Tribuna/Футбол/Блоги/Оршанский вокзал/«За шаль з «Пагоняй» цябе могуць назваць фашыстам». Як прыйсці на фан-сектар зборнай і трапіць у суд

«За шаль з «Пагоняй» цябе могуць назваць фашыстам». Як прыйсці на фан-сектар зборнай і трапіць у суд

Зьміцер Хведарук расказаў Аляксандру Івуліну, як правесці ноч у КПЗ і аказацца асуджаным за сімвал ВКЛ на шалі.

15 октября 2015, 21:59
169
«За шаль з «Пагоняй» цябе могуць назваць фашыстам». Як прыйсці на фан-сектар зборнай і трапіць у суд

Зьміцер Хведарук расказаў Аляксандру Івуліну, як правесці ноч у КПЗ і аказацца асуджаным за сімвал ВКЛ на шалі.

27-гадовы хлопец працуе журналістам і апошнія два гады падтрымлівае нашу нацыянальную каманду на фанацкім сектары. Зьміцер адзін з трох заўзятараў зборнай Беларусі, якіх асудзілі пасля матчу з камандай Македоніі. На наступнны дзень пасля гэтага мы сустракаемся ў адной з мінскіх кавярняў.

– Чаму ты носіш шалік з «Пагоняй»?

– «Пагоня» для мяне, як і для большасці беларусаў, з’яўляецца нашым нацыянальным сімвалам. Гэта тое, што яднае нас з Вялікім Княствам Літоўскім, з нашай спадчынай, дзяржавай. Без гэтага ніводны народ не можа адчуваць сябе паўнавартасна. Пасля 1994 года «Пагоня» для беларусаў стала чымсьці больш, чым просты сімвал. Тады дзяржаўная сімволіка нашай краіны памянялася на прасавецкую. Нейкі час «Пагоня» неафіцыйна лічыцца забароненай. Таму ў людзей, якія яе выкарыстоўваюць, часта з’яўляюцца праблемы. Калі гаварыць пра футбол, узгадваецца матч сборнай Беларусі супраць Уэльса ў 2000 годзе. Гэта была адна з першых гульняў, на якую я прыйшоў з бацькам. Тады ўбачыў, як супрацоўнікі АМАП здымалі з хлопца майку з «Пагоняй», хоць надвор’е было дастаткова халодным. Для мяне гэта было дзіка.

Увогуле, у мяне даволі патрытычныя бацькі, але ў час юнацтва я абыякава ставіўся да «Пагоні». Добра адносіўся да ўсяго расейскага, савецкага. Зараз з сорамам узгадваю, як купіў майку з гербам СССР. Гэта было ў 2003 годзе. Праўда, ужо праз год знішчыў яе. Пасля жыццё звяло з людзьмі, якія растлумачылі, што значыць Савецкі Саюз. Светапогляд схіліўся ў другі бок. Хтосьці кажа, што людзі кідаюцца з крайнасці ў крайнасць, але мне здаецца, што гэта перамены да лепшага. 

– Што ты ведаеш пра гісторыю «Пагоні»?

– «Пагоня» – гэта княжацкі герб. Ён сімвалізуе, што народ выганяе праціўніка далёка. «Пагоня» лічылася рухам, які пасля перамогі гнаў ворага за межы краіны, каб атрымаць не нейкую кароткатэрміновую перамогу, а зрабіць сваю зямлю вольнай. «Пагоня» – адзін з рэдкіх гербаў, на якім знаходзіцца чалавек, а не які-небудзь арол ці мядзведзь. Паказана тое, што чалавек гатовы змагацца, адстойваць нейкія перакананні. Адметна, што чалавек паказаны вельмі гуманным.

Першую майку з выявай «Пагоні» купіў у 2004 годзе ў офісе БНФ. Дзе яшчэ на той час можна было набыць такую футболку? Мы з сябрам купілі па белай майцы, на спіне было напісана «Жыве Беларусь». Хадзілі ў іх, як маладыя патрыёты.

– Тады з табой здараліся выпадкі, падобныя на той, што адбыўся ў Барысаве?

– Канешне. Я насіў значок з выявай «Пагоні». Некалькі разоў супрацоўнікі МУС спынялі мяне ў метро. Пыталіся: «Что за значок?» Тлумачыў, што гэта герб Вялікага Княства Літоўскага, сімвал Беларусі. Яны вельмі нервова рэагавалі на гэта, але да затрыманняў не даходзіла. Часцей за ўсё ад цябе патрабуюць зняць сімволіку. Калі быў меншым, рабіў гэта. Потым пачаў проста сыходзіць. 

