Все новости

Андрэй Краўчанка: «Вельмі хочацца, каб у краіне ўсё наладзілася, адбыліся перамены і мы вярнуліся ў вольную Беларусь»

20 января 2022, 19:57
1

Беларускі лёгкаатлет, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 года ў дзесяціборстве Андрэй Краўчанка распавёў пра эміграцыю ў Германію і магчымасць вяртання ў Беларусь.

– Як далося рашэнне пакінуць краіну? Як пастанаўлялі, што падштурхнула да гэтага?

– Вядома, цяжка было пакідаць сваю краіну. Радзіма ёсць радзіма! Будавалася ўсё вельмі доўга: мы тут нарадзіліся, гадаваліся… Сябры, родныя і блізкія – усё гэта засталося там. Цяпер усё трэба пачынаць з нуля. Разумеем, што цяжка і складана, затое бяспечна.

- Вы за свой спартовы век шмат паездзілі па планеце, падоўгу не бывалі ўдома, але ведалі, што ў любы момант можаце вярнуцца на радзіму. Цяпер гэта небяспечна для вас. Як жывецца з такою думкай і з неразуменнем таго, калі вы зможаце зʼявіцца ў Беларусі?

– Разуменне ўжо іншае. Трэба жыць для жонкі, для дзіцяці. Вельмі хочацца, каб у краіне ўсё наладзілася, адбыліся перамены і мы вярнуліся ў вольную Беларусь.

Аднак пакуль не вядома, калі тое адбудзецца і што будзе далей. Цяпер трэба жыць так, як атрымліваецца: старацца зрабіць усё для дабрабыту маёй сямʼі, для сваёй будучыні.

- Як прайшла адаптацыя ў Нямеччыне? Як уладкоўвалі побыт: усё на вашыя плечы ці хтосьці дапамагаў? А што з веданнем нямецкай мовы, як праходзяць побытавыя стасункі?

– Інтэграцыя трывае, яшчэ доўга будзе ісці. Канчаткова завершыцца, калі будзем спакойна размаўляць на мове мясцовага насельніцтва. Нямецкая мова складаная, і нам дастаткова доўга давядзецца вучыць яе.

Першы год сапраўды будзе складаны. У краме лёгка: аплаціў і пайшоў. На трэнаваннях міксую англійскую і нямецкую мовы. Вельмі крута, калі твае 13-гадовыя навучэнцы вучаць цябе нямецкай мове, гэта радуе. Яны ўжо ў гэтым узросце ведаюць некалькі моваў.

Цяпер у мяне ёсць вучаніца, якая дасканала ведае англійскую мову, і я спрабую праз яе данесці свае думкі нямецкім дзецям, маладым спартоўцам. І сам спрабую праз гэта вучыць мову краіны, у якой давядзецца нейкі час жыць, – сказаў Краўчанка.