Усе навіны

Герасіменя падтрымала Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі

17 траўня, 10:53

Прызёрка Алімпійскіх гульняў па плаванні Аляксандра Герасіменя падтрымала Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі, які праваабарончы цэнтр «Вясна» аб'явіў 21 траўня.

«Праваабарончы цэнтр «Вясна» вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Крымінальная справа па факце яго смерці да гэтага часу не ўзбуджаная, а сітуацыя з палітычнымі зняволенымі за гэты час значна пагоршылася.

Летась тэмай Дня палітвязняў была жоўтая бірка – спецыяльная метка ў калоніях, пра якую ўпершыню ў лісце распавёў Вітольд. Сёлета праваабаронцы тэмай Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі прапануюць ліст і права на ліставанне, якога беларускія ўлады пазбавілі сотні палітычных зняволеных. «Вясна» заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да іх праблемаў і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў вызвалення ўсіх палітзняволеных», – напісала Герасіменя.