Усе навіны

«Гэта цынічная спроба РФ палітызаваць спорт». МАК асудзіў правядзенне Гульняў Дружбы ў Расіі

19 сакавіка, 15:00

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) асудзіў правядзенне Гульняў Дружбы ў Расіі.

«Насуперак асноўным прынцыпам Алімпійскай хартыі і рэзалюцыям Генеральнай Асамблеі ААН расiйскі ўрад мае намер арганізаваць у Расiі чыста палітычна матываваныя спартовыя мерапрыемствы. Урад Расіі стварыў і фінансуе «Асацыяцыю міжнароднай дружбы» (IFA) для правядзення летніх і зімовых Гульняў дружбы.

Судзячы па ўсім, першыя летнія Гульні дружбы плануецца правесці ў Маскве і Екацярынбурзе ў верасні 2024 гады, а зімовыя Гульні дружбы – у Сочы ў 2026 году.

З гэтай мэтай расійскі ўрад пачаў вельмі інтэнсіўны дыпламатычны наступ, прыцягваючы ўрадавыя дэлегацыі і паслоў, а таксама міністэрскія і іншыя ўрадавыя органы, звярнуўшыся да ўрадаў усяго свету.

Каб зрабіць сваю чыста палітычную матывацыю яшчэ больш відавочнай, яны наўмысна абыходзяць спартовыя арганізацыі ў сваіх мэтавых краінах. Гэта грубае парушэнне Алімпійскай хартыі і адначасова парушэнне розных рэзалюцый ААН.

Гэта цынічная спроба Расіі палітызаваць спорт. Камісія спартсменаў МАК, якая прадстаўляе ўсіх алімпійцаў свету, дакладна выступае супраць выкарыстання спартсменаў для палітычнай прапаганды.

Камісія нават бачыць рызыку таго, што іх урады будуць прымушаць спартоўцаў удзельнічаць у такім цалкам палітызаваным спартовым мерапрыемстве, такім чынам, быўшы выкарыстанымі як частка палітычнай прапагандысцкай кампаніі.

Расійскі ўрад таксама дэманструе поўную непавагу да сусветных антыдопінгавых стандартаў і сумленнасці спаборніцтваў. Гэта той жа ўрад, які быў датычны да сістэмнай допінгавай праграмы на зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы 2014 года, а пасля і да маніпулявання антыдопінгавымі дадзенымі.

Алімпійскі рух рашуча асуджае любыя ініцыятывы па поўнай палітызацыі спорту, у прыватнасці, стварэнню поўнасцю палітызаваных спартыўных мерапрыемстваў расійскім урадам.

МАК настойліва заклікае ўсе зацікаўленыя бакі алімпійскага руху і ўсе ўрады адмовіцца ад любога ўдзелу і падтрымкі любых ініцыятыў, мэта якіх – цалкам палітызаваць міжнародны спорт», – паведаміў камітэт.

Раней занепакоенасць з-за правядзення Гульняў дружбы ў Расіі выказала Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA).

Нагадаем, што 8 снежня МАК дапусціў беларускіх і расійскіх спартсменаў да ўдзелу ў АГ у Парыжы ў нейтральным статусе.

Алімпіяда-2024 пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня.