Tribuna/Футбол/Блоги/Спортивный канал/«Можаце забыцца пра падтрымку». Баснійскія фанаты абурыліся планамi на таварыскі матч з Расіяй, супраць і футбалісты

«Можаце забыцца пра падтрымку». Баснійскія фанаты абурыліся планамi на таварыскі матч з Расіяй, супраць і футбалісты

УЕФА не пярэчыць.

Автор — Tribuna.com
10 сентября 2022, 10:22
2
«Можаце забыцца пра падтрымку». Баснійскія фанаты абурыліся планамi на таварыскі матч з Расіяй, супраць і футбалісты

9 верасня Футбольны саюз Босніі і Герцагавіны абвясціў, што 19 лістапада зборная краiны згуляе таварыскі матч на стадыёне ў Санкт-Пецярбурзе супраць Расіі, якая адхiлена ад усіх спартыўных спаборніцтваў пад эгідай УЕФА i ФIФА ў адказ на вайну, якую працягвае з 24 лютага ва Украiне з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi.

Дзякуючы баснійскаму журналісту Эміру Дзелічу стала вядома, што, атрымаўшы запрашэнне ад Расіі, баснійцы звярнуліся па тлумачэнні да УЕФА, дзе адказалі, што такі матч нічога не парушыць.

«Мы пацвярджаем, што УЕФА не супраць правядзення Федэрацыяй футбола Босніі і Герцагавіны таварыскага матчу супраць Расійскага футбольнага саюза на яго тэрыторыі. Таварыскія матчы не ўваходзяць у кампетэнцыю і адказнасць УЕФА. Такім чынам, удзел у такім таварыскім матчы не парушае рашэнне пра адхіленне расійскіх каманд ад спаборніцтваў УЕФА», – гаворыцца ў лісце.

Чаму ж Боснія вырашыла прыняць прапанову ад Расіі? Можа быць, справа ў грошах – па даных мясцовых СМI, расiяне паабяцалi 200 тысяч еўра i пакрыццё ўсiх расходаў на пражыванне i харчаванне. А магчыма, адказ у тым, што прэзідэнт футбольнага саюза краіны Віка Зелькавіч з’яўляецца пляменнікам былога супрэзiдэнта краiны Міларада Додзіка. Ён у чэрвені сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, а вайну называе, як расiйскi палiтык – «спецыяльнай ваеннай аперацыяй» і «вымушаным крокам». I Зелькавіч, і Додзік – сербы (разам з баснiйцамi i харватамi – адна з асноўных нацыянальнасцей у Боcнii i Герцагавiне, ад кожнай абiраюць супрэзiдэнта), а Сербiя не скрывае сваіх сімпатый да Расіі.

Адразу пасля агалошвання дамовы пра гульню сацыяльныя сеткі выбухнулі абурэннем. Украінская «Трыбуна» сабрала, што пішуць баснiйскiя заўзятары.

Amila Karačić: «Я спадзяюся, што ўсе (гульцы і заўзятары) будуць вас байкатаваць, пакуль вы прымаеце рашэнні на чале асацыяцыі».

Emmet Murphy: «Гэта праўда? Агідна і сорамна. Я спадзяюся, што свет запомніць гэтае рашэнне і што вам будуць нагадваць пра яго ў кожнай гульні ў будучыні».

Ultimative_Chef: «Вы павінны ведаць, што ні адзін басніец не падтрымлівае гэтае рашэнне. Сербы ўзначальваюць нашае аб’яднанне і ўсё разбураюць».

Snow: «Быдла крымінальнае. Гэта ўдар па рэпутацыі краіны ў свеце, у разгар агрэсіі супраць Украіны вы сябруеце з Расіяй... Няхай з вамі гуляюць праваслаўныя браты з Сумаў».

Bosnian History: «Ганьба вам. Злачынная арганізацыя, якую ўзначальваюць злачынцы і адмаўляльнікі генацыду» (верагодна, маецца на ўвазе бойня ў Срэбраніцы, колькасць ахвяраў якой Додзік называе «завышанай» – заўв. Tribuna.com).

Ostali: «Магчыма, вы прынялі прапанову, таму што вы ідыёты, але мы паглядзім, ці хочаце вы гуляць».

Dino Delic: «Зборная, якая прымае запрашэнне на такi таварыскі матч, можа смела забыцца на падтрымку заўзятараў. Калі яны паедуць, гэта будзе іх апошняя гульня ў футболцы зборнай».

Edin Solak: «Выдатна. Маскі ўпалі, і цяпер відавочна (і гэта было вядома з самага пачатку), што гэты прэзідэнт з’яўляецца часткай сербскага праекта па знішчэнні зборнай Босніі і Герцагавіны. Ганьба, тым больш, што гэта таксама было прынята рукамі баснійскіх членаў [федэрацыi]. Да чаго, вядома, мы прывыклі, што яны прадаюцца за дробныя працэнты. Усё патрабуе моцнай перазагрузкі».

Nermin Kadić: «Я спадзяюся, што ў свеце ёсць інстытут, які пакладзе канец футболу ў Босніі і Герцагавіне. Таму што мы, заўзятары, на гэта не здольныя».

Admir Meskovic: «Чаго вы здзіўляецеся!? Хто з’яўляецца прэзідэнтам асацыяцыі і якая яго мэта? Мы павінны паказаць свету, што мы з Расіяй і што мы супраць ЕС. Усё гэта накіравана на паварот галавы ў наш бок. Самабытнасць баснійцаў нікуды не знікае, нават у спорце».

А што футбалісты?

Перспектыву згуляць матч супраць Расіі не падтрымліваюць гульцы зборнай. Вось як на навіну адрэагаваў былы абаронца «Барселоны» і «Ювентуса» Міралем П’яніч.

– Я чуў пра рашэнне Асацыяцыі. Кіраўнікі ведаюць маю пазіцыю. Патэлефанавалі і спыталі, што я думаю пра гульню. Я сказаў тое, што думаў, а потым быў здзіўлены іншым рашэннем. Гэта не вельмі добрая ідэя.

У мяне няма слоў. Калі каманда пачынае гуляць добра, заўсёды нешта ідзе не так. Асацыяцыя ведае маю пазіцыю. Скажу толькі, што гэта нядобра», – сказаў П’яніч.

– Я супраць матча з Расiяй! Мая пазiцыя не ўключае ўдзел у гэтай гульне, пакуль гiнуць нявiнныя людзi. Я салiдарны з народам Украiны, – заявiў баснiйскi форвард «Iнтэра» Эдзiн Джэка.

Таксама баснiйскае «Выданне №1» паведаміла, што яшчэ некалькi з вядучых гульцоў зборнай вырашылі не ехаць у Расію.

Застаецца сачыць за развіццём падзей. Магчыма, праз рэакцыю баснійскай супольнасці Футбольны саюз краіны адмовіцца ад гульні з агрэсарам.

 

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты