Tribuna/Экстрэмальныя віды/Блогі/Беларуска скарыла сёмую топ-вяршыню свету ў 64 гады – з сабой БЧБ-сцяг, на Эверэсце падтрымала і Украіну

Беларуска скарыла сёмую топ-вяршыню свету ў 64 гады – з сабой БЧБ-сцяг, на Эверэсце падтрымала і Украіну

Дапамагае дачка.

Аўтар — bytribuna com
3 кастрычніка, 12:00
Беларуска скарыла сёмую топ-вяршыню свету ў 64 гады – з сабой БЧБ-сцяг, на Эверэсце падтрымала і Украіну

30 верасня беларускі бел-чырвона-белы сцяг быў разгорнуты на сёмай па вышыні ў свеце (8167 метраў над узроўнем мора) вяршыні горнага масіву Дхаўлагіры ў Непале. Гэта вельмі крута – у свеце ўсяго 14 вяршыняў вышэй за 8 тысяч метраў, яны складаюць свайго роду элітны клуб для альпіністаў.

Яшчэ больш захапляе, што ўзыходжанне са сцягам здзейсніла жанчына ва ўзросце 64 гадоў – ураджэнка Івянца Мінскай вобласці Лілія Яноўская. Больш за тое, для Яноўскай вяршыня стала ўжо сёмай заваяванай са згаданых 14.

Факт, які даводзіць захапленне да мяжы – Яноўская пачала займацца альпінізмам толькі ў 50 гадоў! Да гэтага жанчына атрымала ў Беларусі матэматычную адукацыю, у 1990-х з мужам занялася бізнесам па продажы піламатэрыялаў, а праз некалькі гадоў у сямʼі вырашылі, што для развіцця справы трэба пераязджаць у Канаду. Там Яноўская і вяла далейшае жыццё, вольны час прысвячаючы тром дочкам. Але калі нарадзілася трэцяя ўнучка, жанчына вырашыла ўсё ж рэалізаваць сваё захапленне з дзяцінства. У той далёкі час Яноўскую вельмі ўразіла гісторыя полькі Ванды Руткевіч, якая ў 1978-м стала першай еўрапейкай, якая пакарыла Эверэст, роўна ў той вечар, калі Папам Рымскім стаў паляк Караль Вайтыла (ён жа Ян Павел ІІ).

Яноўская паставіла сабе дзве мэты – прабегчы марафон і ўзысці на Кіліманджара. Першае ўдалося праз зусім невялікі час, а ў 2011-м пакарылася і афрыканская вяршыня вышынёй 5895 метраў. Пасля гэтага беларуска адчула, што «гэта было не канчатковай мэтай, а толькі пачаткам, хацела рухацца далей». У гэтым жанчыну падтрымала малодшая дачка Дарʼя, з якой Яноўская зрабіла больш за 10 узыходжанняў рознага ўзроўню.

Вядома, для гэтага трэба было ўвесь час трымаць сябе ў форме. «Спорт – гэта мой лад жыцця. Трэнуюся штодня, два разы на дзень. Адзін занятак кардыё – бег або ровар, другое сілавое – кросфіт або скалалажанне. Улетку імкнуся лазіць па рэальных скалах на прыродзе, зімой – па лёдзе », – распавядала альпіністка ў 2022-м.

Свой першы «васьмітысячнік» Лілія пакарыла ў 2019-м (вяршыню Чо-Ою ў Тыбеце) і з таго часу працягвае калекцыянаваць самыя небяспечныя вяршыні свету. А пасля 2020 года кожны раз бярэ з сабой бел-чырвона-белы сцяг. Пратэсты на Радзіме не былі для альпіністкі пустым гукам – яна ставіла аватар у сацсетках у падтрымку народу, а ў 2021-м, напярэдадні ўздыму на Эверэст, параўнала барацьбу беларусаў супраць рэжыму з заваяваннем гор: «Заваёўваць вяршыню прыходзіцца крок за крокам, сціснуўшы зубы, пераадольваючы страх. Мне для цяперашняй спробы штурму Эверэста спатрэбілася 10 гадоў упартай працы, штодзённых трэнаванняў. І няма ніякіх гарантый. Але тое, што здавалася недасяжнай марай яшчэ некалькі гадоў таму, ужо зусім блізка».

Здавацца Яноўская дакладна не збіраецца. Тады ёй не ўдалося заваяваць Эверэст – у апошні момант ужо на стаянцы на вялікай вышыні не прайшла кавід-тэст, а далей не было патрэбных метэаўмоў. Ну і што? Лілія адступіла, каб у 2022-м усё ж такі ўзысці на вяршыню – ужо на пару з дачкой і не толькі з бел-чырвона-белым беларускім, але і сіне-жоўтым украінскім (да таго часу Расія ўжо пачала вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі). На зваротным шляху ўзнікла новая праблема – у балоне беларускі скончыўся кісларод, але праз 20 хвілін яго замянілі, і спуск скончыўся шчасна.

«Мы верым у любой, спагаду і разуменне паміж людзьмі ў гэтым свеце. Любоў, праўда і свабода перамогуць», – падпісала Яноўская гістарычнае для сябе фота.

Пры гэтым беларусаў, якія бывалі на Эверэсце, можна пералічыць на пальцах. Падчас няўдалага ўзыходжання Яноўскай узнімалася і мінчучка Ала Касабуцкая – яе каранавірус не нагнаў, і менавіта яна стала першай у гісторыі жанчынай з Беларусі на найвышэйшай вяршыні свету.

Да таго на Эверэсце было толькі чацвёра мужчын з Беларусі, адзін з якіх знаёмы спартыўным заўзятарам, але зусім праз іншы, футбольны напрамак: Уладзімір Цельпук у пачатку 2000-х быў сузаснавальнікам «Тарпеда-МАЗ» і СКВІЧ, а ў канцы 2010- х фінансаваў «Прамень», які потым ператварыўся ў «Дняпро» і разваліўся. А на сусветны пік Цельпук узнімаў чырвона-зялёны сцяг, за што Аляксандр Лукашэнка не толькі асабіста прыняў альпініста, але і даў яму ордэн.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты