Усе навіны

Аляксандра Герасіменя: «Праблема МАК у наяўнасці шаблонаў. А тое, што некаторыя нормы даўно састарэлі, нікога не хвалюе»

4 лютага 2023, 08:34

Алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя ў аўтарскай калонцы для «Зеркала» выказалася пра праблемы МАК.

«Наогул цікава, як у МАК тлумачаць Алімпійскую хартыю. Яны шмат кажуць аб роўнасці, справядлівасці. Кожны, маўляў, мае магчымасць трэніравацца і выступаць. Але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Мы ведаем пра разбурэнне спартыўных аб’ектаў ва Украіне, не кажучы пра тое, што частка спартсменаў пайшлі ваяваць. Якія тут трэніроўкі?

МАК спрабуе ўбудаваць «роўнасць» у цяперашнія рэаліі. Як Еўропа спачатку рэагавала на расійскую агрэсію? Мы нібы за мір, але падтрымліваць Украіну не будзем – нападнік усё роўна пераможа. Навошта ўмешвацца, псаваць адносіны? Чым далей ішло, тым страшней учыняліся злачынствы. Толькі праз час да Украіны сталі ставіцца лаяльней. Але якім коштам? Гэтая гульня лёсамі людзей дзеля сваёй выгады. Жаданне застацца ў боку. І цяпер я бачу такое маладушша, падмену паняццяў. Мы ўжо «толькі» спартсмены і за мір ва ўсім свеце.

Спорт не па-за палітыкай у прынцыпе. І, асабліва – у дыктатарскіх краінах. Мне, дарэчы, незразумела: калі на працоўных, бізнэс накладзеныя санкцыі, то чым адрозніваецца спартыўная галіна? Хіба спартсмены – не грамадзяне сваёй краіны? Асобная каста? Дзіўна, чаму такі падзел.

Лічу, праблема МАК у наяўнасці шаблонаў. Растлумачу, што маю на ўвазе. У Фонду спартыўнай салідарнасці былі выпадкі камунікацыі з міжнароднымі арганізацыямі пасля выбараў у Беларусі ў 2020-м. Цябе быццам разумеюць па-чалавечы. Але яны – закладнікі тых правілаў, якія прынятыя. Ніхто не будзе выходзіць за межы паўнамоцтваў. А тое, што некаторыя нормы даўно састарэлі, нікога не хвалюе.

Памятаеце, МАК наклаў санкцыі на беларускі НАК у сувязі з дыскрымінацыяй спартсменаў? Лукашэнку прымусілі сысці, памяняўся склад выканкама. Але самі атлеты, якія пацярпелі з-за сваёй пазіцыі, засталіся ні з чым. Аб іх МАК не паклапаціўся – ніхто, напрыклад, не дапамагаў адабрацца на гульні ў Токіа. Увялі санкцыі – і кропка.

Разумею, што тым ці іншым чынам спартсмены з краін з дыктатарскімі рэжымамі могуць сутыкацца з парушэннем правоў. Але раз вы «міжнародны» камітэт, то ўключайцеся, разбірайцеся. З сучаснымі тэхналогіямі ўсё навідавоку.

Затое МАК напэўна хвалюе рэпутацыя, грамадскую думку. Успомніце былога кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазеля. Ён прыязджаў у Мінск, абдымаўся з Лукашэнкам. Але грамадскасць, спонсары, розныя кампаніі абурыліся – і Мінск пазбавілі чэмпіянату свету. Тое ж самае можа адбыцца і цяпер», - напісала Герасіменя.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.