Усе навіны

Вера Лапко: «Беларускія тэнісісткі не з'яўляюцца прадуктамі беларускай сістэмы. Міжнародны бан не пакідае шанцаў юніёрам»

22 лютага, 13:31

Беларуская экс-тэнісістка Вера Лапко расказала аб развіцці віду спорту ў краіне.

– Якія парады вы дасце таленавітым беларускім юніёрам, каб яны заўсёды заставаліся ў фокусе і не адляталі эмацыйна пасля патэнцыйных гучных перамог?

– Пачну адказваць на гэтае пытанне здалёку. На маю думку, усе тыя беларускія дзяўчаты, якія прабіліся на сусветны ўзровень, не з'яўляюцца прадуктамі беларускай сыстэмы тэнісу. Я кажу зараз пра сябе, Вікторыю Азаранку, Арыну Сабаленку, Аляксандру Сасновіч, Лідзію Марозаву.

Кожная з дзяўчынак, што прабіліся на сусветны ўзровень, унікальная сваім пэўным характарам, які штурхаў іх наперад. У нейкі момант, канешне, дапамаглі патрэбныя людзі, якія стаялі на чале беларускай федэрацыі тэнісу, напрыклад, Аляксандр Шакуцін, ці мой спонсар Сяргей Румас.

Зараз кажу аб людзях, якія былі датычныя, да фінансавання. Так, гэта важныя моманты. Але, на жаль, сістэма так і не была выбудаваная. Усе спробы яе выбудаваць Валчковым, Дубровым пакінулі больш нават негатыўны след для ўсіх. На жаль, у Беларусі ўсё яшчэ няма той сістэмы, якая можа выгадаваць сапраўды класных гульцоў.

Напрыклад, у многіх тэнісістаў з ЗША, Аўстраліі, Францыі няма гэтага паняцця індывідуальнасці, няма гэтай лідарскай якасці, якая штурхае іх наперад. Я пастараюся зараз растлумачыць.

Усе тыя тэнісісткі, якія ўваходзілі ў склад зборнай Беларусі на Fed Cup, з'яўляюцца асобамі. І Азаранка, і Гаварцова, і Сабаленка. Мы самі сябе прапіхалі туды. Менавіта тым сваім жаданнем. Першапачаткова ў кожнай з нас быў запыт на пэўны ўзровень, мы хацелі гуляць на гэтым узроўні. Гэты запыт зыходзіў знутры, гэта была ўнутраная мэта.

Калі б у нас была выбудаваная сістэма, то яшчэ было як мінімум 5-7 чалавек у ростэры зборнай, яны б дадаліся пасля да зборнай. Яны б зайгралі на больш высокім узроўні, разумееце, так? На той момант пяць беларускіх дзяўчат уваходзілі ў топ-100 рэйтынгу WTA, але пры гэтым усяго толькі адна тэнісістка, напрыклад, знаходзілася ў топ-200 і яшчэ адна – у топ-300. Ва ўсіх развітых тэнісных сістэмах па-іншаму. У іх ёсць, напрыклад, пяць чалавек у сотні наймацнейшых, аднак наступныя дзесяць стаяць у наступнай сотні і 20 – паміж топ-200 і топ-300.

У нас жа дабіваюцца выніку толькі таленавітыя людзі. У кагосьці можа быць талент да працаздольнасці, у кагосьці ёсць талент добра чытаць і бачыць гульню, яшчэ адзін валодае талентам у сувязі з наяўнасць моцнага характару. У нас гуляюць толькі тыя, у каго ёсць схільнасць да нечага. Але гэта толькі маё меркаванне. Я не хачу, каб мяне няправільна зразумелі. Гэта толькі маё бачанне. Па-іншаму я растлумачыць сітуацыю не магу.

Нават калі чалавек не валодае талентам, то яго заўсёды можна навучыць. Можна рабіць нейкую працу, за рахунак якой ён трапіць у топ-200. І чаму гэта будзе дрэнна, калі ён будзе знаходзіцца ў топ-200 найлепшых тэнісістаў планеты? Знаходзячыся ў топ-200, такі гулец будзе складаць канкурэнцыю тым спартоўцам, якія патэнцыйна могуць уварвацца ў топ-100. Кожны за рахунак адзін аднаго будзе падцягвацца ўверх.

– Гэта значыць, сістэма ў краіне не дае гульцам нейкі буст, за кошт якога можна трапіць на вяршыню?

– Можна сказаць, што так. Чыноўнікі спрабуюць нешта зрабіць, але я не бачу перадумоў да змен. Вядома, не спрыяе развіццю юніёраў і тое, што мы зараз знаходзімся ў міжнародным бане. У 12-14 год ездзіла на такія турніры, як Summer Cup, Winter Cup, на розныя камандныя спаборніцтвы ў Італію, Францыю, іншыя краіны. Штогод ты гуляеш асабісты чэмпіянат Еўропы. У цябе ёсць шанец патрапіць у каманду ITF.

Я з Ірынай Шымановіч некалькі разоў ездзілі так. За кошт гэтага ў цябе з'яўляецца нашмат больш магчымасцяў. Ты выязджаеш у Еўропу, ты гуляеш з найлепшымі, ты бачыш гэты ўзровень. А зараз мы замкнёныя ў гэтым крузе, спаборнічаемся толькі з расейцамі. Так, мы варымся ў гэтым соку адносна нядаўна. Тыя гульцы, якія ўжо знаходзяцца на высокім узроўні, нават тыя, якія ўваходзяць у топ-300, у топ-200, яны ўсё роўна ўжо адбыліся як спартсмены.

У Беларусі такіх гульцоў мала, але яны ёсць. Гэтыя тэнісісты прайшлі ўжо ўзровень да 14, да 16, да 18 гадоў. Наперадзе іх чакае прафесійная кар'ера, і яны якім-небудзь чынам могуць дайсці да пэўнага ўзроўню. Там усё будзе залежаць толькі ў іх.

А ў беларускіх дзяцей ва ўзросце ад 12 да 16 год ужо не застаецца шанцаў. Для іх сітуацыя вельмі дрэнная. Гэта назіраецца ва ўсіх відах спорту, па-мойму.

Плюсам у тэнісе з'яўляецца тое, што дзеці ў гэтым узросце могуць ездзіць на асабістыя турніры, але на гэта патрэбны грошы, на гэта патрэбна фінансаванне. Сітуацыя па-ранейшаму з'яўляецца няпростай, – сказала Лапко.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.