Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/МАК і Бах па факце бароняць спартсменаў з Беларусі і Расіі, але ў Шантаровіча, Недасекава, Мірончык-Івановай усё больш скепсісу наконт шанцаў паехаць на Алімпіяду

МАК і Бах па факце бароняць спартсменаў з Беларусі і Расіі, але ў Шантаровіча, Недасекава, Мірончык-Івановай усё больш скепсісу наконт шанцаў паехаць на Алімпіяду

У апошняй увогуле нешта дзіўнае адбываецца ў галаве.

Аўтар — bytribuna com
20 ліпеня, 12:30
МАК і Бах па факце бароняць спартсменаў з Беларусі і Расіі, але ў Шантаровіча, Недасекава, Мірончык-Івановай усё больш скепсісу наконт шанцаў паехаць на Алімпіяду

Да Алімпіяды ў Парыжы застаецца роўна год, а дакладнага разумення, ці будуць у ёй удзельнічаць спартсмены з Беларусі, усё яшчэ няма. Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах заявіў, што рашэнне аб удзеле зборных Беларусі і Расіі ў Гульнях наўрад ці будзе прынятае да сесіі кіроўнага органа арганізацыі ў кастрычніку. Пры гэтым па выказваннях функцыянера складваецца адчуванне, што варыянт з допускам спартсменаў з краін-агрэсараў суцэль магчымы.

- У нас ёсць місія, каб абʼяднаць усіх спартсменаў свету ў мірным спаборніцтве. Мы абавязаныя не караць спартоўцаў за дзеянні іх урада, – сказаў Бах.

Таксама падчас нядаўняй анлайн-сустрэчы з журналістамі Бах зазначыў, што, на яго думку, добра працуюць рэкамендацыі МАК па вяртанні да стартаў беларусаў і расіян, якія не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі ў Беларусі ці Расіі. Але нашыя калегі з украінскай «Трыбуны» знайшлі як мінімум два кейсы, калі гэтыя рэкамендацыі спрацавалі вельмі дзіўна. Першы – расійская фехтавальніца Валерыя Кобзева. FIE першапачаткова дапусціла яе да чэмпіянату Еўропы, хаця тая лайкала пасты ў падтрымку вайны. Толькі пад ціскам грамадскасці Кобзеву ўсё ж выключылі са спісу «нейтральных атлетаў».

Другі – расійская дзюдаістка Дарʼя Уладзімірава, якая таксама была дапушчаная Міжнароднай федэрацыяй дзюдо да спаборніцтваў, лайкала пасты ў Instagram на Z-тэматыку. Яна ў адрозненне ад Кобзевай са стартаў не знятая. Акрамя таго, НАК Украіны публічна звяртаўся да МАК наконт 15 дзюдаістаў, якіх выходзяць на старты, нягледзячы на наяўнасць воінскіх званняў.

Прэзідэнт НАК Украіны Вадзім Гутцайт лічыць, што нават у нейтральным статусе спартсменаў з Беларусі і Расіі не трэба дапускаць да Алімпіяды.

- Усе мы таксама выступаем супраць таго, што пакуль ідзе вайна, ім не месца на Алімпійскіх гульнях. Мы і далей будзем працаваць з нашымі партнёрамі, з міжнароднай супольнасцю, – паабяцаў Гутцайт.

На днях Міжнародная федэрацыя гімнастыкі (FIG) дапусціла расіян і беларусаў да спаборніцтваў у нейтральным статуце. 14 беларускіх атлетаў аналагічным чынам былі дапушчаныя Міжнародным саюзам веласіпедыстаў – гэтыя факты сведчаць, што паступовае вяртанне прадстаўнікоў Беларусі і Расіі на міжнародную арэну адбываецца.

Пры гэтым МАК не проста разглядае магчымасць удзелу беларусаў і расіян у Гульнях, але і становіцца на іх абарону. Напярэдадні камітэт забараніў Вялікабрытаніі праводзіць адборачныя спаборніцтвы па алімпійскіх відах спорту праз пазіцыю ўрада краіны датычна расійскіх спартсменаў. Алімпійскі парк Лондану быў гатовы прыняць спаборніцтвы па брэйк-дансе, скейтбордынгу, спартовым скалалажанні і BMX-фрыстайле ў чэрвені наступнага года, але выканаўчы савет МАК паведаміў тамтэйшаму НАК, што больш не разглядае Лондан як месца правядзення спаборніцтваў і цяпер вывучае альтэрнатыўныя лакацыі.

Прычынай таму стала патрабаванне ўрада Вялікабрытаніі, каб расійскія ці беларускія спартсмены падпісалі асабістую дэкларацыю аб нейтралітэце і адмовіліся якім-небудзь чынам падтрымліваць вайну ва Украіне, калі яны жадаюць удзельнічаць у спаборніцтвах на тэрыторыі краіны. У МАК лічаць, што такія заявы могуць паставіць спартсменаў у цяжкае становішча пры вяртанні ў Расею, дзе асуджэнне вайны можа пацягнуць нават крымінальную адказнасць (аналагічная практыка назіраецца і ў Беларусі).

Пры гэтым у прадстаўнікоў беларускага спорту – у асноўным, актыўных лукашыстаў – усё больш скепсісу пры ацэнцы сваіх алімпійскіх перспектыў. Па выказваннях апошніх тыдняў складваецца адчуванні, што на паездку ў Парыж многія ўжо не вельмі разлічваюць.

Прарэжымная скакуха Анастасія Мірончык-Іванова заявіла, што «нават выканаўшы алімпійскі нарматыў, напэўна, адмовілася б ад такіх Алімпійскіх гульняў», бо яна – «патрыёт». Таксама лёгкаатлетка выказала спадзяванне, што Беларусь і Расія змогуць правесці свае спаборніцтвы топ-узроўню.

- Таксама можам правесці альтэрнатыву той жа «Дыяментавай лізе». Чаму не? Усё ў нашых руках і мы маем выдатныя ўмовы, выдатныя спартыўныя абʼекты. Думаю, мы гэта рэалізуем. З тымі ўмовамі, якія нам навязвае Міжнародны алімпійскі камітэт, было б чужа і страшна прысутнічаць на Алімпійскіх гульнях, – сказала прыхільніца рэпрэсій.

Праўда, неўзабаве Мірончык-Іванова злавіла супрацьлеглы настрой і загаварыла інакш:

- Магчыма, атрымаецца выступіць на Алімпійскіх гульнях. Вельмі хочацца, проста душа ірвецца. Але рашэння пакуль няма. Павінен, мусіць, адбыцца цуд, каб нас туды дапусцілі.

А вось яе непасрэдны бос, старшыня федэрацыі лёгкай атлетыкі і падпісант за рэжым Іван Ціхан усё яшчэ чакае «добрых» навін ад міжнародных арганізацый, хоць і падставы для шкадаванняў у яго ёсць.

- Мы робім сваю справу, каб быць гатовымі ў любы момант выйсці і паказаць, на што мы здольныя. Пакуль яны [Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый] не адказваюць на нашыя пытанні. Яшчэ ўвесну яны паабяцалі нам даць дарожную карту, па якой мы зможам выступаць на Алімпійскіх гульнях. Карта не прадстаўлена, адпаведна, размовы ўсякія ходзяць у інтэрнэце, але, на жаль, афіцыйнага нічога няма. Тыя вынікі, якія былі паказаныя тут, у Брэсце, – яны афіцыйна залічваюцца, ніякіх пытанняў. Калі атлет выконвае нарматыў, то такі вынік зʼяўляецца адборам на Алімпійскія гульні, – сказаў Ціхан.

Трэнер мужчынскай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках Уладзімір Шантаровіч настроены песімістычна.

– Мне асабіста і ўсяму калектыву гэта так усё надакучыла. Хартыя парушаная цалкам, таму я не ведаю, колькі можна бегаць і ўгаворваць і колькі пустаты малоць. Трэба звярнуць увагу на рэзерв і думаць пра Алімпіяды 2028 і 2032 гадоў і працаваць не спыняючыся, – сказаў спецыяліст.

Падпісантка за рэжым Марына Літвінчук прапанавала ўвогуле не ладзіць Алімпіяду ў выпадку нядопуску спартсменаў з Беларусі. А яшчэ адзін верны адэпт Лукашэнкі Максім Недасекаў сказаў, што ў прынцыпе не думае пра допуску ці нядопуску на АГ: бронзавы прызёр Алімпіяды ў Токіа ўпэўнены, што ў выпадку чаго «Беларусь і Расея здолеюць арганізаваць годныя спаборніцтвы, на якія падцягнуцца спартсмены з іншых краін».

Пры гэтым атлет, схільны да ўжывання алкаголю, патлумачыў, чаму Беларусь падтрымліваюць Расію ў вайне супраць Украіны.

- Беларусь у СВА (так у Расіі называюць вайну ва Украіне – Tribuna.com) не ўдзельнічае. Мы з Расіяй Саюзная дзяржава, а таму аказваем падтрымку. Але гэта натуральна і нармальна, так павінна быць, – лічыць прарэжымны скакун, адзначаючы ў гэтым кантэксце, што сам гатовы са зброяй абараняць Радзіму.

Як думаеце, якое выніковае рашэнне прыме МАК наконт спартсменаў з Беларусі і Расіі?

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты