Усе навіны

Беларускі паралімпіец: «Талай як кіраўнік паралімпізму невыгодны дзяржаве, у якой браў бы грошы. Чаму ён так падтрымлівае рэжым – загадка, раней распавядаў, як выбіваў дапамогу»

5 лютага 2023, 15:19

Чалавек з групай інваліднасці і вялікім досведам у паралімпійскім спорце ананімна выказаўся Tribuna.com наконт параплыўца Аляксея Талая.

У студзені вылучэнне параплыўца на пасаду кіраўніка Паралімпійскага камітэта Беларусі не падтрымалі выбаршчыкі. Кіраўніком арганізацыі стаў Алег Шэпель, які займае гэту пасаду ўжо больш за 20 гадоў.

– Чаму ж Талая не падтрымалі?

– Як я ўжо сказаў, БелТІЗ фінансава падтрымлівае камітэт. І там, і тамака кіраўніком з’яўляецца адзін чалавек. Грошы ў дзяржавы прасіць не трэба. Калі б Талая абралі старшынёй камітэта, то адкуль ён браў грошы? Правільна, з дзяржаўнага бюджэту. Так што дзяржаве больш выгадна, каб Шэпель заставаўся на сваім месцы ў камітэце.

– Як у паралімпійскім свеце Беларусі ставяцца да Талая?

– Не магу сказаць, таму што людзі цяпер зачыніліся, не вельмі разважаюць пра яго нават паміж сабой. Я сам з ім не сутыкаўся, а тыя, хто перасякаўся з Талаем, не гараць жаданнем яго абмяркоўваць.

Цікава, што Талай сябе называе матыватарам, праводзіць розныя сустрэчы – але нас, інвалідаў, ні разу не запрашалі на гэтыя сустрэчы. Для каго яны тады?

– Якое ў вас стаўленне да Талая, хай вы і не перасякаліся?

– Якое ў мяне можа быць стаўленне да чалавека, які так заўзята падтрымлівае рэжым у Беларусі і вайну ва Украіне? Я за Украіну, і гэтым усё сказана.

– Па-вашаму, чаму ён так сябе паводзіць?

– Для мяне гэта загадка. Чалавек атрымаў інваліднасць, шмат расказваў, што сам змагаўся за свае правы ў Беларусі, сам выбіваў дапамогу, а зараз так падтрымлівае рэжым. Я не разумею, навошта ён так гаворыць. Магчыма, баіцца, што калі скажа нешта супраць, то ягоны фонд зачыняць, будуць яшчэ нейкія наступствы. Зрэшты, мне здаецца, ім рухаюць не толькі меркантыльныя моманты, але і вера ў тое, што ён кажа, у свае ідэі, - сказаў суразмоўца Tribuna.com.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.