Все новости

Беларус Цялькоўскі, які выйграў Забег Канстытуцыі ў Варшаве: «Калі ў Беларусі ладзяцца старты, арганізацыя вельмі часта не проста кульгае, а ёй пераязджае ногі трамваем»

7 мая 2022, 20:58

Беларускі палітычны бежанец Тарас Цялькоўскі, які выйграў Забег Канстытуцыі ў Варшаве, расказаў пра тое, чым Польшча адрозніваецца ад Беларусі.

- Што маеце на ўвазе пад іншай бегавой культурай?

– Мне здаецца, чым вышэй узровень дабрабыту насельніцтва, тым больш розных актыўнасцей для вольнага часу яны могуць сабе дазволіць. На прыкладзе славянскіх народаў бачна, што небагатыя людзі часцей выкарыстоўваюць вольны час для таго, каб паглядзець тэлевізар і выпіць. А тут людзі маюць больш фінансавых магчымасцей і дазваляюць сабе іншыя актыўнасці, і ўвогуле неяк больш думаюць пра сваё здароўе.

Ёсць вялікая розніца і ў арганізацыі спаборніцтваў. Калі ў Беларусі ладзяцца старты, нават нечаму прысвечаныя, арганізацыя вельмі часта не проста кульгае, а ёй пераязджае ногі трамваем. Няма нармальных кабінак для пераапранання, ніхто не думае пра душ, на фінішы не заўсёды даюць ваду.

Усё гэта сведчыць пра фундаментальна іншае стаўленне да чалавека, маўляў, мы арганізавалі старт — паглядзіце, якія мы малайцы! У Польшчы, калі праводзяць старт, самае важнае — гэта сам чалавек, а не жаданне зрабіць карцінку і справаздачыцца ў аблвыканкаме. Гэта дэманструе і тое, як да людзей увогуле ставяцца ў нашых краінах.

- Чаму ўзровень дабрабыту ўплывае на жаданне займацца спортам? Здаецца, трэба не так шмат грошай, каб набыць красоўкі і выйсці на прабежку.

– Часцей за ўсё людзі з высокім узроўнем дабрабыту маюць больш вольнага часу, чым бедныя людзі. Вельмі шмат беларусаў пасля працы прыходзяць дахаты і думаюць, як яшчэ можна зарабіць грошы. У той час у развітых краінах, калі ты працуеш, ты зарабляеш дастаткова, каб забяспечыць свае патрэбы, і тады пасля працы можаш падумаць пра тое, як правесці свой вольны час. Так разумею, што шмат людзей у Польшчы выконваюць інтэлектуальную працу, таму фізічная нагрузка для іх — рэч жыццёва неабходная.

Чытаў у некаторых дысертацыях пра сувязь паміж дабрабытам і цікавасцю да фізічнага здароўя. Небагатыя людзі спрабуюць закрыць базавыя патрэбы накшталт хлеба ці камуналкі, вельмі часта, на жаль, яны не маюць ні часу, ні магчымасці падумаць пра іншыя рэчы. Думаю, Беларусь гэтаму яскравы доказ.

- Напэўна, размова тут не толькі пра спорт.

– Так. Не хочацца разводзіць канспіралагічныя тэорыі, але для дзяржавы выгадна, каб людзі зараблялі зусім капейкі. Тады гэтыя людзі не думаюць пра тое, што ў грамадзянскай супольнасці яны маглі б мець больш свабодаў, што яны маглі б ствараць агульную прастору і разам жыць, займацца творчасцю і развівацца. Дзяржава часта бачыць такія ініцыятывы як пагрозу сваёй уладзе, і таму ёй выгадна, калі людзі настолькі стомленыя, што не могуць падумаць пра свае свабоды, – сказаў Цялькоўскі.