Бадай, праблемы з-за «Пагоні» здараліся са мной толькі на футболе. Нават на матчы з Iспанiяй прыйшлося абысці тры праходы, каб трапiць на стадыён. На першым пункце дагляду кажуць: «Валі. Здавай свой шаль у камеру захоўвання». Пайшоў праз другі праход. Прайшоў рамку, але спыніў другі АМАПавец. Мяне выгналі. Прыйшоў на трэці. Тады для мяне выклікалі самага галоўнага начальніка АМАП. Паказаў яму на мабілцы, што «Пагоня» з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, уваходзіць у герб Віцебскай вобласці, горада Рэчыцы і мноства другіх месцаў, шмат прысутнічае ў беларускай геральдыцы. Ён пачаў спачуваць, гаварыць, што хацеў бы пусціць на матч, але не можа. Толькі праз 15 хвілін мяне пусцілі на сектар. АМАПавец усё ж такі здаўся, але сказаў: «Толькі не махай шалікам, каб, не дай Бог, па тэлебачаннi не паказалі». Я прапусціў частку матча, але прынцыпова пранёс на стадыён тое, што не забаронена. Аб’ектыўнай прычыны для забароны «Пагоні» няма. Ёсць нейкі вусны загад. Людзі ўжываюцца з гэтым, таму не носяць нейкую патрыятычную атрыбутыку на стадыён. 

– Чаму ты не здаў шаль з «Пагоняй» у камеру захоўвання? Для цябе прынцыпова прыйсці з ім на сектар?

– Шаль з «Пагоняй» – атрыбут маёй краіны, сімвал патрыятызма. Сектар выглядае прыгожа, калі ўсё чырвона-белае. Тым больш, ёсць закон, які кажа, што гэтая сімволіка не забаронена. З іншага боку, ёсць нейкае прыватнае рашэнне, па якім нельга насіць «Пагоню». Таму прынцыпова дамагаюся таго, што закон павінен быць выкананы, калі ён не забараняе мне рабіць нейкую добрую справу. Гэта дадае нейкага азарту.  

– Як увогуле ў цябе складваюцца зносіны з АМАП?

– Лепш не мець з гэтымі хлопцамі ніякіх зносін. Чакаць нейкай адэкватнай рэакцыі ад іх складана. Асабліва, калі ў цябе ёсць атрыбут з выявай «Пагоні». У супрацоўнікаў МУС гэта выклiкае толькi раздражненне. Відаць, хлопцаў моцна цкуюць наконт гэтых сімвалаў. Можа, яны думаюць, што людзі з «Пагоняй» адносяцца да нацыстаў. АМАПу ўсё роўна, па якой прычыне чапляцца да людзей. Усё пачынаецца з прахода. За шаль з «Пагоняй» цябе могуць назваць фашыстам. Часам здараюцца затрыманні. Я бачыў, як на матчы «Дынама» – «Слуцк» хлопца выводзілі з сектара за тое, што на ім была сіняя майка з чырвонай «Пагоняй». Яго завялі ў патдтрыбуннае памяшканне і сказалі: «Здымай майку, або атрымаеш штраф ці паедзеш на суткі». Хлопцу прыйшлося надзець швэдар. Прыйшлося зрабіць так, таму што ў чалавека сям’я, дзеці. Алгарытм такіх абставін вельмі просты. Спачатку цябе забіраюць за «Пагоню», а потым састаўляюць пратакол, што ты лаяўся матам, аказваў супраціўленне.

Лічу, што большасць АМАПаўцаў паводзяць сябе неадэкватна. Яны пачынаюць размову з табой, нібы з зэкам: «Э! Уважаемый, пойдем, нужно поговорить». Аб чым? Тады ты чуеш: «В отделении разберемся». У гэты час разумееш, што там ты застанешся адзін на адзін з сістэмай, якая будзе ставіцца да цябе неадэкватна.

– Ты сутыкаўся з адэкватнымі супрацоўнікамі АМАП?

– На футболе не. Або гэтыя людзі цябе не чапаюць, або пачынаюцца непрыемныя размовы. Упершыню сутыкнуўся з гэтым, калі на матчы Беларусь – Уэльс майму бацьку не дазвалялі пранесці на «Дынама» паўлітроўку колы. Людзі дзейнічаюць у рамках нейкага прававога поля. На ўсё астатняе ім напляваць. Ім здаецца, што іх слова – самае галоўнае.

***

– Калі ты выпраўляўся на матч з Македоніяй, думаў, што так позна вернешся дадому?

– Шчыра кажучы, думаў яшчэ паспець на метро :). Спакойна прайшлі на стадыён. У час дагляду ніхто не звяртаў увагi на мой шалік. З астатнімі тое ж самае. Нават здзівіўся, таму што на папярэдніх гульнях такога не было. Парадаваўся, маўляў, нарэшце ўсё спакойна, але здзiвіла тое, што фан-сектар здымалі на дзве невялікія відэакамеры людзі ў манішках Еўра-2016. Відаць, яны атрымалі нейкія рэкамендацыі па рацыі: як здымаць і каго.

У канцы першага тайма на сектары з’явілiся двое неадэкватных мужчын гадоў 34-40 з чырвона-зялёным сцягам. Яны былі проста п’янюшчыя. Пачалі крычаць нейкую дзіўную крычалку. Нешта: «Давай, забівай…» Забыў трэцяе слова. Мы зрабілі ім заўвагу, маўляў, хочаце раўсцi – ідзіце на поле, равiце там. Яны трошкi супакоіліся.

Першы тайм скончыўся. Усе пайшлі ў прыбіральню. На выхадзе з сектара да мяне падышлі супрацоўнікі АМАП. Яны сказалі: «Або здымай шалік, або пойдзем размаўляць». Трэба было ўключыць дыктафон, бо ў маім жыцці хапала інцыдэнтаў, калі ты проста ідзеш па вуліцы, а потым высвятляецца, што лаешся матам, хаця ў жыцці яго не выкарыстоўваеш. Увогуле, я нервова рэагую, калі хтосьці публічна ўжывае матныя словы. 

Дык вось, на стадыёне мяне яшчэ хвіліну настойліва прасілі зняць шалік. У гэты час убачыў, што я не адзiн такі. АМАПаўцы падышлі яшчэ да дваіх чалавек, якія ўрэшце трапiлi ў КПЗ. Там была прыблiзна такая ж сітуацыя. Я спрабаваў паказаць АМАПаўцам, што шалік можна праносіць. Дастаў тэлефон, пачаў паказваць артыкулы. Папрасіў гэтых хлопцаў назвацца. Яны паказалі свае пасведчанні, як у амерыканскіх фільмах. Вельмі хуценька. Не паспеў  нават прачытаць, з кім я размаўляю. Фактычна яны парушылі закон. Супрацоўнікі АМАП павінны былі назвацца, напрыклад: «Прапаршчык Іваноў. Дазвольце вас запытаць». Замест гэтага нейкі бандыцкі зварот: «Уважаемый, пойдем, выйдем». Такое ўражанне, што з табой жадаюць падужацца.

Шалік я не аддаў. Хвіліны праз паўтары да нас падышлі яшчэ «таварышы», якія ўзялі мяне пад локці. Зразумеў, да чаго ўсё ідзе. Не будзеш жа з імі біцца. Мяне вывелі ў галерэю. Там ужо таварыша Юру абступіла чалавек пяць-шэсць. Ён, як і Віталь, адмовіўся здымаць шалік. Вакол нас сабралася нейкая кампашка, якая бачыла, што адбываецца. Калі вакол стала шмат людзей, нас проста выпхнулі са стадыёна. Пасадзілі ў «газэль». Я патэлефанаваў знаёмаму журналісту, сказаў, што нас затрымліваюць. У мяне хацелі забраць мабілку, але не зрабілі гэтага. Я не аддаў. Міліцыянт пытаўся заламаць руку, але я вырваўся.

Пасля мяне закінулі ў памяшканне «газэлі», якое было адгароджана нейкiмi кратамi. Там зрабіў сэлфі, закінуў у Instagram. Канешне, фота выйшла не вельмі ўдалае :). Увогуле, нам не патлумачылі, чаму мы едзем у гэты райаддзел, што мы парушылі. Нам казалі: «Разберемся. Приедем, поговорим. У вас был выбор: снимать или не снимать шарф».

Вельмі хутка дамчалі ў аддзяленне. У «газэлі» да нас ставiлiся даволі нейтральна. Можна было патэлефанаваць, залезці ў інтэрнет. Часцей за ўсё такія інцыдэнты заканчваюцца тым, што яшчэ ў аўтазаку ў цябе забіраюць усе рэчы. Нават не даюць патэлефанаваць, каб людзі ведалі, дзе ты знаходзішся, што з табой адбываецца. Абышлося неяк лайтовенька.

– Што цябе чакала ў райаддзеле?

– Нас прывялі ў калідор, дзе знаходзілася некалькі кабінетаў. Першага на допыт адправілі Юру. Мы чакалі хвілін 30-40. Спачатку нічога не чулі. Потым дзверы прыадчынiлiся. Убачылі, што на Юру складаюць пратакол. Стала зразумела, што нас чакае тое ж самае. Калі ўбачылі, што ён сядзіць без шнуркоў, зразумелі – застаемся начаваць. Тым часам у нас знялі адбіткі пальцаў. Непрыемная працэдура. Потым накiравалi ў прыбіральню памыць рукі. Там не было мыла. Ляжаў непрыемны вялікі кусок гаспадарчага. Потым зрабілі нашы фота ў фас і профіль. Здымкі выйшлі класныя, шкада, што іх нам не далі :). Было бачна, што барысаўскія міліцыянеры самі былі не рады нам. У людзей зацягнуўся працоўны дзень. Ім прыходзілася быць удзельнікамі гэтай справы, складаць рапарт аб затрыманні, рабіць вопіс. АМАП прыехаў-з’ехаў, а з намі яшчэ працаваць у панядзелак і аўторак. 

Потым мяне завялі ў кабінет для допытаў. Невялікае памяшканне, можа, чатыры на шэсць метраў. У ім знаходзілася два сталы, кампутар, некалькі міліцыянераў. Мяне пасадзілі ў крэсла. Насупраць быў міліцыянер, які пачаў задаваць банальныя пытанні: «Як завуць? Дзе жывеш? Кім працуеш?» Нам трапiўся палітычна падкаваны супрацоўнік. Мабыць, ён глядзеў па тэлебачанні шмат навінаў аб Украіне. Пачаў гаварыць: «Вы что, хотите, чтобы у нас было, как в Украине? Вы позорите нашу страну! Понимаете, что вы носите «Погоню»? Ее же носили фашисты. Вы хотите, чтобы у нас, как там, ели детей? Нам такого не нужно». Потым ён гаварыў, што прывядзе знаёмыя сем’і з Луганска, якія пераехалі ў Барысаў і могуць расказаць, што там робіцца. Чаму ён пачаў нам гаварыць аб гэтым, калі мы мацяршчыннікі і хуліганы? Лепш сказаў бы: «Хлопцы, вось вам слоўнік. Пачытайце. Або схадзіце ў царкву». 

– Ты спрабаваў весці нейкі дыялог з міліцыянерамі?

– Па-першае, сказаў, што трэба менш глядзець тэлевізар. Па-другое, не хацелася размаўляць з гэтымі людзьмі, бо ўсё роўна нічога не даб’ешся. Няма сэнсу прабіваць міліцыянераў на нейкую размову. Асабліва калі іх у памяшканні шмат.

Цягам размовы ў пакой зайшлі АМАПаўцы. Пачалі складаць рапарт па вопiсу рэчаў. АМАПавец, які пачаў рабіць гэта, быў вельмі непісьменны, рабіў шмат памылак. Самае вясёлае, што я прачытаў у рапарце, – слова «варюшка». Ухахатваўся. Сказаў: «Вы б іх хоць пісаць навучылі». У адказ пачуў: «Этот парень представлял Беларусь на международных соревнованиях, а ты говоришь, что он писать не умеет?» У якіх спаборніцтвах прымаў удзел гэты чалавек, я так і не пачуў.

Усе пратаколы складаліся па аднаму прынцыпу. Старэйшы міліцыянер дыктаваў, што мы парушылі, называў артыкулы. Юра і Віталь пыталіся аспрэчваць гэта. Я разумеў, што сэнсу няма. Мы не падпісалі пратаколы і рапарты. Зразумела, яны былі складзены непраўдзіва. Мы не рабілі таго, у чым нас абвінавачвалі. Адмовіліся ад усіх подпісаў, тады міліцыянеры самі выступілі панятымі і напісалі ў пратаколе, што мы адмовіліся яго падпісваць.

– Дык у чым вас абвінавачвалі?

– Атрымалася, што мы лаяліся ў бок зборнай, якая добра гуляла ў першым тайме. Асноўнае, што нам гаварылі: «Вы позорите нашу страну. Вы вели себя неадекватно. Неужели не понимаете, что вы делали?» Ніхто не гаварыў, што мы парушылі. Калі б у тым кабінеце быў юрыст ці адвакат, міліцыянеры паводзілі б сябе інакш. Юра казаў, што яму тлумачылі артыкулы адміністратыўнага кодэксу. У адрозненні ад мяне, ён знаёміўся з рапартам і пратаколам. Мне ніхто не сказаў: «Грамадзянін Хведарук, вы непрыстойна паводзілі сябе ў грамадскім месцы, ругаліся матам. На вас складзены два рапарты. Прызнаеце іх?» Размова была дастаткова фармальная.

Яшчэ ў памяшканні сядзеў падпалкоўнік, які таксама не назваўся. Кажуць, ён адказвае за адносіны з заўзятарамі – самы рэзкі і непрыемны чалавек ва ўсім гэтым працэсе. Яму не падабалася, як мы размаўляем, сядзім, глядзім, усміхаемся. Калі я стаяў у калідоры, ён крыкнуў: «Федарук». Напэўна, чакаў, што я адразу прыбягу. Я гэтага не зрабіў. Потым ён нармальна папрасіў мяне зайсці ў памяшканне. Сказаў яму, што супрацоўнікам міліцыі трэба нармальна ставіцца да нас, усё ж такі мы не ў турме. У адказ пачуў: «Ваши слова я могу расценивать как угрозу».

Час ад часу АМАПаўцы заводзілі гаворку аб Украіне. Чаму? У маім гаманцы ляжала грыўна і дваццать капеек. Адзін з АМАПаўцаў лічыў грошы, другі запісваў суму. Першы сказаў другому: «Запиши, что у него рубль двадцать бандеровских денег». Другі ўжо пачаў пісаць, добра, што першы паспеў сказаць, што пажартаваў.

Гадзіны тры мы правялі ў гэтым пакоі. У міліцыі не працаваў прынтар. Каб раздрукаваць паперку, нейкаму маёру прыйшлося патраціць хвілін дваццать. Спачатку ён схадзіў у адно памяшканне, потым у іншае. Прыйшоў у наш кабінет, палаяўся і зноў пачаў шукаць, дзе раздрукаваць.

– Што было далей?

– Нас накiравалi ў ізалятар часовага утрымання. Ён знаходзіўся ў тым жа будынку. Гэтае памяшканне патрабуе асобага апісання. Яно нагадвае аб савецкім часе. Такi шэры мур з пабелкай. У куце знаходзіцца прыбіральня, якая нічым не агароджана. Там без упынку цячэ вада, якая робіць шмат шуму, побач кран і ўмывальнік, з якога пастаянна нешта капае. Гарыць адна лямпачка, якая не выключалася ўсю ноч. Стол, прыбіты да падлогі, дзве лавы. У памяшканнi тры двухпавярховыя ложкі. Нам выдалі матрац, прасціну зялёнага колеру, пухаўку і лёгкую коўдру.

У камеры жудасна смярдзела і было вельмі холадна. Яе памеры дзесьці пяць на дзевяць метраў. У муры былі нейкія пласціначкі з дзірачкамі для кісларода. У адным з вакон была разбіта шыба. Халодны вецер з вуліцы паступаў у памяшканне. Было вельмі халодна. Умовы, блізкія да катавання. Чагосьці папрасіць немагчыма. Нам не далі нават туалетнай паперы.

Ніякіх гадзіннікаў у камеры не было. Не ведалі, які зараз час. Проста губляешся ў прасторы. Ніхто не сказаў, калі нас будуць судзіць. Закінулі і сказалі чакаць.

– Чым ты займаўся ў камеры?

– Рабіць там няма чаго. Нам жа нават не выдалі паперы. Кніг, забаўляльных гульняў, накшталт шахмат ці шашак, там, канешне, не было. Размаўлялі з хлопцамі, каб неяк бавiць час. Спалося вельмі цяжка, бо было холадна.

Акрамя нас траіх у камеры былi яшчэ два чалавекі. Яны здзвіліся: «Как? Просто за шарфики? Да ладно, не может быть». Адзiн дзядзька думаў, што нас усё ж такі арыштавалі за п’янку, але потым зразумеў, што ад нас не пахне алкаголем.

З самага ранку адчыніліся дзверы камеры. Усіх, хто там быў, вывелі на вуліцу, пасадзілі ў «газэль» і сабраліся кудысьці везці. Тут патэлефанавалі міліцыянеру, які нас ахоўваў. Ён змяніўся ў твары. Сказаў нам траім: «Хлопцы, ідзіце абратна». Нашых суседзяў павезлі на суд, а мы вярнуліся ў камеру. Там прабылі да дзвюх гадзін.

– Вас пакармілі?

– Так. Ежа проста супер. Спачатку нам прынеслі адну талерку i тры лыжкі. У ёй ляжалi тры рыбныя катлеты і бульбяное пюрэ. Мы ўсе сябры, але не вельмі хацелася есці ўтраіх з адной талеркі. Праз хвіліну нам далі яшчэ тры талеркі с супам і па вялікім кавалку хлеба. Я не еў суп, таму не магу адзначыць яго якасць. Хлеб быў дзіка нясмачны. Пюрэ вельмі вострае, чымсьці прыпраўленае. Ад яго пачалася пякотка. Катлеты – сярэдняй паршывасці. Добра, што без касцей. Відаць, там было шмат батону. Паабедалі, і нас павязлі ў суд.

Дарэчы, да самага суда ў нас не было ніякай магчымасці проста папіць. Вада з-пад крана вельмі дрэннай якасці. Яе немагчыма было спажываць. Купіць нешта – не можаш. Папрасіць – не даюць. Прыходзілася сядзець са смагай.

– Як праходзіў суд?

– Нас прывезлі ў памяшканне, якое называецца «стакан». Чатыры муры і драўляная лава, на якой можна сядзець. Яна якраз умяшчала трох чалавек. Сядзелі, слухалі размовы міліцыянераў. У іх зрывалася паездка ў лазню: «Блин, сбрасывались по сто тысяч. Что теперь делать?» У людзей атрымаўся зацягнуты працоўны дзень. Суд працуе да шасці гадзін, а нас судзілі да восьмай. Слуханне апошняга працэсу скончылася недзе ў 20:40.

На суд прыехаў адвакат, людзі, якія засталіся дапазна. Справа атрымала водгук у СМІ. Суд быў адкрытым. Праходзіў у памяшканні для крымінальных працэсаў, што неўласціва адміністратыўным справам. Яшчэ адзін пазітыўны момант. Я сядзеў на лаве, дзе быў стол. На ім нейкім вострым прадметам было выцарапана «Менты – козлы».

– Перад судовым працэсам ты паспеў паразмаўляць з адвакатам?

– Не. Калі пачалася справа, мы паразмаўлялі з адвакатам некалькі хвілін. Я зрабіў хадайнiцтва. Папрасіў, каб мяне абараняла адвакат. Яна папрасіла перапынак, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы і трошкі пагутарыць, што ды як. Я ўжо ведаў, што Віталю далі штраф. Яго працэс цягнуўся дзве гадзіны. Трэба было дазнацца, за што яму вынеслі прысуд.

Як у любым адміністратыўным працэсе, суддзя спачатку зачытвае абвінавачванне і пытаецца, ці згодны ты з ім. Я адмовіўся, таму што не рабіў гэтага. Ніколі ў жыцці не лаяўся матам і не валiўся на зямлю, махаючы рукамі. Фішка пратаколаў АМАПаўцаў была ў тым, што яны нiбыта зрабілі нам некалькі заўваг, на якія мы не адрэагавалі, а працягвалі лаяцца на зборную і іх саміх. Па іх словах, АМАПаўцы пачалі нас затрымліваць, пасля чаго мы пападалі на зямлю, пачалі махаць рукамі і аказваць супраціў. Гэта выклікала толькі ўсмешку. На «Барысаў-Арэне» ёсць відэанагляд, шмат людзей бачылі, як нас выводзілі з сектара. Таго ж Віталя ледзь не выносілі з трыбуны за шкіркі.

