Усе навіны

Герасіменя пра ўдзел у SOS.BY: «Кожны раз, выходзячы з кватэры, я адчувала страх, што магу вельмі доўга не ўбачыць сваёй дачкі»

17 студзеня 2023, 09:40

Экс-старшыня Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя расказала пра наступствы ўдзелу ў Свабодным аб’яднанні спартсменаў Беларусi (SOS.BY).

– Усё пачалося з ліста спартсменаў супраць гвалту і за сумленныя выбары, якое падпісалі і вы. Колькі там усяго было подпісаў?

– Подпісаў было больш за дзве тысячы. Спартсмены, трэнеры, суддзі, спартыўныя журналісты, масажысты і гэтак далей. Уся спартыўная галіна была пададзена ў гэтых подпісах. Потым з'явілася з'яднанне вольных спартсменаў, і ў нас пачалося партызанскае жыццё. Вызначылася кола людзей, гатовых у гэтым браць удзел. Я памятаю, як мы збіраліся на першую сустрэчу – позны вечар, званкі з зашыфраванымі паведамленнямі, канспірацыя. Потам здымкі нашых відэазваротаў – трэба было сабрацца ціха, з'ехацца з розных канцоў горада, паспець да таго, як нас засякуць. Прытым трэба было арганізаваць усё так, каб адна група прыехала і з'ехала, за ёй другая, за другой трэцяя і гэтак далей. Нас было шмат, і відэазвароты запісвалі рознымі групамі.

– А вы тады разумелі, што гэта можа дрэнна для вас скончыцца?

– Я разумела, што вельмі рызыкую, што ў кожны момант могуць пасадзіць. Дзіцяці яшчэ не было двух гадоў, і кожны раз, выходзячы з хаты і папрасіўшы некага з родных ці сяброў пасядзець з дачкой, я больш за ўсё баялася, што вось цяпер мяне арыштуюць, і я не вярнуся дадому. І што тады з ёй будзе? Я разумела, што яе не кінуць, але страх таго, што я магу больш не ўбачыць сваёй дачкі вельмі доўга, я адчувала штораз, адкрываючы дзверы і выходзячы з кватэры.

– Калі для вас празвінеў «апошні званок»?

– Усё пачыналася паступова. Я разумела, на што іду, але, канечне, спадзявалася, што сітуацыя ў краіне зменіцца дзякуючы агульным намаганням беларусаў. Але надзея паступова раставала, а 1 верасня шмат якія школы, дзе я арандавала дарожкі ў басейнах для свайго клуба, паведамілі мне, што не падаўжаюць дамоў арэнды. Верасень – якраз той самы час, калі пачынаюцца не толькі заняткі, але і праца спартыўных секцый.

Прытым ніхто не сказаў праўды. У адной школе спаслаліся на каранавірус – маўляў, пандэмія, таму мы басейн зачыняем, прыходзьце пасля пандэміі. Праз тыдзень я зайшла ў той басейн па сваіх справах, гляджу – усе плаваюць, праца кіпіць. Усе, акрамя майго клуба. Каранавірус настолькі выбарчы? Канечне, я была страшна злая.

Ну скажы ты праўду: у мяне ёсць дырэктыва, тэлефанаграма, загад дырэктара, званок з кіравання, і цябе хрэн сюды некалі пусцяць. Але мне казалі: прыходзь праз месяц, там паглядзім, – ведаючы, што ўжо ўсё, забарона канчатковая.

Потым я нарэшце зразумела, што з клубам ужо ўсё скончана. Потым маё дзіця не ўзялі ў дзіцячы сад, хоць абяцалі. І якраз у той момант мне патэлефанавалі і прапанавалі ўзначаліць Фонд спартыўнай салідарнасці. І я зразумела: гэта якраз тое, што мне патрэбна зараз. Нашыя партызанскія акцыі былі вельмі прыгожыя, але да кастрычніка стала зразумела, што гэта ўжо ні на што не ўплывае і трэба рабіць нешта новае. І я літаральна за тыдзень сабралася і з'ехала. З той пары дома не была. Ды і дом ўжо адабралі, – сказала Герасіменя.