Все новости

Аляксандар Куль: «Гімн людзі павінны вучыць добраахвотна. Чыноўнікі стараюцца забясьпечыць сабе больш спакойнае жыцьцё»

22 сентября 2020, 17:14
1

Вядомы беларускі баскетбаліст Аляксандар Куль пракамэнтаваў загад міністра спорту і турызму Беларусі Сяргея Кавальчука. Нагадаем, беларускіх спартсменаў просяць падпісаць дадатковыя пагадненні да кантрактаў, паводле якіх яны абавязаны ведаць гімн Беларусі.

«Нічога дзіўнага ў гэтым загадзе няма. Як мы бачылі, спартоўцы выказваюць свае думкі наконт таго, што адбываецца ў краіне. І гэта шмат каму не падабаецца. Але такі загад — гэта ня нешта новае. Са свайго досьведу ведаю, што нешта падобнае заўсёды было ў прафэсійных кантрактах. Бо заўжды, калі ты прадстаўляеш нейкі клюб, ты зьяўляесься тварам гэтага клюбу. І гэта прапісана ў кантракце.

Спартовец ня можа выказвацца такім чынам, каб гэта шкодзіла іміджу клюбу. Абавязак вывучыць гімн — гэта нешта новае. Гімн, на мой погляд, людзі павінны вучыць добраахвотна. Бо гэта тое, што яны альбо сьпяваюць, альбо не сьпяваюць падчас афіцыйных цырымоній. Але немагчыма ж з-пад палкі сьпяваць гімн. Увогуле гэты загад, на мой погляд, ня дзіўны. Чыноўнікі стараюцца забясьпечыць сабе больш спакойнае жыцьцё і перакласьці адказнасьць за выказваньні на саміх спартоўцаў, я гэта так бачу», – сказаў Куль.