Скандынаўская федэрацыя плавання накіравала ў World Aquatics ліст з крытыкай допуску беларусаў і расіян
Скандынаўская федэрацыя плавання накіравала ў Міжнародную федэрацыю водных відаў спорту (World Aquatics) ліст з крытыкай лістападаўскіх змен правіл допуску да ЧС па плаванні на кароткай вадзе, якія дазволілі прыняць удзел беларусам і расіянам.
Першапачатковы кваліфікацыйны перыяд працягваўся з 23 ліпеня па 17 лістапада, але ён быў працягнуты да 26 лістапада.
На ЧС, які праходзіць у Будапешце з 10 па 15 снежня ўдзельнічаюць 5 беларускіх і 28 расійскіх спартсменаў у нейтральным статусе. У лік беларусаў уваходзяць Ілля Шымановіч, Рыгор Пякарскі, Анастасія Шкурдай, Анастасія Куляшова і Аліна Змушка.
«Скандынаўская федэрацыя плавання, у якую таксама ўваходзяць краіны Балтыі, накіравала ліст непасрэдна прэзідэнту WA [Хусейну Аль-Мусаламу], а таксама членам праўлення і дырэктару. У лісце мы падвяргаем крытыцы гэты працэс.
Мы хочам, каб на ліст адрэагавалі ў арганізацыі, перш чым мы надамо яго агалосцы, але, калі сцісла, мы вельмі крытычна ставімся да таго, як WA вырашае гэтае пытанне.
18 лістапада былі прыняты новыя правілы. Дзякуючы ім допуск можа атрымаць вялікая група расіян, якія выступаюць за клубы, якія падтрымліваюцца войскам і паліцыяй, і могуць таксама разглядацца як так званыя «нейтральныя спартсмены».
Федэрацыі не былі праінфармаваныя пра гэтае рашэнне, і мы даведаліся пра гэта толькі праз тыдзень з артыкула навін у інтэрнэце. Празрыстасць цалкам адсутнічае. Мы ставімся да гэтага вельмі крытычна.
17 лістапада было крайнім тэрмінам для праходжання кваліфікацыі на чэмпіянат свету. Тым не менш WA дала расійскім і беларускім спартсменам час, каб прайсці адбор пасля (!) дэдлайну. У іншых краін не было такой магчымасці», – пракаментавала прэзідэнтка Федэрацыі плавання Нарвегіі Ката Братбак.