Все новости

Краўчанка аб падпісанні антываеннай дэкларацыі БФСС: «Вайна — гэта вар’яцтва і капрыз аднаго старога чалавека, і ўсе, хто яе падтрымліваюць, альбо ашуканы прапагандай, альбо проста фрыкі»

10 мая 2022, 11:23
1

Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў-2008 у мнагаборстве Андрэй Краўчанка распавёў, чаму падпісаў антываенную дэкларацыю Беларускага фонду спартовай салідарнасці.

«Я падпісаў антываенную дэкларацыю, бо вайна — гэта вар’яцтва, і ўсе, хто яе падтрымліваюць, альбо ашуканы прапагандай, альбо проста фрыкі. Мая мама з Харкава, яна кожны дзень плача, так як яе горад разграмілі, хоць Харкаў па большай частцы рускамоўны. Мая хросная мама таксама з Харкава, і з 24 лютага мама не можа выйсці з ёй на сувязь. Шмат маіх сяброў, з якімі мы выступалі плячом да пляча і дзялілі п’едэстал, цяпер ва Украіне, мы трымаем сувязь і яны распавядаюць пра тыя жахі, якія там адбываюцца.

Вельмі дзіўна, калі людзі пачынаюць казаць пра Данбас і 8 гадоў, лічу гэта глупствам і вузкім мысленнем. Дзіўна чуць пра гістарычныя землі Крым і Данбас ад Расейскага боку, па гэтай логіцы Манголія можа смела прад’яўляць прэтэнзіі.

Я лічу, гэтая вайна — капрыз аднаго старога чалавека, і не магу зразумець, чаму і для чаго ваююць маладыя хлопцы, ім бы жыць і жыць і прыносіць карысць сваёй краіне. Страшна, калі незалежнай дзяржаве дыктуюць правілы, па якіх яны не хочуць жыць.

Белае павінна быць белым, а чорнае — чорным, а не наадварот!» – прыводзіць словы Краўчанка БФСС.