Аляксандра Герасіменя: «Муж называў ведзьмай, калі чагосьці не мог знайсці»
Беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя расказала, што любіць парадак.
– Адчуваю тваю цеплыню. Добра, што – сонца. Бо сёння дзень сонцавароту. Купалле. А мы ўсе праспалі самую кароткую ноч.
– Вось яно што! А я думаю, чаго мне не хапіла! Ужо два дні прачынаюся а палове шостай і не разумею, што такое, бо хачу ж спаць, але – абуджаюся.
– Што сніла сёння?
– Я не запамінаю сны.
– Кажуць, Купалле – гэта сутыкненне агню і вады. Ты – агонь?
– Не-е. Я зямля.
– Алімпійская віцэ-чэмпіёнка ў плаванні прызнаецца нам, што яна зямля? Не можа быць…
– Можа. Я зямля, я так адчуваю, мне трэба цвёрда стаяць на нагах, я практычная, і мне трэба ўсё кантраляваць. Не вельмі люблю так – хоп, і нешта змянілася. Хоць у маім жыцці апошнія тры гады гэта акурат так і адбываецца.
А ваду я проста люблю. Яна мяне сілкуе, яна дае эмоцыі і добры настрой. Агонь жа хіба для таго патрэбны, каб трошкі падсушыць, калі ўжо вады замнога. Такое ўзаемадзеянне.
– Я думаю, што ты трошкі ведзьма…
– Ну мяне так абзывалі, бо я рыжая, і яшчэ гэтыя вяснушкі вылазяць, калі на сонейку доўга бываю.
Муж мяне так называў, калі чагосьці не мог знайсці. А я такая: ну вось жа, ну вось жа яно. Ну, кажа, ты і ведзьма! Але гэта не таму, што мне прадметы падпарадкоўваюцца, а таму, што люблю парадак. Кажу ж: я зямля, і не люблю, каб штосьці рушылася хаатычна, – сказала Герасіменя.