Tribuna/Биатлон/Блоги/Winterfell/Не паехаў на турніры ў Расію (кажа, не праз вайну) – застаўся без кантракта. Драма ў зборнай Беларусі па біятлоне, дзе не бачаць сэнсу падтрымліваць ні Украіну, ні адзін аднаго

Не паехаў на турніры ў Расію (кажа, не праз вайну) – застаўся без кантракта. Драма ў зборнай Беларусі па біятлоне, дзе не бачаць сэнсу падтрымліваць ні Украіну, ні адзін аднаго

Блог — Winterfell
Автор — Tribuna.com
4 июля 2022, 02:55
1
Не паехаў на турніры ў Расію (кажа, не праз вайну) – застаўся без кантракта. Драма ў зборнай Беларусі па біятлоне, дзе не бачаць сэнсу падтрымліваць ні Украіну, ні адзін аднаго

Міжнародны сезон для беларускіх біятланістаў скончыўся пасля Алімпіяды-2022. Расія напала на Украіну, у тым ліку выкарыстоўваючы тэрыторыю Беларусі, таму Міжнародныя біятлонны саюз (IBU) загадаў беларусам і расіянам выступаць на этапах Кубка свету ў нейтральным статусе. Аднак каманды такое рашэнне не задаволіла, таму яны датэрмінова завяршылі выступленні ў сезоне-2021/22. Таксама беларуская і расійская федэрацыі заявілі аб палітызаванасці спартыўных санкцый і адказалі на іх удзелам першых нумароў у вясновы стартах на чэмпіянаце і Кубку Расіі.

У канцы сакавіка былі ўведзеныя новыя абмежаванні – IBU прыпыніў дзейнасць федэрацый Беларусі і Расіі, а таксама забараніў спартсменам з гэтых краін падаваць індывідуальныя заяўкі для ўдзелу ў спаборніцтвах. Цяпер у БФБ спадзяюцца на скасаванне санкцый. Пытанне будзе разглядацца на вераснёўскім пасяджэнні выканкаму IBU.

Тым не менш у біятлоне Беларусі адбываюцца вялікія перамены (здаецца, многія зразумелі, што санкцыі надоўга): прыбіраюць трэнераў-іншаземцаў, а яшчэ ўзніклі пытанні па атлетах, якія не паехалі на турнір у Расію пасля таго, як беларускі біятлон патрапіў пад бан.

Зараз беларускія біятланісты працягваюць падрыхтоўку да надыходзячага сезону. Зборныя пачалі работу ў Раўбічах, дзе першы збор стартаваў яшчэ ў траўні. На ім не аказалася адразу некалькіх трэнераў і біятланістаў з мужчынскай каманды. Пасаду старшага трэнера пакінуў расіянін Андрэй Падзін, з якім кіраўніцтва не працягнула кантракт. Са спартсменаў першай інфармацыя з’явілася па Сяргею Бачарнікаву. 34-гадовы ўраджэнец Харкава сезон КС-2021/22 завяршыў на 92-м месцы – гэта шосты паказчык сярод беларусаў. Спартсмен быццам не збіраўся завяршаць кар’еру, «але выступленні ў Беларусі, хутчэй за ўсё, скончыў». Аб прычынах гэтага Бачарнікаў прапанаваў спытаць у трэнераў. Што да сітуацыі ва Украіне, то Сяргею «няма чаго сказаць, акрамя таго, што я там нарадзіўся, і там пражываюць сваякі».

У падобнай сітуацыі аказаўся і 26-гадовы Максім Верабей. У мінулым сезоне барысаўчанін стаў трэцім у беларускай зборнай (66-е месца ў агульным заліку КС і бронза студзеньскай эстафеты ў Рупольдынгу). У асабістых гонках на Алімпіядзе Максім вышэй за 71-ы радок не падняўся (спрынт), а ў эстафеце, дзе ехаў перадапошнім і схапіў два штрафныя кругі, стаў восьмым. Трэнеры казалі, што біятланіст быў нядрэнна гатовы функцыянальна, аднак яму не хапіла псіхалагічнай стабільнасці, што адбілася ў тым ліку і на стральбе.

