Tribuna/Футбол/Блогі/Зборную U-19 узначаліў украінец, які нарадзіўся ля мяжы з Беларуссю. На яго горад расіяне скінулі дзясяткі бомбаў

Зборную U-19 узначаліў украінец, які нарадзіўся ля мяжы з Беларуссю. На яго горад расіяне скінулі дзясяткі бомбаў

Яшчэ адзін маўчун.

Аўтар — bytribuna com
9 траўня, 13:35
Зборную U-19 узначаліў украінец, які нарадзіўся ля мяжы з Беларуссю. На яго горад расіяне скінулі дзясяткі бомбаў

Новым галоўным трэнерам зборнай Беларусі да 19 гадоў прызначаны Віталь Паўлаў. Апошнім месцам працы 58-гадовага спецыяліста была «Белшына», разам з якой ён па выніках сезона-2023 пакінуў вышэйшую лігу. Пасля паніжэння каманду прыняў Міхаіл Марціновіч. Да «Белшыны» Паўлаў узначальваў рагачоўскі «Дняпро», «Ведрыч-97», «Славію» і «Слуцк».

Увосень 2024-га юніёрскую зборную чакаюць матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2025. За дзве пуцёўкі ў наступны раўнд адбору беларусы згуляюць з аднагодкамі з Арменіі, Сербіі і Харватыі.

Паўлаў нарадзіўся ў 1965 годзе ва ўкраінскім Оўручы, што за дзесяць кіламетраў ад мяжы з Ельскім раёнам Беларусі. У гэтым 20-тысячным горадзе будучы трэнер займаўся ў мясцовай ДзЮСШ. Карʼеру на дарослым узроўні пачынаў у дублі «Спартака» – галоўнай каманды Жытомірскай вобласці. Прабіцца ў першы склад не здолеў і ў 19 зʼехаў гуляць за бердычаўскую «Зорку», якая выступала на ўзроўні калектываў фізічнай культуры.

Паўабаронца пакінуў Украіну ў гады перабудовы. Тры сезоны правёў у саюзным Д3, гуляючы за ўзбекскі «Сахібкор» і расійскую «Кубань». У Беларусі аказаўся ў 26 гадоў, калі ў 1992-м перабраўся ў бабруйскі «Трактар». Там правёў тры няпоўныя сезоны ў вышэйшай лізе, а затым у карʼеры былі «Хімік», рагачоўскі «Дняпро», «Ведрыч» і «Свіслач-Дах». Яшчэ Паўлаў адлучаўся ў мінорныя лігі Балгарыі і Фінляндыі. У 2002-м з досведам у 58 матчаў у беларускай вышэйшай лізе (забіў пяць мячоў) пачаў трэнаваць.

У 2023-м Паўлаў, на той момант асістэнт галоўнага трэнера «Белшыны», аказаўся замяшаным у справе аб дамоўных матчах. У траўні мінулага года федэрацыя выпісала спецыялісту штраф у 3700 рублёў. У выпадку неаплаты пагражаў бан на паўгода. Пасля разбіральніцтваў па справе «Шахцёра» менавіта Паўлаў да канца сезона-2023 узначаліў бабруйцаў.

Паўлаў ні разу за карʼеру не выказваўся на палітычныя тэмы. Маўчаў і пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў родную Украіну. 24 лютага 2022-га жыхары роднага для Паўлава Оўруча прачнуліся ад выбухаў. Мясцовыя вайскоўцы той жа раніцай у тэрмінова перакрылі загараджальнымі сродкамі ўсе дарогі з Беларусі, каб перадухіліць магчымы наступ расійскага або беларускага войска. У першыя месяцы ўварвання варожыя салдаты так і не дайшлі да Оўруча, але былі побач. У сакавіку 2022-га адлегласць да лініі фронту, якая знаходзілася на ўсход ад горада, складала ўсяго 25 кіламетраў.

Дасталася Оўручу ад расійскага войска, якое наносіла ўдары з беларускай тэрыторыі. За вясну 2022-га па горадзе і найбліжэйшых сёлах было здзейснена каля 70 авіяўдараў. «Вораг спрабаваў знішчыць станцыі па газа- і электразабеспячэнні, крытычную інфраструктуру. Агулам у нас пацярпелі 28 шматпавярховых дамоў, пашкоджаныя больш за 170 прыватных дамоў, 28 абʼектаў крытычнай інфраструктуры. На цэнтр занятасці скінулі дзве авіябомбы вагой больш за 500 кілаграмаў. Сямʼя Мажароўскіх загінула, калі на іх участак скінулі тры авіябомбы, і адна трапіла ў дом», – у жніўні 2022-га распавядаў Оўруцкі гарадскі кіраўнік Іван Каруд.

Пры гэтым Паўлаў шкадаваў, што не можа запрасіць у Беларусь футбалістаў-суайчыннікаў. Ужо пасля звальнення з «Белшыны» ў якасці адной з прычын вылету трэнер назваў тое, што «ўкраінцаў запрасіць не можам».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты