Tribuna/Футбол/Блоги/Weekend on Working Streets/Андрэй Салангін: Тарпеда Мінск - гэта яго заўзятары!

Андрэй Салангін: Тарпеда Мінск - гэта яго заўзятары!

Вельмі значнае перадсвяточнае інтэрв’ю і віншаванне ад дырэктара Тарпеда Мінск.

Автор — Аўтазаводзец
30 декабря 2016, 02:30
4
Андрэй Салангін: Тарпеда Мінск - гэта яго заўзятары!

Андрэй Вадзімавіч, у гэтыя перадсвяточныя дні хацелася б падвесці вынікі сыходзячага года для Чорна-Белых.

У гэтым сезоне ажыццявілася тое, пра што раней усе мы маглі толькі марыць – мінскае Тарпеда стала прафесійным футбольным клубам.

Як аўтазаводцы правялі гэты год, ці атрымалася ў клуба рэалізаваць усё, што было запланавана?

– У цэлым аўтазаводцы правялі сезон нядрэнна. Усё, што было запланавана, вядома, не атрымалася рэалізаваць. Наша стаўка была на моладзь, на жаль, у першым крузе прыйшоўшая моладзь не апраўдала нашых чаканняў, прыйшлося перабудоўвацца па ходзе сезону і вось ужо ў другім крузе было бачна, што многія футбалісты змогуць абараняць колеры клуба ў сезоне 2017.

Слоган “Легендарны клуб славутага горада” на экіпіроўцы каманды.

Наступны год для Тарпеда будзе вельмі асаблівым, паколькі клуб, які з’яўляецца адным з найстарэйшых у нашай краіне, будзе святкаваць сваё 70-ці годдзе.

– На жаль 60 і 65 юбілеі Тарпеда праводзіла ў чэмпіянаце Мінска, і вось нарэшце сезон 2017 мы будзем праводзіць пад лозунгам «70 год вернасцi» ужо як прафесіяналы.

Якія прыярытэтныя задачы будуць пастаўлены ў гэты год, ці ёсць ужо канкрэтныя планы на тое, што нас чакае ў 2017?

– Паколькі сезон для клуба з’яўляецца юбілейным, то адпаведна задачы ў гэты год будуць самыя максімальныя, неабходна будзе радаваць сваіх заўзятараў кожны матч толькі перамогамі.

Тарпеда, як вядома, быў адроджаны сваімі заўзятарамі. Гісторыя Чорна-Белых – гэта па-сапраўднаму адзін з нешматлікіх прыкладаў вернасці ў сучасным футболе.

Але аўтазаводцы, атрымаўшы спонсарскую падтрымку, не пайшлі па звычайным шляху хуткіх і гучных дасягненняў. Тарпеда, да здзіўлення многіх, пачало выбудоўваць свой клуб з максімальнай дбайнасцю, укладаючы бюджэт у першую чаргу ў наладжванне інфраструктуры, арганізацыю, стварэнне добрых умоў для развіцця маладых і перспектыўных футбалістаў.

Андрэй Вадзімавіч, па выніках мінулага сезону ці можна сказаць, што гэта стратэгія была абрана правільна і ці будзе Тарпеда ісці тым жа шляхам?

– Калі клуб жадае развівацца, то яму неабходна рабіць стаўку на маладых і перспектыўных футбалістаў, натуральна не толькі з дапамогай моладзі клубу па сілах выконваць некаторыя значныя задачы, таму патрэбныя таксама дасведчаныя і прафесійныя футбалісты. З той філасофіяй і стратэгіяй, якой прытрымвалася Тарпеда ў гэтым сезоне, мы будзем працягваць і далей працаваць. І кіраўніцтва клуба будзе рабіць усё неабходнае для яго развіцця і росту футбалістаў.

Клуб нядаўна падпісаў кантракты з новымі маладымі футбалістамі, ужо паведамлялася аб трэніравальным зборы. Як хутка хлопцы павінны выйсці з адпачынку, і што Тарпеда запланавала на бліжэйшы час міжсезоння? – У снежні Тарпеда падпісала кантракты з 3-ма маладымі і перспектыўнымі футбалістамі (Лавец 1996 г.н., Макаўчык 2000 г.н., Сцепанюк 1997 г.н.) і з дасведчаным Дзмітрыем Тамела 1992 г.р., таксама працягнулі на год кантракт з Паўлам Яўсеенка. Тарпеда выйдзе з адпачынку 16 студзеня і пачне навучальна-трэніравальныя заняткі ва ўцягваючым цыкле, а напачатку лютага правядзём першы збор.

Немагчыма не спытаць аб тэме, якая цяпер, на жаль, з’яўляецца адной з найбольш актуальных. Напрыканцы гэтага года клуб сутыкнуўся з дастаткова сур’ёзнай праблемай, калі яго дырэктар вымушаны быў пакінуць Рэспубліку Беларусь.

Як Тарпеда выходзіць з гэтай сітуацыі, наколькі гэта ўскладніла працу клуба, вырашэнне значных пытанняў?

– Выйсці ёсць, але працаваць у аддаленым рэжыме вельмі складана, добра, што ў дадзены час працы не так шмат, як падчас сезону. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час я зноў змагу паўнавартасна працаваць у клубе і знаходзіцца побач з сям’ёй.

Андрэй Салангін разам з сям’ёй.

У нашым клубе дастаткова ўнікальны выпадак, калі яго ўзначальвае заўзятар, які ў свой час стаў адным з ініцыятараў адраджэння каманды. Можна заўважыць, што Тарпеда асабліва не гоніцца за часовай папулярнасцю, лічачы, што павага да людзей, якія прыходзяць на гульні, стаўленне клуба да традыцый, яго гісторыі прынясуць у будучыні поспех і ў выглядзе поўнага стадыёна на матчах аўтазаводцаў.

Па выніках гэтага года ці можна сказаць, што ў Тарпеда паступова атрымоўваецца арганізацыя клуба, які будуецца на прынцыпах максімальнай адкрытасці для сваіх заўзятараў?

– Клуб цалкам адкрыты для заўзятараў, бо Тарпеда – гэта ў першую чаргу яны, дзякуючы заўзятарам клубу атрымалася не знікнуць з футбольнай мапы Беларусі. Перад сезонам будзе арганізавана сустрэча заўзятараў з кіраўніцтвам і камандай.

Цяпер ідуць апошнія дні сыходзячага года. Што Вам у новым 2017-ым хацелася б пажадаць усім людзям, якія вераць і любяць мінскае Тарпеда?

– Віншую ўсіх Вас з Новым годам і Раством Хрыстовым! Няхай 2017 год прынясе Вам як мага больш радасці, усмешак і шчаслівых дзён! Зычу поспеху, дабрабыту і рэалізацыі ўсіх вашых ідэяў і планаў. Са Святамі, Чорна-Белыя!

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты