Усе навіны

Дар'я Блашко: «Не магу ўявіць спаборніцтвы ў кампаніі расіян і беларусаў да заканчэння вайны»

10 чэрвеня, 11:41

Былая біятланістка зборнай Беларусі Дар'я Блашко ў інтэрв'ю для «Зеркала» выказалася пра вайну ва Украіне.

– Можаце ўявіць сёння спаборніцтвы ў кампаніі расіян і беларусаў?

– Не. Да заканчэння вайны так дакладна.

– Калі вы сёння раптам чуеце ці чытаеце, што не ўсё так адназначна ў сітуацыі з Украінай, то як рэагуеце?

– Падчас вайны можа быць толькі чорнае і белае. Гэта звязана з эмоцыямі чалавека. Гэта значыць, вось прыляцела ракета ў дом, а чалавек: «Ну і добра». Складана ўявіць такое. Калі страшна настолькі, што ты разумееш, што праз тры секунды можаш памерці, то ўключаецца зусім іншае мысленне. Не ўсё так адназначна толькі для тых, чыя шкура не ў гульні.

– З боку здаецца, што ў спартсменаў больш магчымасцяў выказацца, зʼехаць з краіны, калі нешта не задавальняе.

– Я не згодна. Звычайны чалавек можа зʼехаць у любое месца, а спартовец прывязаны да каманды, фінансам. Аднаго толькі жадання памяняць краіну недастаткова. Атлет будзе выступаць там, дзе яго возьмуць. Можна, вядома, пераехаць самому, але трэба будзе прайсці вельмі доўгі шлях без усялякіх гарантый. Так што звычайна працуе першы варыянт.

– Сумленне, прынцыпы не ўплываюць на прыярытэты?

– Украінцы паміраюць за краіну, таму што прыйшлі ў іх дом. А для беларусаў вайна ўсё ж пакуль праходзіць збоку. Зʼехаць па маральных прынцыпах – на такое здольныя адзінкі.

– Маўчанне можа быць выхадам з сітуацыі?

– Часткова. Быць сумленным з сабой – важна. Як і з навакольнымі людзьмі. Але калі не можаш па тым ці іншым чынніку сказаць праўду, то лепш прамаўчаць.

– А назваць вайну вайной?

– Называць відавочныя рэчы сваімі імёнамі – у гэтым няма гераізму. Плюс праўда ніколі не можа быць аднабокай. Але калі бачыш усё на свае вочы, што гінуць мірныя людзі, разбураецца інфраструктура, то, вядома, разумееш, што гэта не «спецаперацыя», – сказала Блашко.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.