Выклікалі двух сведкаў. Гэта былі АМАПаўцы, якія складалі пратакол. Быў здзіўлены тым, што яны нават не падрыхтаваліся да працэса. Адзін з іх мяне затрымліваў, другі бачыў, як гэта адбывалася. Два чалавекі казалi абсалютна процiлеглыя рэчы. Адзін казаў, што мы лаяліся падчас матчу, другі сцвярджаў, што ў перапынку. Адзін – што мы знаходзіліся ўнізе сектара, другі – наверсе. Адзін казаў, што я ішоў у прыбіральню адзін, другі – што ў кампаніі. Такіх фактаў было вельмі шмат. АМАПаўцы не маглі ўзгадаць, ва што я быў апрануты, бо ў час суда я зняў куртку.

Адвакатка задавала добрыя пытанні, якія паказвалі, што АМАПаўцы не могуць узгадаць самых простых рэчаў. Яны гаварылі, што цэлы тыдзень працавалі на выбарах і вельмі стаміліся. Чамусьці гэта дазволіла ім запомніць, што мы лаяліся матам. Прычым мы стаялі спіной да іх, але гэта не перашкодзіла зрабіць выснову, што менавіта мы ўтрох лаяліся. Аб п’яных людзях, якія ў канцы тайма прыйшлі з чырвона-зяленым сцягам, ніхто не ўзгадваў.

Потым пачалі выступаць сведкі з нашага боку. На матч з Македоніяй я запрасіў на сектар свайго знаёмага мастака. Чалавек упершыню пайшоў на сектар. Бачыш, як паспяхова :). Ён пачаў гаварыць, што ўвесь час быў побач. Сам пытаў АМАПаўцаў, што робіцца, але ніякага адказу не атрымаў. Дзякуй яшчэ аднаму хлопцу, які пасля працы прыехаў у суд з Мінска на таксоўцы. З гэтым чалавекам я ўвогуле не быў знаёмы. Потым высветлілася, што я сапсаваў яму сэлфі з дзяўчынай на «Львоў-Арэне» падчас матча супраць зборнай Украіны. Ён засведчыў, што факты, якія ўказаны ў пратаколах, -  хлусня.

Праз некалькі хвілін суд выдаліўся для прыняцця рашэння. Суддзя пачаў чытаць: «Ужыць меру пакарання тры…» Думаю, толькі б не трое сутак. Ён працягнуў: «Тры базавыя велічыні». За лаянку матам далі тры, а яшчэ сем – за непадпарадкаванне міліцыі. Атрымалася, што прыйсці з шалікам «Пагоня» на стадыён каштуе мільён васемсот. Дастаткова вялікі кошт.

Шчыра кажучы, гэта быў не мой шалік :). Я пазычыў яго ў сябра. Калі памёр Рыгор Барадулін, зрабілі вянок ад заўзятараў. Свой шалік я завязаў на ім. Ён застаўся на могілках. Перад гульнёй з Украінай папрасіў у свайго сябра шалік. З таго часу  не аддаў. Можа, справа ў гэтым :). Забыў сказаць, у судзе не вялося размовы аб «Пагоні». Гаварылі толькі аб лаянцы матам. Суд паверыў міліцыянерам, хаця было бачна, што АМАПаўцы хлусяць і не могуць звязаць трох слоў.

Я не думаў, што вакол гэтага працэсу ўздымецца такая шуміха. Людзі нават дапамагаюць сабраць суму нашага штрафа. Увечары з’явіцца інфармацыя аб стварэнні гаманца для збору сродкаў. Для мяне такія затрыманні ўжо норма. Здзівіла, што людзі так салідарна адрэагавалі. Нават АБФФ заявіла, што трэба разабрацца ў гэтай справе. Звычайна такія футбольныя рэчы праходзяць ціха. Мяне прыемна здзівіла, што гэтым зацікавіўся Сяргей Румас. Сілавыя структуры даволі закрытыя. Складана ўмяшацца ў іх справы. Не ведаю, ці атрымаецца пакараць людзей, якія iлжыва сведчылi. Прыемна, што на гэта хаця б звярнулі ўвагу.

– Будзеш яшчэ хадзіць на футбол з «Пагоняй»?

– Пасля заявы АБФФ аб тым, што можна выкарыстоўваць гэты сімвал, канешне, буду. Спадзяюся, не толькі я адзін.

Фота: Вольга Трафімовіч

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты