Tribuna/Баскетбол/Блоги/Rock the Tsmok/Расправіць крылы. Чаму дуэль «Цмокаў» з «Краснымі крыллямі» заслугоўвае ўвагі

Расправіць крылы. Чаму дуэль «Цмокаў» з «Краснымі крыллямі» заслугоўвае ўвагі

У суботу, 31 студзеня, а 18.00 мінскія «Цмокі» пазмагаюцца з «Краснымі крыллямі» ў лізе ВТБ. Успаміны пра папярэднюю сустрэчу, турнірнае значэнне, аналогіі з жаночай зборнай і выступленне Мараш - сярод прычын, па якіх варта наведаць Мінск-Арэну вечерам суботы.

Блог — Rock the Tsmok
Автор — Tsmoki-press
30 января 2015, 20:15
2

У суботу, 31 студзеня, а 18.00 мінскія "Цмокі" пазмагаюцца з "Краснымі крыллямі" ў лізе ВТБ. Успаміны пра папярэднюю сустрэчу, турнірнае значэнне, аналогіі з жаночай зборнай і выступленне Мараша - сярод прычын, па якіх варта наведаць Мінск-Арэну вечерам суботы. 

 

ЗЯЛЁНЫ КАЛІДОР

Папярэдні матч "драконаў" завяршыў найскладаны з пункту гледжання календара адрэзак сезону. Мінчукі па чарзе сустрэліся з ЦСКА, "Лакаматывам-Кубанню", "Хімкамі" і "Ніжнім Ноўгарадам", іншымі словамі - галоўнымі фаварытамі першынства. Прычым да гэтага падапечныя Ігара Грышчука правялі няпросты выязны матч з "Астаной". Таму і нядзіўна, што беларусы з палёгкай сустракаюць дуэль з самарцамі. Бо цяпер каляндар будзе больш ласкавы да сталічнага калектыву. Апошні ж зможа разлічваць на доўгачаканае ўзыходжанне па турнірнай табліцы.

 

ПАСТУПОВЫ ПРАГРЭС

Вядома, "Цмокі" не збіраюцца падыходзіць да матчу з "Краснымі крыллямі" з шапказакідальніцкім настроем - статус аўтсайдэра розыгрышу не дазваляе. Тым не менш, шанцы гаспадароў на вікторыю варта ацаніць як мінімум у 50%. Пра што кажа хоць бы планамерны прагрэс дружыны. Так, у апошніх чатырох паядынках мінчукі саступалі. Але ў той жа час большую частку матчу нязменна трымаліся з грандамі на роўных. Застаецца толькі спадзявацца, што эфектыўнасць "драконаў" знойдзе пацверджанне ў двубоі з калектывам менш высокага, чым нядаўнія візаві, узроўню.

 

ГУЛЬНЯ МАРАША

Адной жа з прычын прагрэсу "Цмокаў" з'яўляецца гульня Івана Мараша. Зразумела, што балканцу, які ўліўся ў склад акурат перад дэбютным матчам, спатрэбіўся час на адаптацыю. Добра, што сёння ён, несумненна, асвоіўся з каманднымі схемамі. Больш за тое, усё больш актыўна становіцца лідарам клуба, а таксама ўваходзіць у лік лепшых цяжкіх форвардаў лігі. Мяркуйце самі: у апошніх пяці сустрэчах ён набірае ў сярэднім па 17 ачкоў, уваходзіць у чацвёрку лепшых гульцоў розыгрышу па колькасці падбораў, атакуе з высокім адсоткам, а таксама лідзіруе ў камандзе адразу ў трох статыстычных паказчыках - выніковасці, адскоках і эфектыўнасці.

 

УСПАМІНЫ ПРА ПЕРШЫ МАТЧ

У папярэднім жа паядынку з "Краснымі крыллямі" Мараш настраляў 19 ачкоў і не дабраў усяго двух падбораў да дабл-дабла. Аднак для вікторыі гэтага не хапіла. Як і таго, што за дзве хвіліны да канца трэцяй чвэрці госці вялі "14". Нажаль, салідную перавагу "Цмокі" не ўтрымалі і пацярпелі адну з самых крыўдных параз як мінімум у гэтым сезоне. Заадно ж заразіліся жаданнем рэваншу. Рэабілітацыі садзейнічае не толькі хатні статус паядынку, але і адсутнасць у складзе гасцей Рэйнальдса. У той дуэлі амерыканец настраляў 31 ачко і рэалізаваў шэсць трохачковых, але нядаўна пакінуў дружыну.

 

ШАНЕЦ НА ПЕРШУЮ ХАТНЮЮ ПЕРАМОГУ

Калі ж "Цмокі" выправяцца за тую асечку, яны атрымаюць першую хатнюю вікторыю ў бягучым розыгрышы Адзінай лігі ВТБ. Так склалася, што мінскія заўзятары назіралі за перамогамі "драконаў" альбо па тэлевізары, альбо на Мінск-Арэне, але ў рамках Еўрачэленджа. Праўда, варта адзначыць, што ў "банкаўскім" турніры мінчукі правялі ўсяго пяць матчаў на родным паркеце, тры з якіх - супраць згаданых грандаў. Цяпер жа кучнасць хатніх паядынкаў істотна ўзрасце, што дазваляе спадзявацца на перапыненне чорнай паласы. Будзем спадзявацца, што гэта адбудзецца ў бліжэйшым суперніцтве.

 

ТУРНІРНАЕ ЗНАЧЭННЕ

З аднаго боку, заікацца сёння пра турнірныя перспектывы "Цмокаў" - усё роўна, што  збірацца заняць пасаду генеральнага дырэктара Apple. Як-ніяк у першых 15 сустрэчах "драконы" пацярпелі 13 параз. З іншага ж, выхад у плэй-оф хоць і цяжкавыканальны, але ўсё ж магчымы. Напрыклад, ад ВЭФа, які ідзе на восьмым радку, Міркавіч і кампанія адстаюць на пяць вікторый. І гэта пры тым, што латвійцы правялі на чатыры паядынкі больш. Улічваючы тое, што наперадзе цэлы другі круг, шанцы на поспех застаюцца. Аднак для падмацавання іх мінчукам кроў з носу неабходныя вікторыі ў бліжэйшых сустрэчах. Бо будуць змагацца яны з прамымі канкурэнтамі.

 

АНАЛОГІЯ З ЖАНОЧАЙ ЗБОРНАЙ

Да таго ж беларускім калектывам не прывыкаць перамагаць каманды, якія трэніруе Барыс Сакалоўскі. Так, на чэмпіянаце свету 2010 года наша жаночая зборная атрымала адну з найбольш уражлівых перамог у сваёй гісторыі, на стадыі чвэрцьфіналу пакінуўшы за бортам расіянак, якіх узначальваў Барыс Ільіч.

Другие посты блога

Сербскі падарунак
11 апреля 2015, 22:47
1
Все посты