Tribuna/Амерыканскі футбол/Блогі/НФЛ зняла дакументалку пра ўкраінскіх гульцоў ў амерыканскi футбол, якія пайшлі на вайну. Двое герояў наведалі Супербоўл

НФЛ зняла дакументалку пра ўкраінскіх гульцоў ў амерыканскi футбол, якія пайшлі на вайну. Двое герояў наведалі Супербоўл

«Хто, як не мы?»

Аўтар — Бона Сфорца
15 лютага 2023, 09:46
НФЛ зняла дакументалку пра ўкраінскіх гульцоў ў амерыканскi футбол, якія пайшлі на вайну. Двое герояў наведалі Супербоўл

У лютым украінцы Юрый Гундзіч і Раман Багуслаўскі наведалі ЗША – завіталі на цырымонію ўзнагароджання па выніках сезона НФЛ, дзе выказалі падтрымку Украіне, а таксама наведалі Супербоўл (паглядзець рэпартаж пра гэта можна тут).

Гэтыя людзi – героi дакументальнага фільма пра тое, як украінскія гульцы ў амерыканскі футбол абараняюць Радзiму ў вайне, якую з 24 лютага працягвае Расiя ва Украiне з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi. Гэты фiльм выпусцiў медыйны прадакшн NFL Network напрыканцы 2022-га. Варта адзначыць, што НФЛ ад пачатку асудзіла вайну і адразу заблакавала платформу з трансляцыямі турніру NFL Game Pass на тэрыторыі краіны-агрэсара, у той час як для ўкраінцаў падпіску зрабілі бясплатнай.

Фiльм пабудаваны на відэаразмовах яго аўтара, вядучага аднаго з найпапулярнейшых шоў на NFL Network Кайла Брэнда, з вайскоўцамі, якія да паўнамаштабнага ўварвання гулялі ва Украінскай лізе амерыканскага футбола (УЛАФ), – Гундзічам, якi яшчэ і прэзідэнт лігі, Раманам і Данілам Багуслаўскімі і Андрэем Зарэцкім. Яны камунікавалі праз відэа, якія дасылалі адзін аднаму, калі была магчымасць.

«Гэта было дужа ўнікальна. Адчувалася, што мы нібыта пішам адзін аднаму лісты. Я проста запісваў відэа і адпраўляў яго на фронт. Адказ ад Рамана я атрымаў праз тыдзень – некалькi дзён ён не меў часу, каб запiсаць сваё вiдэа, а потым яшчэ некалькi не меў магчымасцi яго даслаць», – распавядаў Брэнд.

Таксама журналіст пагаварыў з мэрам Кіева Віталем Клічко, жонкамі Гундзіча Ганнай і Зарэцкага Анастасіяй, а таксама Ці Джэем Рычардсанам, трэнерам варшаўскага клуба, які гуляў ва УЛАФ.

На пачатку пасля знаёмства з героямі аўтары паказваюць злачынствы расіян. А Зарэцкi давёў да аўдыторыі ў ЗША, што ў вайне вінаваты не толькі Пуцін: «Не Пуцін страляе, не Пуцін цісне на кнопкі і запускае ракеты, не Пуцін гвалтуе жанчын і дзяцей. Вінаватыя і камандзіры, які аддавалі загады, і салдаты, якія выконвалі гэтыя загады, і ўсе расіяне, якія падтрымліваюць [вайну], а такіх большасць».

Самая балючая гісторыя рэпартажу – смерць Даніла Багуслаўскага. З ім гледачоў знаёмяць на пачатку фiльма разам са старэйшым братам Раманам – ад яго Данiла атрымаў захапленне амерыканскім футболам.

«Я не хацеў, каб мой брат пайшоў на вайну, таму што на той момант яго дачцэ быў толькі адзін год, а яго жонка была цяжарнай. Але ў нас ёсць досыць папулярнае выслоўе: «Хто, як не мы?» Мы з братам пагадзіліся пайсці дабравольцамі ў розныя падраздзяленні. Мы абодва адчувалі, што так будзе найлепш для нас і нашай сям“і», – распавёў Даніла.

Брэнд спытаў у яго, што для яго будзе значыць вяртанне ў амерыканскі футбол.

«Гуляць у футбол зноў – азначае зноў жыць», – адказаў Данiла.

Але не сталася. Падчас падрыхтоўкі фільма, 19 кастрычніка 2022 года, Даніла Багуслаўскі загінуў пры вызваленнi Херсона, калi спрабаваў выратаваць параненага пабраціма. Гульца пахавалі ва Ужгарадзе.

Брэнд таксама пабываў у Рызе, дзе сустрэўся з жонкай Гундзіча Ганнай. Падчас іх размовы Ганне пазваніў сам Юрый. Тады яны з Кайлам упершыню пагаварылі ўжывую. Радасці абодвух не было межаў.

У Варшаве Брэнд сустрэўся з Анастасіяй, жонкай Зарэцкага. У яе дадатковая персанальная трагедыя – яе сям“я жыве ў Расіі і падтрымала напад на Украіну.

«Украіна мусіць выйграць, бо як выйграе Украіна – выйграе ўвесь свет. Гэта вайна за дэмакратыю. Гэта вайна за свабоду», – даводзiла Анастасiя.

Абодвух жанчын, а таксама Ці Джэя Рычардсана, былога гульца УЛАФ, які арганізуе ў Польшчы дабрачынныя матчы і дапамагае ўкраінскім бежанцам усімі магчымымі спосабамі, запрасілі ў Мюнхен на выязны матч НФЛ, дзе «Тампа-Бэй» гуляў супраць «Сіэтла». У перапынку ўкраiнцаў сустрэлі апладысментамі на стадыёне, а дыктар адзначыў «неверагодную смеласць» іх мужчын і ўсіх гульцоў УЛАФ, якія пайшлі са зброяй абараняць Украіну.

Ганна і Анастасія пасля матчу сустрэліся з Томам Брэдзі – звышзоркай амерыканскага футбола, тамтэйшага Месі і Раналду ў адной асобе.

Сам квотэрбек запісаў для іх мужчын зварот: «Я дасылаю вам усю сваю падтрымку і хачц сказаць, якая ў вас цудоўная сям“я. Я меў нагоду пазнаёміцца з вашымі жонкамі і дзяцьмі пасля гульні ў Мюнхене, гэта быў незабыўны момант. Спадзяюся, наступным разам вы абодва таксама будзеце побач. Я чуў, што вы мае фанаты, але я хачу сказаць, што гэта пачуццё ўзаемна – я ваш гарачы фанат, я надзвычай шаную тое, як вы ахвяруеце ўсім. Вы сапраўдныя героі! Змагайцеся і беражыце сябе».

Напрыканцы аўтары таксама ўшанавалі памяць загінулых на вайне гульцоў у амерыканскі футбол. Наймаладзейшаму было толькі 19 гадоў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты