў тэхнічны геній Эдрыан Ньюі, а кіруе адной з іх дзейсны чэмпіён свету. Для якога, дарэчы, хатні этап пачаўся з праблем са скрыняй перадач у самым пачатку першай трэніроўцы ў пятніцу.

У той момант хтосьці, магчыма, і пачаў спадзявацца, што Ферстапен атрымае штраф за замену вузла. Але дарэмна – каманда разабралася з непаладкамі, і Макс пакрысе раскочваўся дзве астатнія сесіі, каб у кваліфікацыі здабыць поўл і амаль гарантаваць сабе перамогу ў нядзелю.

Амаль гарантаваць, таму што супернікі ў нідэрландца ўсё ж былі. Але не Шарль Леклер з Карласам Сайнсам, якія стартавалі другім і трэцім адпаведна. Ад іх Макс пачаў ад’язджаць ужо на старце, і пра атаку на яго ні манэгаск, ні іспанец нават не марылі. Тым больш што другому з іх гонку ўскладніла ўласная каманда.

Такое толькі ў Ferrari можа быць! Калі Карлас прыбыў у боксы для першага піт-стопу, выявілася, што механікі не прынеслі задняе левае кола. Пачалася мітусня, механік з гайкавёртам, што за гэтае кола адказвае, гайкавёрт той адкінуў занадта далёка, і па ім праехаўся напарнік Ферстапена Серхіа Перэс, які таксама заехаў на піт-стоп. Гайкавёрт зламаўся і яго прыйшлося мяняць.

Кола Сайнсу таксама памянялі, але пазіцый ён страціў шмат. Потым Карлас гераічна прарваўся на пятую пазіцыю, але нейкі патаемны сцэнарыст, відаць, вырашыў, што паздзекаваўся з яго недастаткова. Калі пад канец гонкі, якая ў той момант была нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі, іспанец наведаў боксы ў трэці раз, каманда небяспечна яго выпусціла, і ў яго ледзь не ўрэзаўся яго суайчыннік з Alpine Фернанда Алонса, за што Сайнсу пазней налічылі пяць штрафных секунд, і ў пратаколе ён апусціўся на восьмае месца.

Не надта лепей гонка склалася і для Леклера, хіба што з ім каманда да такой ступені не ганьбілася. Але хуткасці Шарлю не хапала нават каб стрымаць ззаду гоншчыкаў Mercedes. Асабліва хуткімі яны былі пасля таго, як атрымалі жорсткія шыны. Пры гэтым Ферстапену іх паставілі на другім піт-стопе, які планаваўся апошнім, і на які Макс заехаў амаль адначасова з Льюісам Хэмілтанам і Джорджам Расэлам, скарыстаўшыся рэжымам віртуальнага аўтамабіля бяспекі праз сход пілота AlphaTauri Юкі Цуноды.

На болей мяккіх шынах сяміразовы чэмпіён паступова даганяў дзейснага і, чым чорт не жартуе, можа хаця б пабароўся за перамогу на апошніх кругах. Але ўсё перакрэсліў сход з дыстанцыі яго былога напарніка Валтары Ботаса, які цяпер выступае за Alfa Romeo і чый аўтамабіль заглух у канцы галоўнай прамой на пяцьдзесят пятым кругу.

Тут на трасу выехаў ужо сапраўдны аўтамабіль бяспекі, пад якім дзіўную памылку дапусцілі ўжо Срэбраныя Стрэлы. Прычым дапусцілі толькі з Хэмілтанам, тады як Расэл, як і Ферстапен, адразу накіраваліся ў боксы за свежымі мяккімі шынамі, а Льюіс так і застаўся на Medium. Скандальны мінулагодні Гран Пры Абу-Дабі ў той момант не згадаў толькі лянівы.

Натуральна, на рэстарце брытанец быў бездапаможны, і Ферстапен адразу яго абагнаў, што потым таксама зрабілі Расэл і Леклер. Прамову Льюіса па радыёсувязі рэжысёры тэлетрансляцыі запікалі ледзь не цалкам, хаця пасля фінішу Хэмілтан выбачаўся, спасылаючыся на эмоцыі. Хоць зразумець яго можна – як мінімум другое месца было магчымае.

Дасталася ж яно ў выніку Расэлу – Містэр Стабільнасць (або Сталасць) застаецца верным сабе. Леклер заняў трэцяе месца, але асаблівай радасці на яго твары не было, бо адносна старту ён прайграў адну пазіцыю. І, што галоўнае, цяпер стала відавочна, што за тытул Шарль не змагаецца.

Перэса-та, які пасля пакарання Сайнса стаў пятым па выніках Гран Пры Нідэрландаў, манэгаск у чэмпіянаце апярэдзіў, вярнуўшыся на другую пазіцыю. У іх з Чэка роўная колькасць балаў – па 201. Тады як у Ферстапена 310. У Red Bull у Кубку Канструктараў цяпер 511 ачкоў супраць 376 у Ferrari, якая нейкім цудам яшчэ ўтрымліваецца на другім радку. Ці надоўга? Mercedes мае ўжо 346 і пакуль што толькі набліжаецца.

Не атрымаць другі тытул запар Макс Ферстапен можа цяпер толькі праз уласнае глупства, якое яму, зрэшты, не ўласцівае. Гэта раней ён быў гарачы і крыху безразважны, аднак з гадамі відавочна пасталеў. Дый талентам, які і дазволіў яму патрапіць у адну з лепшых каманд у Формуле 1, не абдзелены. А калі ўлічыць, што яго машына хуткая на прамых…

Карацей, імя пераможца Гран Пры Італіі, які ў бліжэйшыя выхадныя прыме Храм Хуткасці – Нацыянальны аўтадром Монца – ужо, здаецца, вядомае. Як і імя чэмпіёна Формулы 1 2022 года.

Другие посты блога

Все посты