Усе навіны

Дырэктар «Крумкачоў» Давідовіч пра выступленне ў першай лізе: «Хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы»

13 снежня, 16:41

Дырэктар НФК «Крумкачы» Алег Давідовіч пагаварыў з прэс-службай клуба пра вынікi мінулага сезона і падзяліўся планамі каманды на наступны год.

– Пракаментуйце вынікі цяперашняга сезону. Ці выканана задача на сезон трэнерскім штабам, камандай?

– Сезон атрымаўся неадназначным. У першую чаргу таму, што да апошняга дня шукалі варыянты для заяўкі ў Першую лігу на сезон-2023. Многія гульцы і трэнерскі штаб чакалі рашэння ад клуба, некаторыя ўжо атрымалі прапановы ад іншых клубаў. У выніку – страцілі некалькі ключавых гульцоў і часу сабраць каманду было не так многа. Таму першае кола чэмпіянату і Кубак Беларусі нельга назваць удалымі для каманды.

У перапынку чэмпіянату трэнерскі штаб – Сяргей Козека і Андрэй Казарын – правялі добрую працу, узмацнілі склад і ўжо з другога круга каманда змагла прайсці 15 матчаў без паражэнняў, заслужана дайсці да фіналу. Задача на сезон у «Крумкачоў» заўсёды адна – чэмпіёнства. З гэтым, нажаль, не зладзіліся. Але працай і трэнерскага штаба, і футбалістаў задаволены ў поўным аб'ёме.

– Адразу зададзім, бадай, самае важнае пытанне. Ці плануе клуб ісці ў Першую лігу ў наступным сезоне?

– Правільна кажуць: хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы. Цяпер мы вярнуліся ў той пункт, на якім былі роўна год таму. Згодна з рэгламентам, па спартыўным прынцыпе, мы заваявалі права на падачу заяўкі на атрыманне ліцэнзіі «Першая ліга». Да 15 студзеня трэба накіраваць заяўку ў Дом футбола. Таксама, літаральна праз тыдзень, стане вядомы новы фармат чэмпіянату сярод каманд другой лігі. Трэба пралічыць бюджэт і зразумець, на што мы зможам прэтэндаваць.

Ужо зараз мы працуем з партнёрамі, наяўнымі і патэнцыйнымі. Маем зносіны з трэнерскім штабам і камандай. Таксама будзем прымаць да ўвагі той факт, што мэтамі ўдзелу ў любым спартыўным спаборніцтве павінны быць у першую чаргу перамога і развіццё. Не хацелася б у будучым сезоне лічыць замест пераможных серыі паражэнняў.

– А калі казаць аб камандзе і трэнерскім штабе. Як думаеце, наколькі атрымаецца захаваць склад, калі клуб усё ж знойдзе магчымасць заявіцца ў Першую лігу?

– Сяргей Козека правёў добра гэты сезон. Лічу, што ўвесь трэнерскі штаб заслужыў права паспрабаваць сябе на новым, больш якасным узроўні. Зрэшты, як і ўся каманда.

Як і ў мінулым годзе, захаваць каманду ў поўным абʼёме не ўдасца ні ў Першай, ні ў Другой лігах. Ёсць інфармацыя, што некалькі гульцоў едуць на прагляды ў клубы Вышэйшай лігі. Многія будуць спрабаваць свае сілы ў клубах Першай лігі – у многіх ужо зусім хутка пачнецца падрыхтоўка да новага сезона. У той час як мы яшчэ нічога не можам паабяцаць футбалістам.

Таксама ў складзе ёсць футбалісты, якія не змогуць пайсці з намі ў Першую лігу – нехта працуе і не пацягне штодзённыя трэніроўкі, нехта атрымлівае трэнерскія ліцэнзіі.

– Які вектар свайго існавання клуб плануе выбраць на наступны сезон – стаўка на маладых, іх развіццё або стаўка на ўжо вопытных футбалістаў, якім, напрыклад, патрэбна перазагрузка?

– Нягледзячы ні на што, захаваць клуб для нашых заўзятараў. Працягваць кожны сезон рабіць свята і дарыць эмоцыі нашым заўзятарам, нашым гульцам. А таксама не забываць нашу гісторыю і беражліва несці яе праз гады. Нездарма ж кажуць, адзін раз Крумкач – назаўжды Крумкач.

Не стамляюся паўтараць, што нашы балельшчыкі – самыя лепшыя ў краіне. Дзякуй усім і кожнаму, хто быў на трыбунах, глядзеў матчы ў трансляцыях, – сказаў Давідовіч.