Все новости

Марына Арзамасава: «Заўсёды лічыла сябе апалітычнай, была за прэзідэнта. Аднак падзеі апошняга месяца паказалі жорсткасьць і несправядлівасьць сыстэмы»

24 августа 2020, 16:53
5

Чэмпіёнка свету Марына Арзамасава для «Радыё Свабода» пракаментавала сітуацыю ў Беларусі.

– Сэнсацыяй стала заява старшыні лёгкаатлетычнай фэдэрацыі Вадзіма Дзевятоўскага, які фактычна адцураўся Аляксандра Лукашэнкі. Выглядае, што пакуль гвалт, беззаконьне не закране асабіста ці блізкіх, так і будуць жыць ва ўласнай «бурбалцы»?

– Нам невядома, што адбываецца на самой справе. Вадзіма Анатолевіча я паважаю як чалавека і аўтарытэт у спорце. Нягледзячы на тое, што мая пазыцыя пайшла насуперак ягонай, ён зрабіў асабісты выбар. Я жадаю яму ў першую чаргу здароўя. Кожны можа перагледзець свае погляды, у кожнага чалавека свой шлях.

Ня буду таіць: заўсёды лічыла сябе апалітычнай. Добра пачувалася і таксама была за прэзідэнта. Аднак падзеі апошняга месяца паказалі жорсткасьць і несправядлівасьць сыстэмы. Я пра тое, што пачало тварыцца яшчэ перад выбарамі, калі АМАП разганяў пікеты, чэргі да ЦВК і ў крамы. Нармальныя людзі пачалі абурацца: у «стабільнай дзяржаве», дзе лідэр апэлюе да «ўсенароднай падтрымкі», так сябе не паводзяць. Мы становімся сьведкамі страшных падзеяў. І гэта пункт кіпеньня. Я не заглыблялася ні ў палітыку, ні ў эканамічны стан. Але ўлада прымусіла нас стаць «палітолягамі»: людзі чытаюць, сочаць і пачынаюць усё разумець.

– Многія вашы калегі далучыліся да шматтысячных маршаў прыхільнікаў пераменаў. Вы пакуль устрымліваецеся?

– Шчыра кажу, у сумненьнях. Вельмі страшна, што здарыцца нядобрае. Мы ж бачым, якая агрэсіўная рэакцыя сілавікоў. Каб хаця не пачалі зноў пакаваць у аўтазакі, калечыць. Не хачу думаць пра самае горшае. Мы жывём за горадам і стараемся выбірацца ў Менск толькі ў выпадку крайняй патрэбы.

Дарэчы, усё, што адбывалася ў першы дні, ва ўсім жаху адкрылася пазьней. Інтэрнэт заблякавалі, штосьці вылоўлівалі з навін Euronews. Нават ня верылася, што гэта пра Беларусь. А потым сталі зразумелыя маштабы гвалту. Вядома, страшна. Ненармальная сытуацыя, калі ў горадзе да абеду стараесься парабіць усе справы, каб не апынуцца там увечары. Як так можна застрашыць людзей? Запэўніваюць, што АМАП ужо не «палюе». Але колькі сьведчаньняў, што працягваюць хапаць нават у спальных раёнах. Ня ўсё фаташоп і фэйкі, у чым нас спрабуюць пераканаць, – сказала Арзамасава.

Показать еще 5