Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Пинта-Шминта/Малады расіянін можа прапусціць Алімпіяду, як і бацька-трэнер, які вывез яго ў Беларусь: адзін топіць за Лукашэнку, другі асуджае Ісінбаеву

Малады расіянін можа прапусціць Алімпіяду, як і бацька-трэнер, які вывез яго ў Беларусь: адзін топіць за Лукашэнку, другі асуджае Ісінбаеву

Сямейнае наканаванне?

Аўтар — Pam-pam
26 лютага, 16:14
Малады расіянін можа прапусціць Алімпіяду, як і бацька-трэнер, які вывез яго ў Беларусь: адзін топіць за Лукашэнку, другі асуджае Ісінбаеву

З 23 па 25 лютага ў Маскве прайшоў чэмпіянат Расіі па лёгкай атлетыцы ў памяшканні, дзе нараўне з расіянамі спаборнічалі і прадстаўнікі Беларусі.

Адзін з залатых медалёў турніру заваяваў ураджэнец Расіі з беларускім пашпартам Мацвей Волкаў. Шаставік узяў вышыню 5,82 і не толькі стаў найлепшым у спаборніцтвах, але і выканаў алімпійскі нарматыў, паказаўшы 10-ы вынік сезона ў свеце.

Як згадаў сам 19-гадовы спартсмен пасля спаборніцтваў, адолець такую вышыню ён абяцаў яшчэ чатыры гады таму, у 2020-м, але сумеў зрабіць гэта толькі цяпер. У сувязі з гэтым расіянін зарокся дзяліцца планамі на будучыню. «У самурая няма мэты, у самурая ёсць толькі шлях», – сфармуляваў новы падыход да жыцця спартсмен.

Адносна будучыні ў Волкава застаецца яшчэ адно вельмі важнае пытанне: а ці зможа ён са сваім моцным вынікам узяць удзел у Алімпіядзе-2024? Яшчэ ў сакавіку мінулага года Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў рашэнне пра допуск расійскіх і беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў, зафіксаваўшы пры гэтым, што атлеты, якія маюць кантракты з расійскімі або беларускімі «сілавікамі», нікуды запрашацца не будуць. А Волкаў і на сёння застаецца ў спісачным складзе зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы як прадстаўнік Спартыўнага клуба Узброеных сіл Лукашэнкі. Хаця пакуль да канца незразумела, каго са спартсменаў МАК лічыць «сілавікамі». Хапае прыкладаў, калі атлеты з такімі кантрактамі спакойна катаюцца па спаборніцтвах.

Волкаў пакуль што настройвае сябе на лепшае:

«Гэта яшчэ па вадзе віламі пісана, што Алімпіяды не будзе. Я хлопец аптымістычны і веру, што паеду на Алімпіяду».

Пры гэтым Волкаў дазваляў сабе неадназначныя выказванні наконт вайны ва Украіне. Публічна ён ніяк не асуджаў дзеянні Расіі – краіны, у якой нарадзіўся. У траўні 2022-га Волкаў абвінаваціў беларускую лёгкаатлетку Крысціну Ціманаўскую, якая выказалася ў сацсетках у падтрымку Украіны, у аднабокасці і ў адсутнасці жадання разважаць стрымана. Па яго версіі, Расію на агрэсію нібы справакаваў Захад:

«Ты ўвогуле бачыла, што рабілі заходнія краіны для таго, каб Расея-такі пачала ваенную аперацыю на тэрыторыі Украіны? Не варта абапірацца на «Нехту», «Дождж» і іншыя ліберальныя СМІ», – павучаў тады Волкаў.

Калі расійская двухразовая алімпійская чэмпіёнка Алена Ісінбаева пасля пачатку вайны заявіла, што яе званні ў пуцінскай арміі «носяць намінальны характар», Волкаў заявіў, што для яго атлетка больш не легенда, а «крывадушны чалавек».

«Табе не 12 гадоў было, калі ты падтрымлівала адно, каб сказаць: «Ой, я пасталела». Лічу, што з яе боку гэта падстава і такім людзям тут рабіць няма чаго».

Сам Волкаў змяніў Расію на Беларусь якраз дзеля шанцу патрапіць на Алімпіяду – яшчэ да пачатку вайны расійская лёгкаатлетычная федэрацыя захрасла ў допінгавых скандалах, што прывяло да міжнароднага адхілення.

У дадатак да гэтага бацька і па сумяшчальніцтве трэнер Мацвея Канстанцін Волкаў адмаўляў існаванне пандэміі каранавіруса, праз якую ў Расіі ўводзіліся абмежаванні і скасоўвалі спартыўныя спаборніцтвы.

У Беларусі з гэтым «праблем» не было – Аляксандр Лукашэнка трымаўся падобных пазіцый. А яшчэ Волкава-старэйшага цешыла, што парад у Мінску, праводзіцца 9 траўня, а не ў нейкі іншы дзень.

«Я вырашыў паглядзець прамую трансляцыю з Мінска. Калі сказаць, што прамова Аляксандра Лукашэнкі мяне ўразіла, гэта нічога не сказаць! І адразу стала зразумела, куды нам трэба пераязджаць», – расказваў спецыяліст.

Волкаў-бацька ў свой час таксама скакаў з шастом. На Алімпіядзе-80 у Маскве ён стаў срэбным прызёрам, саступіўшы паляку Уладзіславу Казакевічу. Апошні на радасцях паказаў публіцы, якая асвіствала яго і падтрымлівала Волкава, знакаміты «жэст Казакевіча», больш вядомы як «паўрукі».

Савецкі шаставік сурʼёзна разлічваў пазмагацца за золата на наступных гульнях у Лос-Анджэлесе, але ўмяшалася палітыка. Савецкае кіраўніцтва прыняло рашэнне байкатаваць Гульні ў ЗША нібыта праз пытанні бяспекі. Насамрэч гэта быў сіметрычны адказ на байкот амерыканцамі маскоўскай Алімпіяды.

Волкаў успамінаў, што калі спартсмен абвясцілі пра рашэнне не ехаць на Гульні з фармулёўкай пра бяспеку, ён быццам бы ўстаў і сказаў галоўнаму па спорце ў СССР Марату Грамаву, што той трызніць:

«Мы толькі што з Бубкам вярнуліся з турнэ па ЗША і Канадзе – нас ніхто не травіў ні ў Нью-Ёрку, ні ў Лос-Анджэлесе, і наогул там выдатны прыём. Грамаў адказаў, што мне гэта толькі здаецца».

Замест гэтага савецкім спартсменам прапанавалі спаборнічаць на альтэрнатыўным турніры «Дружба-84», дзе Волкаў выйграў з вынікам на 5 см вышэй за той, з якім золата Лос-Анджэлеса-1984 заваяваў француз Пʼер Кіньён.

Парадокс, але праз пару дзесяцігоддзяў Волкаў-старэйшы ўжо не так перажывае пра алімпійскія перспектывы цяперашніх спартсменаў, у тым ліку сына. Летам 2022-га ён заявіў, што Расіі і Беларусі ўвогуле трэба рваць усе стасункі з World Athletics:

«Ніхто не зможа нас дыскваліфікаваць. Мы зможам ездзіць адзін да аднаго і ў любыя краіны, куды запросяць, – у Казахстан, Індыю, Кітай і гэтак далей. Вось тады сусветны спорт разломіцца».

Калі Волкаў-старэйшы выступаў на Гульнях у Маскве, яму было 20. Яго сыну таксама будзе 20 падчас парыжскай Алімпіяды. Але, магчыма, Мацвею адразу давядзецца ехаць на так званыя Гульні дружбы, якія Расія ладзіць сама для сябе і для тых, хто гатовы спаборнічаць з прадстаўнікамі краіны-агрэсара.

Канстанцін Волкаў падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Падчас пратэстаў у жніўні-2020, калі сын якраз знаходзіўся ў працэсе змены грамадзянства, трэнер расказваў, што зверствы АМАПа былі нібыта справакаваныя нейкімі падрыхтаванымі хлопцамі, якія кідалі камяні і распылялі незразумелыя рэчывы.

Пазней Волкаў-бацька дадаў «дэталяў» да тых падзей – мужчына здолеў разгледзець праславутых куратараў:

«Я глядзеў на гэта спрактыкаваным вокам і бачыў куратараў. Усё гэта падагравалася грашыма, нават фатаграфавалі, запісвалі для справаздачнасці. Што і для чаго рабіў пратэст, я ўвогуле не разумею. Цяпер яго няма і, думаю, ідыёцкія думкі ўжо нікому ў галаву не прыходзяць».

Мужчына да гэтага часу не ўспрымае Беларусь як незалежную краіну:

«Я нарадзіўся ў СССР. Для мяне Беларусь – адна краіна. У маёй галаве дык гэта ўсё».

Іншыя пасты блога

Усе пасты