Трэнер па плаванні Ясяновіч: «У Беларусі сёння ўвогуле нельга ўспамінаць прозвішча Герасімені, хаця яна самая паспяховая беларуска ў гэтым відзе спорту»
Экс-трэнерка беларускай плыўчыхі Насты Шкурдай Вольга Ясяновіч у інтэрв'ю блогу «Люди» падзялілася меркаваннем наконт развіцця спорту ў Беларусі.
— Вы казалі ў 2022-м: «У цяперашняй сістэме мне не ўдавалася сканцэнтравацца менавіта на працы са спартсменамі – даводзілася вырашаць шмат іншых пытанняў, якія павінны рэгуляваць чыноўнікі». І яшчэ вашыя словы ў іншым інтэрв'ю: «Праблема ў тым, што ў Беларусі людзям з сістэмы, можа, і патрэбны вынік, толькі яны не зусім да канца разумеюць, што для гэтага трэба зрабіць». Прывядзеце прыклад неразумення?
— Глядзіце: Шкурдай патрапіла ў фінал Алімпіяды ў Токіо, была перад гэтым пераможцай і прызёркай чэмпіянатаў Еўропы. Мусіць, не апошняя спартоўка? Абмяркоўваем потым з федэрацыяй умовы падрыхтоўкі, зборы. Жадаецца бо прагрэсаваць пасля восьмага месца на Гульнях! Нас адпраўляюць на вядомую з часоў СССР армянскую базу ў Цахкаглядзе. Умовы для трэніровак там нядрэнныя, а вось з харчаваннем, пра што вам скажуць не толькі плыўцы, але і ўмоўныя біятланісты, увесь час былі пытанні. Думаю, значны працэнт выніку спартсмена залежыць ад харчавання. Значыць, мне здавалася, больш лагічна шукаць іншыя варыянты збораў. Але спартовае кіраўніцтва мяне не чула ці прапаноўвала рыхтаваць індывідуальны план, а тамака, магчыма, калі павязе… Часам было пачуццё, што вынік патрэбен толькі атлету і трэнеру, а я марную энергію на дужанне за самыя элементарныя рэчы.
— Сустракаліся за час вашай працы чыноўнікі, хто быў сапраўды зацікаўлены ў развіцці спорту?
— Былы дырэктар брэсцкага Цэнтра алімпійскага рэзерву па водных відах спорту Юрый Кучарук. Ён заўсёды хацеў шчыра дапамагчы і хварэў на спорт. Мой рост і вынікі як трэнера былі шмат у чым звязаныя з ягонай падтрымкай.
— А што скажаце пра цяперашняга міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука?
— Мы амаль не знаёмыя. І я не хачу пераходзіць на асобы. Толькі скажу, што пасля пераезду ў ЗША з нейкіх інтэрв'ю даведалася, што ў Мінспорту мяне пазбавілі бонуса за вынікі Шкурдай – як яе першага трэнера. Маўляў, я нібыта не вельмі добра выказвалася пра беларускі спорт. Абыдуся без каментароў – толькі лічу, што жаданне палепшыць не роўна крытыцы. Мне ўвогуле не патрэбныя бонусы. Хай гэтыя грошы пойдуць дзіцячай хаце ці на наша плаванне – буду толькі радая.
Мы з вамі размаўлялі пра культ спорту ў ЗША. Гэта ўсё закладваецца гадамі. Дзеці растуць на гісторыі і дасягненнях папярэднікаў. Ім важна бачыць і чуць куміраў. А ў нашым плаванні сёння, мусіць, наогул нельга ўспамінаць прозвішча Герасімені, хоць яно самая паспяховая беларуска ў гэтым відзе спорту. Не чула, каб была асабліва запатрабавана і наша найвядомая трэнер Алена Клімава, якая выхавала Герасіменю і Хахлову. Хаця ў чалавека каласальны вопыт і веды. Вось гэта засмучае. Мы не шануем людзей і сваю гісторыю. Незалежна ад поглядаў чалавека нельга рабіць выгляд, што яго не існавала і ён не прынёс краіне славу», – сказала Ясяновіч.