Tribuna/Лыжныя вiды/Блогі/О духе времени/Спартсмены ў Раўбічах катаюцца ў лыжах па траве – гэта прышпіл ці што? Зараз патлумачым

Спартсмены ў Раўбічах катаюцца ў лыжах па траве – гэта прышпіл ці што? Зараз патлумачым

Ці то лыжы не едуць, ці то я дзяўбануты.

Аўтар — bytribuna com
31 ліпеня, 20:19
Спартсмены ў Раўбічах катаюцца ў лыжах па траве – гэта прышпіл ці што? Зараз патлумачым

На мінулым тыдні ў акаўнце TikTok ski_biathlon зʼявіліся відэаролікі пра тое, як беларускія лыжнікі і біятланісты гэтым летам трэнуюцца ў Раўбічах. Праца спартсменаў выглядае даволі незвычайна: хлопцы і дзяўчыны на лыжах і з палкамі ў руках спачатку спускаюцца з гары па траве, а пасля, таксама на лыжах, паднімаюцца на вяршыню. Відэа сабрала каля 100 тысяч праглядаў.

Што гэта – калектыўны жарт ці рэальная праца? Разбіраемся.

Прафесіяналы тлумачаць, што гэта не жарт, а звычайная практыка для біятлона і лыжнага спорту, калі няма ні снегу, ні магчымасці адправіцца на зборы ў Еўропу ці куды-небудзь яшчэ.

Беларусы пачалі падрыхтоўку да новага сезону ў траўні. Работа вядзецца на базе Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы», дзе для спартсменаў дасяжныя і трэнажорныя залы, і стрэльбішча, і траса, па якой можна ездзіць на лыжаролерах. Аднак гэтага мала.

Па словах спецыялістаў са свету біятлона, з якімі нам удалося пагутарыць, трэнаванні на траве практыкуюцца не адно дзесяцігоддзе, прычым як у дарослым спорце, так і ў дзіцячым.

Шмат у чым па тэхніцы травяныя трэнаванні падобныя да пераадолення ўздымаў у лыжным спрынце, дзе бываюць забегі ў гару на лыжах без слізгацення. Адпрацоўваць гэтую тэхніку можна не толькі на траве, але і на пілавінні, і на лісці, якое апала, – усё гэта добра замяняе снег і дазваляе навострываць уменне паднімацца ў гару. Акрамя таго, гэтыя практыкаванні скіраваныя на развіццё каардынацыі і сілы ног.

Па словах нашых суразмоўцаў, для большага эфекту спартсмены нярэдка паднімаюцца ў гару з абцяжарваннем – ззаду могуць быць прывязаныя розныя грузы, якія робяць уздым больш складаным. Звычайна на адным трэнаванні спартсменам даецца тры серыі па пяць уздымаў у гару прыкладна на 100 метраў. Як кажуць атлеты, з якімі мы пагутарылі, у біятлоне гэта адно з самых жорсткіх і цяжкіх трэнаванняў. Бывалі выпадкі, калі людзей ужо пасля дзесяці забегаў ванітавала, а некаторыя нават гублялі прытомнасць. Увогуле, гэтае выпрабаванне сапраўды вымотвае і знясільвае. Пры гэтым трэнеры нярэдка паліваюць траву, каб супраціў пры ўздыме быў ніжэйшы, што яшчэ больш ускладняе працу.

Спуск з гары – гэта ўжо больш лайтовае і спакойнае практыкаванне. Там працуюць базавыя прынцыпы, якія дзейнічаюць у лыжным спорце.

Таксама нашыя суразмоўцы запэўнілі, што такія практыкаванні выкарыстоўваюцца не толькі ў беларускай камандзе, але і ў іншых, у тым ліку ў вядучых зборных свету. Напрыклад, так трэнуюцца на траве ў Эстоніі, а так – у ЗША.

Але навошта трэнаваць лыжныя падыманні па траве, калі існуюць лыжаролеры? Нашы суразмоўцы са свету біятлона тлумачаць, што, у цэлым, гэта сапраўды падобныя трэнаванні, але ёсць важны нюанс: у лыжаролерах стаіць блакаванне ад качэння назад. То-бок нават калі спартсмен спыніцца на ўздыме, ён не паедзе ўніз. А вось звычайныя лыжы трымаюць спартсмена ва ўвесьчаснай напрузе і не даюць магчымасці спыніцца, інакш – пакоцішся спіной наперад.

«Як па мне, звычайнае шоу»

Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты – мір! » папрасіў пракаментаваць відэа з травянога трэнавання ўдзельніка сямі Алімпіяд лыжніка Сяргея Далідовіча.

- Скажу шчыра, у трэнавальным працэсе гэтая бздура нічога не дае. Да спаборніцтваў зімой гэтыя практыкаванні наогул не маюць дачынення.

- Для чаго тады яны выкарыстоўваюцца? - [Каб] Неяк разнастаіць працу, каб спартсмены не сядзелі ўдома, на базах.

- Кажуць, тэхніка падобная па падымання ў гару па снезе – таксама без слізгацення.

- Так, толькі гэта і можна адзначыць. Так, напрыклад, бегае ў гару нарвежац Ёханэс Клэба. Але ён не толькі бегае ў гару так, але яшчэ адначасова крута катаецца. Што гэтыя практыкаванні развіваюць? Хуткасныя якасці, сілу ног. Але, паверце, дакладна такога ж эфекту можна дасягнуць, калі бегаць без лыж, але з палкамі ў гару. Так і робіцца, дарэчы, часцей за ўсё.

А тое, што мы ўбачылі ў роліках… Як па мне, звычайнае шоу. Тыя, хто не паглыблены ў лыжныя гонкі, можа падумаць, што гэта нейкае ноў-хаў. А я пабачыў ды закрыў. Сам так ніколі не трэнаваўся. Гэта ўсё ж больш для спрынтараў, а не для тых, хто бегае на доўгія дыстанцыі.

- А калі пазначыць канкрэтна плюсы і мінусы такіх трэнаванняў?

- Мусіць, нейкія плюсы ёсць. Але больш, думаю, гэта проста разгружае галаву, робіць больш разнастайным трэнавальны працэс. Не ўяўляю, каб так трэнаваліся на сталай аснове.

- Што больш эфектыўна – падʼём у гару па траве на лыжах або па асфальце на лыжаролерах?

- Сказаў бы, што не больш эфектыўнае, а больш набліжанае да рэальных зімовых умоў уздыманне на лыжах па траве. Плюс гэта менш траўманебяспечнае. Калі на лыжаролерах катаешся, лягчэй атрымаць пашкоджанне, таму што знаходзішся над асфальтам на сантыметраў пяць. Плюс хапае выпадкаў, калі спартсмены проста стаялі на лыжаролерах і падварочвалі ногі. Потым месяц-паўтара аднаўляліся.

Але, паўтаруся, для мяне такія трэнаванні – проста шоу. І адразу ўспамінаецца прымаўка: «Стаю на асфальце ў лыжы абуты. Ці то лыжы не едуць, ці то я дзяўбануты».

- Такія практыкаванні выкарыстоўваюцца ў іншых лыжных і біятлонных камандах свету?

- Не бачыў, каб людзі на ўвесьчаснай аснове рабілі такія трэнаванні. Больш за тое, на працягу месяца трэнерамі і спартсменамі пішуцца дзённікі трэнаванняў, дзе пазначана, колькі гадзін адведзена на АФП, на працу на лыжах і гэтак далей. Ні ў кога не бачыў у дзённіках запісаў пра трэнаванні на травяной гары. Як варыянт, можа, гэта і выкарыстоўваецца, не выключаю. Але вельмі рэдка.

- А калі наогул такія трэнаванні ўвайшлі ў практыку?

- Ведаю дакладна, што яшчэ зборная СССР па лыжным спорце бегала па мокрым пяску на моры. Па расе, па шэрані спускаліся. Такім трэнаванням гадоў, мусіць, ужо больш, чым мне. Проста тады не было камераў, тэлефонаў, ніхто не здымаў. Сёння ж ролік выклалі, ён завірусіўся. І калі я глядзеў, як нехта павольна спускаўся з гары, узнікала адна думка: «Што можна было б у гэты момант дадаць, каб было больш праглядаў? Выспятка пад зад, каб хутчэй паехаў» :).

Іншыя пасты блога

Усе пасты