Алімпійскі чэмпіён з Італіі спаў ля лаўкі ў парку – усё праз невыносныя ўмовы ў алімпійскай вёсцы
Кажа, што ў Токіа было лепей.
Пераможца заплыву на 100 метраў на спіне сярод мужчын і бронзавы прызёр у складзе эстафеты 4 па 100 вольным стылем Томас Чэкан быў заўважаны ў парыжскім парку, дзе ён утульна ўладкаваўся на зямлі ля лаўкі і задрамаў.
Сфатаграфаваў італьянскага плыўца Хусэйн Алірэза, які прадстаўляе Саудаўскую Аравію ў акадэмічным веславанні. Наогул, Томас дасягнуў такой стадыі, што лепш спаць на вуліцы, чым у алімпійскай вёсцы. Праўда, застаецца незразумелым, калі зробленая гэтая фатаграфія: да вылету зборнай Італіі з выступу ў 4 па 100 комплексным стылем ці ўжо пасля.
«У вёсцы няма кандыцыянераў, горача, ежа дрэнная, – апісвае спартсмен. – Многія атлеты з'ехалі з гэтай прычыны. Гэта не апраўданне, а рэальнасць, якую, магчыма, ведаюць не ўсе. Звычайна, калі я дома, я заўсёды сплю днём. А ў вёсцы зрабіць гэта немагчыма». Аднак насуперак гэтаму Чэкан змог прынесці Італіі золата ў плаванні.
Таксама Чэкан параўнаў арганізацыю спаборніцтваў у Токіа і Парыжы, і высновы не на карысць апошняга: «Да таго ж тут «павольны» басейн. Усё гэта крыху вымотвае. У 2021 годзе ўсё было зроблена значна лепей, складана пераўзысці японцаў у гэтым». У Токіа Томас атрымаў срэбра ў заплыве 4 па 100 метраў вольным стылем і бронзу 4 па 100 метраў компексам.
Насамрэч вялікая колькасць удзельнікаў спаборніцтваў вырашыла спыніцца па-за межамі алімпійскай вёскі. Напрыклад, зборныя ЗША і Грэцыі па баскетболе пасяліліся ў гатэлях. Украінец Міхаіл Кохан, новаспечаны бронзавы прызёр па кіданні молата, таксама выказваў свае думкі наконт умоў пражывання: «У пакоі было горача, таму я вырашыў спаць на балконе і вынес туды ложак. Было вельмі зручна. Адзінае, калі пайшоў дождж, прыйшлося аднесці яго назад, бо было дастаткова шмат вады, у тым ліку на балконе. Ну а потым вынеслі яго зноў».