Tribuna/Футбол/Блогі/Белспорт верыць у рытуалы і містыку: «чаравалі» на ўкраінцаў, «шаманілі» дзеля перамогі над Францыяй, ездзілі ў Сербію

Белспорт верыць у рытуалы і містыку: «чаравалі» на ўкраінцаў, «шаманілі» дзеля перамогі над Францыяй, ездзілі ў Сербію

Малафееў, Домрачава, Молаш і не толькі.

Аўтар — bytribuna com
6 лістапада, 08:01
Белспорт верыць у рытуалы і містыку: «чаравалі» на ўкраінцаў, «шаманілі» дзеля перамогі над Францыяй, ездзілі ў Сербію

У нядаўнім вялікім відэаінтэрвʼю экс-футбаліст зборнай Беларусі Віталь Кутузаў акрамя іншага згадаў пра свой досвед звароту да нетрадыцыйнай медыцыны. Як кажа Кутузаў, пасля наведвання адной мінскай бабулі, якую ён больш падабае называць псіхолагам, у яго аднаўляліся ахілы і галенастопы – проста таму што «яна там нешта начаравала». Гэты эфект, паводле словаў Кутузава, так уразіў ягонага трэнера ў італьянскім «Бары» Джан Пʼеро Вентуру, што той «ўзяў самалёт і паляцеў з ёй сустрэцца» (Вентура сапраўды наведваў Мінск, але казаў, што дзеля знаёмства з белфутболам).

У белспорце наогул шмат прыкладаў, калі ягоныя прадстаўнікі замест медыкаў звярталіся да знахароў, нетрадыцыйных лекараў і гэтак далей. Успомнім гэта падрабязней.

Эдуард Малафееў

У 1990-х трэнер таго самага мінскага «Дынама»-1982 працаваў у расійскіх клубах – і здзіўляў каларытным навічком у трэнерскім штабе. Па пасадзе барадач быў масажыстам, але казаў пра «элементы мануальнай тэрапіі», называючы сябе вучнем заснавальніка кірунку ў СССР Мікалая Касьяна. Па пашпарце яго звалі Віктар Жакоўка, але ён прасіў звяртацца «раб Божы Ілля». Вядомым на ўсю футбольную Беларусь ён стаў, калі Малафееў узяў яго ў свой штаб і ў зборнай. Жакоўка сцвярджаў, што мог прыбіраць боль накладаннем рук з ранняга дзяцінства, паказваў журналістам выразкі з познесавецкіх газет, дзе яму дзякавалі за зняты тэлефонным званком сардэчны прыступ, і расказваў, што пазнаёміўся з Малафеевым у 1989-м, калі вылечыў ягоную дачку. Жакоўку называлі і ведзьмаком, і шаманам – а ён адказваў, што сам «атрымаў дабраславенне на радаванне людзей», а Малафееву дапамагае ягоная ўцаркоўленасць.

Гісторыі пра Жакоўку палярныя. Малафееў верыў – і нават нібы пасылаў «чараваць» супраць зборнай Украіны. Брамнікі таксама дапускалі наяўнасць здольнасцяў – Генадзь Туміловіч знаходзіў у постаці масажыста «нешта тагасветнае», Васіль Хамутоўскі бачыў, што Жакоўка размахваў рукамі і як быццам кіраваў мячом, пакуль Валянцін Бялькевіч афармляў фантастычны гол нарвежцам. Аляксандр Глеб і Аляксандр Хацкевіч казалі, што масажыста ў камандзе ўспрымалі не ўсурʼёз. Жакоўка ж прапаноўваў спытаць у Хацкевіча, «хто яму спінку выпрастаў», быццам бы жартаваў, што прадае валасы са сваёй барады, а яшчэ абяцаў журналісту за «не такі» загаловак наслаць псуту на ўсю сямʼю і дадаваў, што з тымі, хто кажа пра яго дрэнна, «здараюцца непрыемнасці».

У сухой рэшце зборная Беларусі была бліжэй за ўсё да выхаду на ЧС, але яго не здарылася, пасля чаго Жакоўка пакінуў каманду – і больш у белспорце пра яго не чулі.

Аляксей Шпілеўскі

Цяперашні трэнер кіпрскага «Арыса» калісьці лічыўся вельмі перспектыўным футбалістам – гуляў у структуры «Штутгарта» і за зборную Беларусі U-16, з якой у 2005-м выступаў у фінальным турніры юнацкага Еўра. Вось толькі незадоўга да турніру Шпілеўскі сурʼёзна пашкодзіў спіну – сам чэмпіянат кантынента яшчэ так-сяк адбегаў на ўколах, а потым ужо не мог. Аляксей спрабаваў вярнуцца на поле некалькі гадоў і гатовы быў звяртацца ўжо да любога метаду, але нетрадыцыйная медыцына таксама не стала паратункам.

- Я тады абʼездзіў, напэўна, усю Еўропу, быў у найлепшых спецыялістаў. Усё выпрабаваў. Да бабак-знахарак ездзіў. Але нічога не дапамагала. Працягваць прафесійна было не варыянт, – прызнаваўся Шпілеўскі, які праз гэта вельмі рана перайшоў у трэнаванне.

Іван Ціхан

Цяперашні прарэжымны кіраўнік БФЛА ў 2008-м быў адным з беларускіх алімпійскіх спадзеваў, але ўпершыню ў тым годзе выступіў на афіцыйных спаборніцтвах усяго за месяц да Гульняў у Пекіне. Пасля турніру ў Гродне расійскі трэнер спартсмена Сяргей Літвінаў расказаў, што галоўная ягоная радасць – адсутнасць у падапечнага болю ў спіне, які сышоў не дзякуючы медыкам, а праз намаганнямі нейкага «народнага лекара з-пад Слоніма», да якога Ціхан кожны дзень ездзіў на масаж.

Аднак непасрэдна на Алімпіядзе спіна ў Ціхана зноў забалела – гэтым Літвінаў потым і тлумачыў толькі трэці выніковы вынік малатабойца. І яшчэ раз высока ацаніў ролю згаданага лекара – маўляў, да яго Ціхан беспаспяхова спрабаваў рознае лекаванне і «поўзаў на карачках», а дзякуючы масажным сесіям па пяць гадзін змог кідаць, проста іх спынілі незадоўга да АГ праз адсутнасць часу, а пасля вяртання з Пекіна збіраліся ў абавязковым парадку аднавіць. Дарэчы, гэты масажыст, як і Жакоўка, называўся вучнем Касьяна.

«Эфект ад лячэння ёсць. Лекар сказаў, што дапаможа, яму патрэбны толькі час. Іван будзе лячыцца столькі, колькі спатрэбіцца: паўгода – дык паўгода, год – дык год», – дадаваў трэнер. Часу ў Ціхана аказалася багата – неўзабаве яго забанілі па абвінавачванні ў допінгу. Пакінуць сабе медаль АГ-2008 і ануляваць дыскваліфікацыю атрымалася праз CAS, але толькі да 2010 году, ну а вярнуўся ў сектар Ціхан наогул толькі ў 2012-м.

Віталь Кутузаў і Юрый Жаўноў

Акрамя гісторыі з пачатку гэтага тэксту ў Кутузава была яшчэ адна – маўляў, тая ж бабуля, яна ж цётка Люба, дапамагла зборнай Беларусі перамагчы 1:0 Францыю ў гасцях у 2010-м. Удзельнічаў у гэтым і кіпер той беларускай каманды Юры Жаўноў, які да таго таксама звяртаўся да гэтай жа жанчыны і верыў у ейную сілу.

- Патэлефанавалі той бабулі [незадоўга да матчу] і спыталі, што зрабіць, каб Францыю абгуляць. Яна сказала: «Няхай Юрка ўстане на кукішкі, а астатнія – накрыюць яго рукамі». Мы ўсё гэта зладзілі на «Стад дэ Франс» – хлопцы з разуменнем паставіліся да нашай просьбы. У выніку ў французаў ніхрана не атрымалася, – распавядаў Кутузаў.

Аляксандра Герасіменя

У пачатку 2012-га плыўчыха пазнаёмілася з экс-«сілавіком», бізнесменам Сяргеем Касьяненкам, які назваўся біяэнергетыкам. У наступныя некалькі гадоў людзі са штабу зборнай Беларусі чулі пра тое, што нібыта «энергетычна заблакаваныя» на дапамогу Аляксандры, а ў яе самой нібы «закісліўся арганізм». Герасіменя лічыла, што Касьяненка «валодае звышмагчымасцямі», дзякуючы чаму яна «раскрывала ўнутраны патэнцыял», у тым ліку брала медалі АГ-2012 і 2016. Трэнеры, якія працавалі з Герасіменяй, ейныя калегі па зборнай і нават муж былі негатыўна настроены да такой супрацы, да таго ж платнай, на што Аляксандра проста адказвала, што «мала каму дадзеная магчымасць зразумець біяэнергетыкаў».

Сам жа Касьяненка казаў, што займаецца «біяэнергетычнай псіхалагічнай працай» і дапамагае «выбудаваць энергетычную абарону», прычым не толькі Герасімене – маўляў, на АГ-2016 у яго выступалі «некалькі кліентаў», для якіх «дыстанцыйна выконваў пэўныя абавязанні». Пры гэтым Касьяненка прысутнічаў на АГ-2016 фізічна – у зборнай Расіі па скачках у ваду, куды яго прыцягнуў знаёмы беларускі трэнер. У выніку расійскія скакуны не ўзялі медалёў, а потым расказвалі пра парады палячыцца «загаворанай вадой» і называлі «шаманам».

У 2023-м аказалася, што Герасіменя мае зносіны з Касьяненкам і пасля карʼеры – менавіта ягоным уплывам дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін патлумачыў сыход экс-плыўчыхі з арганізацыі. На гэта Герасіменя адказала, што Касьяненка мог бы быць карысны фонду. Зрэшты, гэта толькі вяршыня айсберга ў канфлікце з БФСС.

Дзмітрый Молаш і Дзмітрый Бага

У 2015-м былы лекар зборнай Беларусі, БАТЭ і іншых клубаў «вышкі» Валер Калеснікаў даў вялікае інтэрвʼю, у якім, акрамя ўсяго іншага, распавёў пра тое, што адмоўна ставіцца да спробаў спартоўцаў вылечыцца ў лекараў. І прывёў некалькі няўдалых прыкладаў – адзін даўні ў экс-гандбаліста зборнай Беларусі Аляксандра Тучкіна, а яшчэ два ў футбалістаў.

Па словах доктара, абодва гульцы звярталіся да адной жанчыны – Марʼяны Кавачавіч з Сербіі. Яна была вельмі папулярная ў мясцовых футбалістаў – яны распавядалі, што ў іх у рэкордна хуткія тэрміны гояцца пашкоджанні цягліц дзякуючы методыцы Кавачавіч са спалучэннем электраразрадаў і мазі з дадаткам чалавечай плацэнты. А паколькі сербаў хапае ў замежным футболе, то рэкламу жанчына мела на ўсю Еўропу.

Калеснікаў назваў і імёны беларускіх гульцоў, якія ірванулі ў Сербію, і нават гады. Першы выпадак – Дзмітрый Молаш, які ў 2012-м вярнуўся з Расіі, у верасні атрымаў траўму ў адным з першых матчаў за мінскае «Дынама» і не гуляў да наступнага года. Другі – Дзмітрый Бага, які, гуляючы за БАТЭ, атрымаў пашкоджанне ў пачатку красавіка 2014-га, а вярнуўся на поле толькі ў апошні дзень лета.

- Пасля надрыву мышцы задняй паверхні сцягна звычайны тэрмін вяртання – да чатырох тыдняў, у цяжкіх выпадках – да шасці. І вось нашыя футбалісты [звяртаюцца] да гэтай лекаркі – і мы бачым, што тэрміны значна даўжэйшыя, чым без выкарыстання «левых» прэпаратаў. У Молаша была траўма ікраножнай цягліцы – гляджу: не гуляе і не гуляе, месяц, два, тры. Дзіма Бага да гэтай Марʼяны ездзіў – аднаўляўся з пачатку чэмпіянату да самай восені. Аферысты займаюцца гэтым [лячэннем], а футбалісты ім за гэта яшчэ і вялізныя грошы плацяць, – наракаў Калеснікаў.

Дарʼя Домрачава і Аляксей Калюжны

Прадстаўнікі адразу некалькіх відаў спорту карысталіся паслугамі кітайскага масажыста па імені Лі Руй – ён ад пачатку 1990-х жыў у Мінску і, акрамя асноўных заняткаў, практыкаваў спецыфічныя кітайскія прыёмы для здароўя, якія былі заснаваныя на ўздзеянні на «каналы, па якіх ідзе жыццёвая энергія паміж рознымі ўчасткамі цела». Руй расказваў, што працаваў са шматлікімі лёгкаатлетамі, сярод якіх была і рэжымніца Анастасія Мірончык-Івонава. Ну а перад АГ-2014 Лі паклікалі масажыстам у зборную Беларусі па біятлоне, а пасля трох залатых медалёў Дарʼі Домрачавай уручылі грамату.

– У Дашы магла крыху балець спіна – і адразу няма хуткасці. У Сочы даводзілася прымяняць свае метады. Гэта кітайская медыцына – напрыклад, кропкавы масаж. Калі са спінай усё ў парадку – і бяжыцца па трасе без праблем, – казаў Руй, якога прыцягвалі да працы з Домрачавай і пры ейным вяртанні ў біятлон пасля родаў.

У 2015-м кітайца заўважылі і ў хакеі – ён увайшоў у штаб зборнай Беларусі на ЧС таго года.

- Калі было вельмі трэба, то да мяне звярталіся. У тым ліку Аляксей Калюжны. Нічога сурʼёзнага – я проста памасіраваў яму галаву. Гэта трэба, калі людзі моцна нярвуюцца. У спорце вельмі важная свежая галава – лепш працуецца, гуляецца. Трэба ачысціць яе ад непатрэбных думак, – раскрываў свае метады Руй, для якога гэта быў не апошні ЧС у складзе беларускай дэлегацыі.

Сяргей Бароўскі

У пачатку 2016-га экс-гулец мінскага «Дынама» стаў спартыўным дырэктарам клуба, а ўжо летам перасеў у крэсла галоўнага трэнера. Вялікіх поспехаў у выніку не дабіўся – казаў, што з каманды «будуецца самалёт», але на ім даляцеў толькі да бронзы ЧБ, у 2017-м вылецеў з Кубка, а гульня ў ЧБ падалася Юрыю Чыжу «вінегрэтам». 1 траўня, свайго любімага для гэтага месяца, бізнесмен звольніў трэнера.

А яшчэ Бароўскі запомніўся тым, каго прыцягваў да працы з камандай. І гаворка тут не пра гульцоў, хаця на прагляд у «Дынама» мог прыехаць чалавек з расійскай аматарскай каманды. У першыя месяцы трэнавання Бароўскага на занятках клуба пачаў зʼяўляцца загадкавы назіральнік. Пайшлі чуткі, што гэта чарговы шаман, а пазней Бароўскі растлумачыў, што чалавек «дапамагае арыентавацца ў сумяшчальнасці характараў, зразумець, наколькі гарманічна спартсмен можа ўліцца ў калектыў». Рабілася гэта па «характэрных лічбах» для футбалістаў (цяпер падобнае вывучае Крысціна Козел – вось будзе памочніца для цяперашняй «Іслачы» Бароўскага).

А потым чалавек па імені Генадзь Голуб і сам распавёў, што лічыць сябе нумаролагам – казаў, што «ўсё ў свеце мусіць імкнуцца да каэфіцыента залатога сячэння, усё робіцца ў матрыцы, і калі ёсць адпаведнасць ёй, трэнеру лягчэй працаваць». Далей ішлі раскладкі дат нараджэння футбалістаў і працэнты сумяшчальнасці. Таксама аказалася, што Голуб доўга спрабаваў укараніць свае методыкі ў футбол і хакей – але Бароўскі стаў першым, хто яму паверыў. Голуба нават узялі ў штат «Дынама», хоць і ўсяго на месяц.

Іншым прыцягнутым незвычайным для футбола чалавекам стаў ёг Алег Мацвееў, з якім Бароўскі пазнаёміўся, прыйшоўшы да яго на «курсы асобаснага росту». Зрэшты, Мацвееў называў сябе спартыўным псіхолагам, а ў ёзе адсоўваў духоўнасць і на першае месца ставіў «тэхнікі, якія дазваляюць аднаўляць дзейнасць сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, рэабілітаваць расцягнутыя мышцы і гэтак далей». Але і гэты чалавек расстаўся з клубам раней, чым сам Бароўскі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты