Зборная Беларусі выйшла на Еўра ад УЕФА, але дэ-факта каманду не чакаюць на турніры – удзел нават забаронены законам

Вось якія тут могуць быць варыянты.

Аўтар — Alex Zagorski
1
Зборная Беларусі выйшла на Еўра ад УЕФА, але дэ-факта каманду не чакаюць на турніры – удзел нават забаронены законам

Зборная Беларусі па футболе ніколі не выходзіла на топ-турніры, а вось каманды па іншых разнавіднасцях гульні, якія культывуюцца УЕФА і ФІФА, могуць больш. У пляжным футболе беларуская зборная ўжо ў траўні паўдзельнічае ў чарговым для сябе ЧС, а ў мінулым дайшла да паўфіналу.

А 11 красавіка дасягнула поспеху зборная Беларусі па футзале – дзякуючы мінімальнай перамозе над італьянцамі (2:1) за тур да канца кваліфікацыі забяспечыла сябе першае месца у адборачнай групе, а значыць, выйшла на чэмпіянат Еўропе.

Пасля вырашальнага матча узрадаваныя гульцы пазіравалі з банерам з надпісам «Пабачымся ў Латвіі і Літве». Менавіта там запланавана Еўра-2026 – вось толькі ў гэтых краінах беларускія каманды зусім не чакаюць, больш за тое, ёсць закон, які наўпрост забараняе іх удзел. Распавядаем, якія могуць быць варыянты ў такой сітуацыі, а таксама наколькі Еўра – крутое дасягненне для беларускай зборнай.

Гэта ўсяго другі выхад на Еўра – у першы раз там атрымалі балючы разнос

У цяперашнім адборы паводле рэйтынгу FIFA Беларусь (30-е месца) была трэцяй камандай квартэту: ніжэй за Італію (16), Фінляндыю (24) і вышэй за Мальту (111). Прамы выхад на Еўра, які давала першае месца, прадказвалі італьянцам. Але з лідарам на паперы Беларусь у першым матчы згуляла ўнічыю (2:2), а ў другім, застаючыся відавочным аўтсайдарам у букмекераў, як ужо сказана, выйграла. Дарэчы, чарговым «домам» для беларускай каманды цяпер стала Мальта – у гасцях у зборнай гэтай краіны 16 красавіка сканчваць адбор, дамовiлiся, так бы мовiць, два разы не лётаць. У першай сустрэчы з мальтыйцамі беларуская каманда выйграла 5:0, правёўшы матч на італьянскім востраве Сіцылія (гулялі адразу пасля згаданай нічыёй у суседнім горадзе).

Advertisment

Яшчэ былі дзве перамогі над Фінляндыяй (3:0 і 3:1). Абедзве гэтыя сустрэчы прайшлі ў венгерскім Будапешце – фінскі бок не пажадаў прымаць у сябе каманду пад лукашэнкаўскім сцягам, які не забаронены УЕФА і ФІФА. Носьбітам такой сімволікі прадстаўнікі Фінляндыі таксама адмовіліся паціскаць рукі.

Цяперашні выхад на Еўра – другі ў гісторыі зборнай Беларусі. Першы быў на ЧЕ-2010. Тады турніры праводзіліся кожныя два гады, а на іх выходзілі 12 каманд (цяпер 16). У адборы Беларусь таксама гуляла з Італіяй і саступіла, але выйграла ў Грузіі і Літвы, дзякуючы чаму стала адной з найлепшых «другіх» каманд і трапіла на Еўра. Дарэчы, адбор праходзіў у адзін круг у адным месцы – у літоўскім Каўнасе. Тады праблемы з допускам (пра перспектыву якіх ніжэй) закранулі толькі аднаго гульца – памежны кантроль па неўказаных прычынах не прайшоў Сяргей Падалінскі, які зараз трэніруе ў Францыі.

Групы на самым Еўра ў Венгрыі складаліся з трох каманд, у плэй-оф выходзілі па дзве. Беларусі трапіліся пірэнейскія супернікі. Першы матч быў з Іспаніяй – і атрымаліся балючыя 1:9. З Партугаліяй было весялей – супернікі вялі 2:0, потым беларуская каманда забіла чатыры мячы запар (першым вызначыўся цяперашні галоўны трэнер зборнай Аляксандр Чэрнік), затым тройчы прапусціла, але за тры секунды да канца зарабіла 10-метровы, з якога ўстанавіла канчатковы лік 5:5.

Але з такім раскладам Партугаліі ўсё роўна было дастаткова прайграць Іспаніі менш, чым у восем мячоў. Справілася – атрымала 1:6. На гэтым шлях Беларусі на турніры скончыўся, а партугальцы затым прабіліся ў фінал, дзе ўступілі ўсё тым жа іспанцам, але ўжо куды менш – 2:4.

Цяперашнi склад Беларусi – два гульцы ад расiйскiх камуністаў (адзiн натуралiзаваны з Украiны) і падпісант за дыктатуру

Афіцыйныя матчы беларуская каманда праз санкцыi гуляе па-за межамі краіны. На таварняках залы не поўныя – апошні прыклад быў у красавіку 2024-га, тады на два матчы з Туркменістанам прыйшлі 620 (у Магілёве) і 430 (у Мінску). Таксама памятна, як на яшчэ афіцыйны матч у 2021-м і «таварнякi» з Расiяй у 2023-м завітвалі арганізаваныя групы носьбітаў формы.

Склад зборнай Беларусі, што цяпер абышоў Італію, амаль цалкам складаецца з футбалістаў унутранага чэмпіянату. Ёсць толькi два легiянера – Сяргей Крыкун і Дзмітрый Швядко выступаюць у камандзе камунiстычнай партыi Расii. Так, клуб пад назвай КПРФ – адзiн са старажылаў тамтэйшага Д1. Сама партыя быццам бы апазiцыйная, але па факце прапуцiнская ды праваенная, а шматгадовы кіраўнік Генадзь Зюганаў у сваіх выказваннях неаднаразова рабіў нападкі на суверэнітэт Літвы, Латвіі і ўвогуле ўсіх краін былога СССР – прагне «рэстаўрацыі».

Крыкун да таго ж – ураджэнец Украiны, нават гуляў за яе моладзевую зборную. Атрымаў беларускі пашпарт у другой палове 2010-х. Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага нападу быў заўважаны ў трансляцыі прарасійскіх месенджаў.

У лістападзе 2022 года Крыкун з КПРФ праводзіў «майстар-клас» для гасцей – выхаванцаў ДЮСШ з роднай для міні-футбаліста Горлаўкі, горада Данецкай вобласцi Украiны, якi з 2014-га занялі сепаратысты так званай «ДНР», а цяпер акупавала непасрэдна Расiя. Дзеці атрымалі наборы з прасавецкай сімволікай КПРФ у якасці «падарунка».

Ёсць у цяперашняй зборнай Беларусі па футзале і падпісант за Лукашэнку – брамнік Арцём Петухоў. У лісце у падтрымку дыктатуры ён засвяцiўся ў час выступлення за МФК «Мінск», хоць пазней некаторыя са спісу з каманды абвяргалі, што нешта падпiсвалi.

У Латвіі і Лiтве зборную Беларусi зусiм не чакаюць – ёсць i забарона на заканадаўчым узроўне

Чэмпіянат Еўропы 2026 года – першы, якi прымуць дзве краіны, раней турнiры ладзіліся толькі ў адной дзяржаве. Таксама што для Латвіі, што для Літвы ўпершыню прымаць фінальны турнір зборных пад эгідай УЕФА. А яшчэ ў абедзвюх краінах увогуле не рады зборным Беларусі.

У Латвii з 2024 года дзейнічаюць папраўкі ў «Законе аб спорце», якія забараняюць мясцовым камандам гуляць супраць зборных Беларусі і Расіі – а таксама праводзіць на тэрыторыі Латвіі любыя спаборніцтвы з удзелам зборных указаных краiн у любым статусе. Так у Латвіі спрабуюць не дазволіць РФ легітымізаваць свае ваенныя злачынствы праз спартыўную індустрыю – таксама выказалі салідарнасць з Украінай у яе змаганні супраць Расii.

– Калі лёсаванне прымусіць зборную Латвіі гуляць з Расіяй або Беларуссю, то міжнародным спартыўным арганізацыям давядзецца паважаць латвійскае заканадаўства, – таксама тлумачыў папраўкі дэпутат сойма Латвіі Давіс Даўгавіеціс.

Такім чынам, пры лёсаванні ЧЕ-2026 УЕФА ўжо як мінімум трэба развесці зборныя Беларусі і Латвіі і арганізаваць усе матчы беларусаў у Літве. Там няма наўпроставай забароны, як у суседзяў. Але, па першае, ёсць прававы акт, якi забараняе выкарыстоўваць на спаборнiцтвы з удзелам беларусаў ды расiян грошы, якiя выдзяляюць ад дзяржавы на конкурснай аснове. Па-другое, ёсць рэкамендацыя мiнспорту – адмаўляцца ад удзелу ў турнiрах з прадстаўнiкамi Беларусi ды Расii ды не дазваляць iх удзелу ў спаборнiцтвах на тэрыторыi Лiтвы.

Лiтоўскiя каманды з розных вiдаў футболу, дарэчы, трымаюцца ўказаных рэкамендацый. У 2023 годзе падчас адбору на чэмпіянат свету футзальная зборная Літвы не стала прымаць беларусаў на сваёй тэрыторыі – дзве гульні з прадстаўнікамі нашай краіны прайшлі ў Ерэване.

У плэй-аўт Лігі нацый у канцы 2023-га зборная Літвы па футболе шукала магчымасці ўвогуле не гуляць з беларускімі супернікамі – у выніку каманды развяло падаўжэнне бана Расіі.

Але былі і прамыя адмовы ад гульняў. У мінулым траўні жаночая зборная Літвы па фуболе адмовілася гуляць з беларускамі ў Лізе нацый і атрымала два «тэхнары». А ў кастрычніку 2024-га зборная Літвы па пляжным футболе не выйшла на матч з Беларуссю ў 1/8 еўрапейскай кваліфікацыі на ЧС. Тады кіраўнік літоўскай федэрацыі футбола Эдгарас Станкявічус заявіў, што «каштоўнасці ў гэтым выпадку вышэй за спорт».

Яшчэ адна праблема – на ЧЕ-2026 таксама ўжо кваліфікавалася зборная Украіны. Каманда з гэтай краіны па пляжным футболе ў аналагічнай сітуацыі была вымушана зняцца з мінулага ЧС – украінцам па законе нельга удзельнічаць у адных спаборніцтвах з прадстаўнікамі Беларусі і Расіі, калі яны без нейтральнага статусу (а тут беларуская каманда з усёй дзяржсімволікай).

Цяпер УЕФА давядзецца вырашаць гэтую задачу. Варыянтаў тут няшмат - ці здымаць Беларусь, ці прагiнаць улады Літвы і Латвіі адмовiцца ад рэкамендацый і законаў на адзін турнір, або пераносіць турнір у іншае месца. Першы варыянт – гэта наўрад ці, а вось другі спрацуе ці трэці – мы прадказваць не бярэмся.