У выязных спісах беларускай зборнай на вясновыя старты ў Расіі Верабей значыўся, але ў выніку туды не паехаў. Крыніцы «Трыбуны» паведамлялі, што спартсмен адмовіўся змагацца на расійскіх спаборніцтвах, таму рашэннем трэнерскага штабу яго адхілілі ад каманды ды пазбавілі прэміі. Было вядома, што гэта не апошнія меры ў дачыненні да Вераб’я.

Нагадаем, што Расія на той момант ужо ўдзельнічала ў вайне.

Прыкладна ў той жа час з крытыкай біятланіста выступіў старшыня БФБ Андрыян Цыбульскі. Той заявіў, што ў Пекіне Верабей не справіўся са стральбой у эстафеце і ўвогуле ў Беларусі «ёсць больш перспектыўная моладзь».

«Шанец вярнуцца [у зборную] ёсць. Трэба папрацаваць над сабой. Казіно нікога не задавальняе (маецца на ўвазе нестабільная стральба – Tribuna.com)», – гаварыў аб перспектывах спартсмена ў камандзе Цыбульскі.

Верабей не адзіны

Трэцім з беларускіх біятланістаў, хто ў траўні апынуўся за бортам зборнай, стаў Раман Ялётнаў. У мінулым сезоне 29-гадовый спартсмен заняў 79-е месца ў агульным заліку КС (пяты па зборнай). Раман быў на Алімпіядзе, але на старт так і не выйшаў – трэнеры зрабілі выбар на карысць іншых спартсменаў.

Ялётнаў таксама знаходзіўся ў выязным спісе на чэмпіянат і Кубак Расіі, але адмовіўся ад удзелу. Цыбульскі не падтрымліваў гэтую ідэю, але меркаваў, што справа ў Мурманскім марафоне. Верагодна, так усё і было: 26 сакавіка Ялётнаў перамог там на дыстанцыі ў 50 кіламетраў.

У канцы траўня, калі зборная пачала трэніроўкі, Раман распавёў, што не збіраецца заканчваць кар’еру. Як стала вядома, біятланіст планаваў стартаваць на летнім Кубку федэрацыі, які праходзіў 27 траўня на стадыёне «Дынама», але падвяло здароўе – некалькі дзён трымалася высокая тэмпература.

«Буду змагацца, рыхтавацца да наступных стартаў. Сілы і жаданне ёсць!» – гаварыў Ялётнаў.

Па версіі Вераб’я, ён не паехаў у Расію не праз палітыку і вайну

Пасля стартаў у Расіі Верабей адмаўляўся размаўляць з журналістамі, але ў пачатку ліпеня «Зеркало» ўзяла інтэрв’ю ў спартсмена. У ім біятланіст распавёў пра дэталі вясновай гісторыі і як яго паплечнікі па зборнай рэагавалі на распачатую вайну ва Украіне. Пры гэтым журналісты партала падкрэслілі, што частка размовы і некаторыя дэталі засталіся па-за тэкстам інтэрв’ю.

Максім цалкам адмаўляе, што не паехаў у Расію праз палітыку і пачатак вайны ва Украіне. Ён кажа, што за тыдзень да першага расійскага старту Цыбульскі абвесціў, што кожны вольны сам вырашаць, ехаць у Расію ці не. Па словах Вераб’я, асаблівага энтузіязму ў беларускіх спартсменаў не было: хтосьці банальна засумаваў па дому і родных, у кагосьці меліся праблемы са здароўем. Былі і тыя, хто не хацеў выступаць у Расіі праз напад на Украіну, аднак у выніку зборная паехала амаль поўным складам.

«Але літаральна за паўдня да дэдлайну шмат каму патэлефанавалі і сказалі, што трэба ехаць. Хто і чаму так вырашыў у апошні момант – не ведаю. Мне не патэлефанавалі, але я ў любым выпадку не збіраўся ў Расею», – распавядаў Верабей.

У той момант біятланіст ужо быў у адпачынку за свой кошт. Яго Максім узяў, каб заняцца сваёй вінтоўкай і праблемамі са стральбой. У сезоне-2021/22 беларус закрыў 77,3% мішэняў – гэта 90-ы паказчык у Кубку свету і чацвёрты па зборнай. Пасля ўся каманда пайшла ў планавы адпачынак – і разам з ёй Верабей, якому прыйшлося пісаць тлумачальны ліст пра няўдзел у расійскіх стартах.

Сустракаўся з так званым міністрам, які не ўзяў адказнасць за звальненне

Пасля адпачынку Верабей даведаўся, што ён не патрэбны зборнай і з ім не хочуць працягваць кантракт. Па сваіх міжнародных выніках спартсмен праходзіў міністэрскую атэстацыю за мінулы сезон – як ужо зазначана вышэй, у біятланіста была бронза на этапе КС і восьмае месца ў Пекіне ў складзе эстафеты. Але спартсмена разлічылі ў бухгалтэрыі, плюс ад 1 ліпеня ён не атрымоўвае заробак у міністэрстве спорту.

З гэтай нагоды Верабей адправіўся да так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука. Былы ахоўнік Лукашенкі адмовіўся браць на сябе адказнасць за рашэнне прыбраць спартсмена з каманды. Максім, наадварот, распавёў, што яны добра пагутарылі, і ў Кавальчука да Вераб’я ніякіх пытанняў не было. Але міністр настойваў, што пытаннямі камплектацыі зборнай ён не займаецца – гэта прэрагатыва трэнерскага штабу.

Пасля паходу ў Мінспорта біятланіст патэлефанаваў галоўнаму трэнеру зборных Юрыю Альберсу і трэнеру мужчынскай каманды Раману Сінічэнку, але і тыя не змаглі патлумачыць, чаму была прыпыненая супраца.

«Замкнёнае кола. Ніхто нічога не ведае. Разлічваў, што, па меншай меры, скажуць прама, чаму не маюць патрэбу ў маіх паслугах. Усё ж такі не адзін год аддаў біятлону, матываваны выступаць і далей. Вельмі люблю Беларусь, хачу за яе бегаць, а са мной вось так вось паступаюць. Думаю, хаця б заслужыў сумленны адказ», – разважаў Верабей.

Што будзе рабіць далей

Зараз біятланіст збіраецца яшчэ раз сустрэцца з Кавальчуком, якога лічыць «добрым, дасведчаным спецыялістам». Верабей не мае намеру завяршаць кар’еру і зараз займаецца ў Раўбічах з асабістым трэнерам. У зборнай спартсмену сказалі, што ён можна паспрабаваць прабіцца ў каманду, але той не разумее, «навошта адбірацца туды, куды я ўжо адабраўся».

«Спачатку быў прыгнечаны. Шок. Шалёна злаваўся на несправядлівасць! Яшчэ вельмі крыўдна, што ніхто з каманды не падтрымаў: ні біятланісты, ні трэнеры, якія абдымалі зімой за добрыя вынікі. Усе маўчалі. Пасля ўсё абдумаў і зразумеў, што трэба пераварочваць гэтую старонку і ісці далей», – апісаў свае эмоцыі біятланіст.

Што да слоў Цыбульскага пра стральбу і «казіно», Верабей лічыць, што гэта несур’ёзная прычына для звальнення з каманды. Тым больш, што біятланіст зараз грунтоўна ўзяўся за працу на рубяжы.

Не бачыць сэнсу ў заявах спартсменаў па вайне

Па словах Вераб’я, датэрміновае заканчэнне міжнароднага сезону засмуціла беларускіх біятланістаў, якія апасля казалі, «што спорт па-за палітыкай».

Што да публічнай падтрымкі Украіны, то ў гэтым Максім не бачыць сэнсу.

«Думаеце, ад гэтага нешта змянілася б? Мы ні на што не можам паўплываць. Спартсмены сканцэнтраваны на трэніроўках, спаборніцтвах», – рэзюмаваў біятланіст.

Фота: БФБGettyimages.com/Cameron Spencer, Kevin Voigt/DeFodi Images

Другие посты блога

Все посты